Экс-начальнік Генштаба Малдовы зліваў сакрэтную інфармацыю сваім куратарам з ГРУ Расіі
Ігар Горган рэгулярна дакладваў пра ўнутраную палітычную абстаноўку ў Малдове.
05.06.2024 / 13:31
Ігар Горган. The Insider
The Insider атрымаў доступ да перапіскі ў тэлеграме экс-начальніка Генштаба Малдовы Ігара Горгана з яго куратарам з ГРУ Расіі палкоўнікам Аляксеем Макаравым — Горган рэгулярна дакладваў аб унутранай палітычнай абстаноўцы ў Рэспубліцы. Больш за тое, ён перадаваў звесткі аб візітах прадстаўнікоў Мінабароны Украіны, якія закуплялі вайсковую тэхніку і снарады для сваіх Узброеных сіл.
«Малдаўскі сувязны» працаваў у Генштабе да канца 2021 года, пакуль новы прэзідэнт Мая Санду не адправіла яго ў адстаўку. А напярэдадні масавай высылкі з Малдовы расійскіх дыпламатаў-шпіёнаў у ліпені 2023 года ён уладкаваўся на працу ў ААН. Карыстаючыся сваімі старымі сувязямі ў Мінабароны Малдовы, Горган застаецца важным інфарматарам ГРУ.
Ігар Горган і Аляксей Макараў пачалі асабліва актыўна кантактаваць у красавіку 2022 года, гэта значыць ужо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Канфідэнцыйныя сустрэчы ў асноўным праходзілі ў кішынёўскіх кафэ альбо на рыбалцы: «Я магу сустрэцца з кім заўгодна, я чалавек дзеяння, трэба рухацца наперад хутчэй!!! Трэба паехаць на рыбалку і ўсё абгаварыць! Мы жывем у гістарычныя часы! І нам рабіць гэтую гісторыю!» — абвяшчае адзін з лістоў малдаўскага генерала.
Мяркуючы па гэтых паведамленнях, ГРУ асабліва цікавіла, якое ўзбраенне Кіеў закупляе ў суседніх краінах, у тым ліку ў Малдове.
Генерал Горган тут жа дакладвае: «Украінскі Украбаронэкспарт спрабуе ў Малдовы выкупіць (або забраць пры дапамозе» партнёраў») 6 МіГ-29, якія знаходзяцца ў Маркулештах. Вельмі моцна настойваюць… Пакуль самалёты на месцы. Аперацыю хочуць «пракруціць» праз падстаўную фірму з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў найбліжэйшым часам».
У той жа дзень яшчэ адно паведамленне: «Чыгуначныя саставы з гаручым ідуць з тэрыторыі Малдовы, а менавіта з сяла Ётулія — у населены пункт Украіны Рэні. Склад з палівам рухаецца толькі ноччу, днём стаіць на месцы, каб не стаць мішэнню ВКС РФ».
«Дзякуй», — адказвае палкоўнік Макараў.
Чарговае пасланне куратару не прымусіла сябе доўга чакаць: «Украінцы ўжо 3 тыдні ходзяць па нашым Міністэрстве абароны і просяць усё запар, асабліва снарады да артылерыі».
Не давалі спакою агенту Горгану і пастаўкі ўзбраенняў ва Украіну праз Румынію, і ён дае парады палкоўніку Макараву: «Трэба хутчэй перакрыць мяжу з Румыніяй! Гэта вялікая дзірка! Адтуль вельмі шмат грузаў паступае ва Украіну. Асабліва ваенных грузаў! У румын яшчэ працуюць некаторыя ваенныя заводы па вытворчасці ўзбраення і боепрыпасаў».
Агент Горган
Біяграфія агента Горгана вельмі тыповая для афіцэра Савецкай Арміі. Ён нарадзіўся ў 1969 годзе ў малдаўскіх Дубасарах. Пасля тэрміновай службы паступіў у агульнавайсковае вышэйшае ваеннае вучылішча ў Новасібірску, якое скончыў у 1991 годзе. Вярнуўшыся ўжо ў незалежную Малдову, Горган спачатку служыў у паветрана-дэсантнай дывізіі ў Адэскай вобласці, а затым — камандзірам 2-й мотапяхотнай брыгады ў Кішынёве.
У 2001 годзе перспектыўнага афіцэра адправілі на вучобу ў каледж камандавання і Генеральнага штаба арміі ЗША ў Форт-Лівенворце. З 2003 года ён удзельнічаў у міжнародных місіях НАТА ў Босніі і Герцагавіне, Грузіі і Іраку.
