«Нехта высвідраваў дзіркі ў ствалах і запусціў туды яд». Невядомыя атруцілі дрэвы ў Маладзечне

У Маладзечне насупраць гандлёвага цэнтра «Тройка» з дрэвамі адбылося дзіўнае: не распусціліся вясной і высахлі дзясяткі дрэў. На месца выязджала камісія. Папярэдне ўстаноўлена, што нехта свядома вырашыў знішчыць дрэвы, распавядае kraj.by.

05.06.2024 / 13:36

— Насупраць гандлёвага цэнтра «Тройка» проста на вачах літаральна счарнелі дрэвы, якія былі зялёнымі, — распавядала мясцовая жыхарка Валянціна. — Такіх там каля 70 штук. Я думаю, што іх нечым аблілі для таго, каб знішчыць. Мае знаёмыя заўважылі гэта яшчэ ў нядзелю, а ўчора я сама там праходзіла і ўпэўнілася ў гэтым. 

Валянціна, якая жыве недалёка ад гэтага месца, кажа, што раней тут вадзіліся совы.

 

— У канцы траўня і ў пачатку чэрвеня тут заўсёды пішчалі савяняты, — працягвае жанчына. — У гэтым годзе іх не чуваць. І яшчэ. Ёлкі, якія стаяць бліжэй да праезнай часткі Вялікага Гасцінца, засталіся зялёнымі. А ёлка, якая з боку «Тройкі», сохне прама на вачах.

 

Версія пра тое, што нехта вырашыў спецыяльна знішчыць дрэвы, здавалася журналістам абсурднай, пакуль яны не патэлефанавалі камунальшчыкам. Па словах начальніка зялёна-паркавай гаспадаркі прадпрыемства «Камунальнік» Галіны Саўлідзі, папярэдняя версія менавіта такая.

 

— Я сёння разам з экалогіяй выязджала на месца. Нехта высвідроўваў дзіркі ў ствалах дрэў і запускаў туды яд. Тэрыторыя, на якой знаходзяцца дрэвы, не зʼяўляецца зямлёй агульнага карыстання. Яна замацаваная за пэўнымі асобамі, якіх я называць не буду, — патлумачыла Галіна Саўлідзі. 

Выказваць нейкія версіі наконт таго, каму і навошта трэба знішчаць дзясяткі дрэў у цэнтры Маладзечна, жанчына адмовілася: 

— Я — працаўнік «Камунальніка», а не следчы, каб вылучаць версіі. Будзем разбірацца з прыцягненнем міліцыі, — сказала яна.

«У мяне ёсць усё, апрача страусаў». Бабруйская жанчына завяла вялікую гаспадарку, паспяваючы яшчэ і шмат чаго іншага

У Брэсце знайшлі малое напалоханае савяня ФОТАФАКТ

Японец патраціў кучу грошай, каб стаць сабакам

Nashaniva.com