У хуткім часе аналіз на рак прастаты можна будзе зрабіць па сліне

Вучоныя абяцаюць, што просты тэст на ПСА можа будзе зрабіць дома. Дакладнасць яго значна вышэйшая, чым у традыцыйнага.

07.06.2024 / 19:47

Фота: Vecteezy.com

Як піша выданне Daily Mail, у хуткім часе мужчыны змогуць прайсці абследаванне на рак прастаты ў хатніх умовах з дапамогай простага аналізу сліны замест таго, каб здаваць кроў у медустанове. Танны тэст, які выяўляе генетычныя маркеры раку ў ДНК людзей, паказаў значную эфектыўнасць у параўнанні з традыцыйным аналізам крыві.

Як паведамляе выданне, навукоўцы з Інстытута даследавання раку ў Лондане і Каралеўскага фонду Марсдэна NHS апрабавалі тэст на 6142 мужчынах ва ўзросце 55—69 гадоў. Паддоследныя самі збіралі ўзоры сліны, якія затым правяраліся на наяўнасць 130 генетычных варыяцый, якія карэлююцца з ракам прастаты.

Мужчыны, якія набралі найбольшую колькасць балаў (прыкладна 10%), былі запрошаныя на далейшае абследаванне, якое ўключае МРТ з наступнай біяпсіяй прастаты. З іх каля 558 былі адпраўленыя на далейшае тэставанне. У выніку ў 187 (40%) быў дыягнаставаны рак прастаты.

Вучоныя звяртаюць увагу, што пры традыцыйнай здачы аналізу на анкамаркёры ПСА (prostate-specific antigen) захворванне дыягнастуецца толькі ў 25% тых, у каго гэты паказчык істотна перавышае норму.

Акрамя гэтага, новы тэст дазволіў выявіць больш агрэсіўныя віды раку, чым тэст на ПСА. Так з 187 чалавек, у якіх было выяўлена захворванне, у 55,1% яно мела агрэсіўную форму. Сярод тых, у каго рак быў выяўлены дзякуючы тэсту на ПСА, агрэсіўная форма была ў 35,5%.

Другім станоўчым вынікам стала тое, што новы тэст прывёў да меншай колькасці памылковастаноўчых вынікаў у параўнанні з тэстам на ПСА. Што дазваляе адмовіцца ад правядзення дадатковых і дарагіх тэстаў.

Вучоныя спадзяюцца, што з дапамогай гэтага тэсту можна будзе палепшыць дыягностыку раку прастаты. Аднак патрабуюцца яшчэ дадатковыя даследаванні генетычных маркёраў, якія звязаныя з рызыкай раку прастаты ў розных этнічных груп насельніцтва, каб гарантаваць, што новы тэст можа прынесці карысць усім мужчынам.

Навукоўцы апісалі магчымую першапрычыну раку

Навукоўцы ўпершыню выпрабавалі на чалавеку новую вакцыну ад раку мозгу. Вынікі ўражваюць

У Беларусі сёлета плануюць запусціць вытворчасць вакцыны ад раку. Калі ўсё атрымаецца

Антось Жупран