У 2013 годзе генерал заняў пасаду начальніка Генеральнага штаба Малдовы, але ў выніку канфлікту з тагачасным міністрам абароны Анатолем Шалары яму давялося пакінуць вайсковае ведамства. У 2019 годзе пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах стаўленіка Масквы Ігара Дадона Горган зноў узначаліў Генштаб. У гэтым крэсле ён прасядзеў да верасня 2021 года, пакуль новы прэзідэнт Мая Санду не адправіла яго ў адстаўку.
Між тым, у Міністэрстве абароны Малдовы засталося нямала стаўленікаў Горгана, якія забяспечваюць яго сакрэтнай інфармацыяй.
Куратары з ГРУ
Калі менавіта Горган выйшаў на прадстаўніка ГРУ і прапанаваў свае паслугі, высветліць не ўдалося. Крыніца The Insider у вайсковай разведцы выказала здагадку, што, хутчэй за ўсё, актыўныя кантакты пачаліся ў 2004 годзе, калі Горган служыў у місіі NATO. Прынамсі вядома, што да палкоўніка Макарава ён знаходзіўся ў агентурнай сувязі з расійскім вайсковым аташэ ў Кішынёве Вадзімам Ухналёвым.
Да Малдовы гэрэушнік шпіёніў у Літве, але «там ён дзесьці накасячыў, і яго тэрмінова адклікалі». Цяпер палкоўнік Ухналёў займае пасаду вайсковага аташэ ў Казахстане, дзе «ўсталяваў актыўныя кантакты сярод вайсковага кіраўніцтва».
Пасля ад'езду Ухналёва Горган курыраваў іншы ваенны аташэ — Ігар Доўбня. У распараджэнні The Insider і «маленькай краіны» ёсць запіс тэлефоннай размовы паміж Горганам і Доўбняй, дзе яны дамаўляліся сустрэцца і «ўсё абгаварыць» ля мемарыяла загінулым воінам-афганцам у Кішынёве.
У распараджэнні The Insider маюцца аўдыёзапісы размоў Горгана, і пры параўнанні яго голасу на гэтых запісах з узорамі з адкрытых крыніц становіцца відавочна, што гаворыць адзін і той жа чалавек.
У 2017 годзе Доўбню выправадзілі з Малдовы за шпіёнскую дзейнасць, цяпер ён узначальвае апарат расейскіх вайсковых аташэ ў Кыргызстане і актыўна наладжвае кантакты з былымі афіцэрамі Савецкай Арміі і ветэранскімі арганізацыямі, якія пражываюць у Бішкеку.
Палкоўнік Макараў
З 2019 года «шэфства» над Горганам перайшло да палкоўніка Макарава, які служыў у вайсковым аташаце расійскай амбасады. У 2001 годзе Макараў скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча, і адтуль яго перавялі ў ваенную разведку.
Малдаўскія журналісты-следчыя, якія спецыялізуюцца на расійскім шпіянажы, не раз заўважалі генерала Горгана ў расійскай амбасадзе ў Кішынёве, а аднойчы — і падчас канфідэнцыйнай сустрэчы з Макаравым.
У Малдове ўсё гатова да ўводу расійскіх войскаў:
«Нам тэрмінова трэба ачышчэнне краіны ад усякай фашысцкай мразі!!! Шмат хто гатовы. Перадайце … час прыйшоў. Я ўсю сітуацыю ў войску трымаю на кантролі… Тут, да радасці, няма «Азова» і іншых нацфармаванняў, а з палітыкамі разбярэмся хутка». Паміж агентам і куратарам склаліся цалкам сяброўскія адносіны. Як генерал збіраўся разабрацца з палітыкамі, здагадацца няцяжка.
Напярэдадні масавай высылкі расійскіх дыпламатаў з Малдовы ў ліпені 2023 года Горган перастаў выходзіць на сувязь і ўладкаваўся ў Прадстаўніцтва ААН па справах бежанцаў у Кішынёве (UNHCR-Moldova).
Агенцтва бярэ на ўлік усіх вымушаных перасяленцаў з Украіны і дапамагае ім з уладкаваннем на новым месцы. Іронія палягае ў тым, што Горган, які яшчэ нядаўна прапаноўваў гэрэушніку ўсталяваць блакаду Украіны, цяпер займаецца дастаўкай гуманітарнай дапамогі для ўкраінскіх дзяцей.
Інтэрпол адмовіўся выдаць ордар на арышт польскага суддзі Шміта
За паўгода ў Польшчы затрымалі 18 чалавек за сувязі з расійскімі і беларускімі спецслужбамі
Да падпалаў у польскіх гандлёвых цэнтрах датычны імаверны зяць беларускага дыпламата