Рэжысёра Андрэя Гнёта выпусцілі з сербскай турмы

Ён пераведзены пад хатні арышт.

06.06.2024 / 11:53

Беларускі рэжысёр і журналіст Андрэй Гнёт, які быў затрыманы ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года на запыт беларускіх уладаў праз Інтэрпол, вызвалены з сербскай турмы.

Беларус пераведзены з цэнтральнай турмы Бялграда пад хатні арышт.

«Гэта першы важны крок у вырашэнні лёсу Андрэя, які больш за 7 месяцаў правёў у поўнай ізаляцыі, без доступу да належнай медыцынскай дапамогі пры рэзка пагоршаным стане здароўя. Аднак цяпер важны другі самы галоўны крок — не дапусціць яго экстрадыцыі ў Беларусь, дзе Андрэя пераследуюць па палітычных матывах», — піша Павел Латушка.

Андрэй Гнёт — беларускі журналіст, рэжысёр, сузаснавальнік «Свабоднага аб'яднання спартсменаў SOS BY», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Гнёта затрымалі ў кастрычніку 2023 года ў Сербіі па запыце беларускіх уладаў, якія абвясцілі яго ў вышук праз Інтэрпал у сувязі са справай аб падатках. Абарона настойвае, што пераслед палітычна матываваны, а на радзіме яго могуць чакаць катаванні.

У снежні 2023 года суд першай інстанцыі ўхваліў дэпартацыю Гнёта ў Беларусь, але ў сакавіку 2024 года Вышэйшы суд (апеляцыйны) адмяніў рашэнне і адправіў справу на перагляд.

Nashaniva.com