Краіны Балтыі выходзяць з электракальца з Беларуссю і Расіяй і сінхранізуюцца з электрасеткамі Еўропы

Краіны Балтыі да 7 жніўня паведамяць Беларусі і Расіі аб выхадзе з дагавора БРЭЛЛ і сінхранізацыі з электрасеткамі кантынентальнай Еўропы, паведаміла міністэрства энергетыкі Літвы.

09.06.2024 / 08:40

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Мінэнерга

«Узровень гатоўнасці да сінхранізацыі з электрасеткамі кантынентальнай Еўропы складае амаль 100 працэнтаў. Цяпер самае галоўнае — завяршыць неабходныя працэдуры ўзгаднення з Асацыяцыяй еўрапейскіх аператараў сістэм перадачы электраэнергіі і разам з Латвіяй і Эстоніяй праінфармаваць бакі дагавора БРЭЛЛ аб яго непадаўжэнні», — заявіў міністр энергетыкі Літвы Дайнюс Крэйвіс. 

Літва, Латвія, Эстонія, Расія і Беларусь на дадзены момант працуюць у так званым кальцы БРЭЛЛ (абрэвіятура з першых літар назваў краін), дзе частата электраэнергіі цэнтралізавана рэгулюецца ў Расіі. 

Калі дамова па БРЭЛЛ не будзе скасаваная да 8 жніўня, пагадненне ад 2001 года будзе падоўжанае аўтаматычна. 

У лютым 2025 года аператары электрасетак Літвы, Латвіі і Эстоніі намецілі з выхадам з БРЭЛЛ пратэставаць працу ў ізаляваным рэжыме, а пасля гэтага падключыцца праз Польшчу да энергасістэмы ЕС. 

Раней кампанія Elering, якая зʼяўляецца аператарам нацыянальных электрасетак Эстоніі, выказвала занепакоенасць з нагоды таго, што пасля накіравання Расіі афіцыйнага апавяшчэння аб выхадзе з БРЭЛЛ, ад Масквы можна чакаць пэўнай рэакцыі, і да гэтых рызык неабходна рыхтавацца.

У Беларусі могуць істотна падаражэць аўтамабілі. Усё праз новыя еўрапейскія патрабаванні

«Забарона на ўвоз прадуктаў выглядае непрыгожа, але дыктуецца банальнымі патрэбамі бяспекі»

У траўні Літва пазбавіла ДНЖ амаль паўтары тысячы замежнікаў

Nashaniva.com