Кіраўніка «Белмедтэхнікі» і ягонага намесніка судзяць за няякасныя медычныя вырабы і перавышэнне паўнамоцтваў
На месца арыштаванага Дзмітрыя Страздзіна Лукашэнка летась назначыў іншага чалавека, каб той «навёў парадак у гэтай сферы».
06.06.2024 / 14:11
Злева направа: Дзмітрый Страздзін і Максім Зайцаў. Фота: luka.zone, belmt.by
На лаве падсудных апынуліся колішні генеральны дырэктар «Белмедтэхнікі» Дзмітрый Страздзін і ягоны намеснік Максім Зайцаў (яго імя пакуль нават не прыбралі з сайта арганізацыі).
Страздзін атрымаў медыцынскую адукацыю. Працаваў у розных месцах у Мінску — у некалькіх гарадскіх паліклініках, мінскай бальніцы хуткай дапамогі, санаторыі «Юнацтва», цэнтры паслядыпломнай адукацыі ў Мінску.
З 2018 па 2020 быў галоўным урачом Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. За гэтую працу атрымаў падзяку ад Лукашэнкі.
Дзмітрый Страздзін. Фота з аватаркі ягонага тэлеграм-акаўнта
Кіраўніком «Белмедтэхнікі» Страздзіна прызначылі ў сакавіку 2020-га. Прадпрыемства займаецца імпартам медыцынскай тэхнікі і абсталявання.
У 2020-м ён быў намеснікам выбарчай камісіі Кастрычніцкага раёна Мінска, куды патрапіў ад Беларускай асацыяцыі ўрачоў. Узначальвае асацыяцыю адыёзны кіраўнік Чырвонага крыжа, дэпутат Дзмітрый Шаўцоў.
Дарэчы, папярэдні гендырэктар «Белмедтэхнікі» Аляксандр Шарак таксама за кратамі — ён набраў хабараў на некалькі соцень тысяч даляраў і атрымаў 6,5 года калоніі. У Шарака канфіскавалі 420 тысяч даляраў.
Максім Зайцаў мае больш сціплую біяграфію. Ён не ўрач, а інжынер-забеспячэнец. У 2007-м ён скончыў Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных зносінаў, а ў 2021-м — Акадэмію кіравання. Пераважна працаваў на Гомельшчыне, а з 2011 па 2014 — у Расіі.
Максім Зайцаў. Фота з ягонай старонкі Укантакце (архіўная копія)
Па вяртанні пачаў працаваць эканамістам у Гомельскім абласным патолаганатамічным бюро. У 2018-м перайшоў у «Белмедтэхніку», а ў 2021-м яго прызначылі намеснікам генеральнага дырэктара прадпрыемства.
У абавязкі Зайцава ўваходзіла заключэнне дамоваў на пастаўкі тэхнікі і тавараў. Таксама ён сачыў за тым, як працавалі аддзелы закупак, зборкі і рознічнага гандлю прадпрыемства.
Затрымалі Страздзіна напрыканцы 2022-га або напачатку 2023-га. У сакавіку 2023 года на пасаду кіраўніка «Белмедтэхнікі» прызначылі Ігара Дземідзенку, былога першага намесніка Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Лукашэнка тады адзначыў, што ў «Белмедтэхніцы» «нямала праблемаў і трэба наводзіць парадак». Менавіта гэтым тлумачылася назначэнне на пасаду «ваеннага чалавека».
Ігар Дземідзенка. Фота СБ
Суд над Дзмітрыем Страздзіным і Максімам Зайцавым пачаўся 3 чэрвеня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Мужчын вінавацяць па двух артыкулах — «Вытворчасць, увоз, захоўванне або продаж фальсіфікаваных, няякасных, незарэгістраваных лекаў або медыцынскіх вырабаў групай асобаў» (ч. 2 арт. 338 КК) і «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, здзейненае асобай, якая займае адказнае становішча» (ч. 3 арт. 426 КК).
Невядома, ці знаходзяцца яны пад вартай і каго з іх вінавацяць па якім з артыкулаў — можа быць, што абодвух вінавацяць па двух артыкулах, або некага па адным. Невядомая і сутнасць справы. Але па артыкуле 426 можа пагражаць ад трох да дзесяці гадоў турмы.
За буйны хабар судзяць дырэктара «Мінскрамбуда» і тылавога начальніка з Дэпартамента аховы МУС
Намесніку кіраўніка прадпрыемства з групы кампаній «Санта» далі 10 гадоў за буйны хабар