У Беларусі могуць істотна падаражэць аўтамабілі. Усё праз новыя еўрапейскія патрабаванні
Патрабаванні, якія літоўская мытня ўвяла ў дачыненні да машын, маладзейшых за 5 гадоў, якія гоняць з Еўропы і ЗША ў Беларусь, паўплываюць на цэны на аўтарынку. Падлічылі, наколькі могуць падаражэць машыны.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/stock/photo_2024-03-25_13-37-13-26xcm.jpg.webp)
Сакавіцкія патрабаванні аказаліся кветачкамі
Пачынаючы з канца сакавіка, прывозіць у Беларусь аўтамабілі з Еўропы з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, стала значна складаней.
Спачатку Польшча, а затым Латвія перасталі выпускаць у Беларусь машыны, якія нельга экспартаваць у Расію, хоць на нашу краіну гэтыя санкцыі фармальна і не распаўсюджваюцца.
Адзінай краінай, праз якую да нядаўняга часу працягвалі паступаць аўтамабілі з аб'ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, і даражэйшыя за 50 тысяч еўра, заставалася Літва. Для паспяховага вывазу патрабавалася выканаць шэраг умоў, якія былі цалкам выканальныя, калі машына сапраўды накіроўвалася ў Беларусь.
Аднак пачынаючы з 4 чэрвеня Літва ўзмацніла кантроль за вывазам аўто, маладзейшых за 5 гадоў, незалежна ад аб'ёму і цаны.
Цяпер для экспарту аўто з ЕС у Беларусь мытнікі патрабуюць паказаць яшчэ і дэкларацыю ад вытворцы. А таксама выпіску з рахунку транспартнай кампаніі з пацвярджэннем атрымання аплаты за дастаўку аўто.
Што можна прыгнаць?
Гэтыя патрабаванні не распаўсюджваюцца на машыны, старэйшыя за 5 гадоў. Таму казаць пра поўную забарону на экспарт аўто з Еўропы ў Беларусь прынамсі пакуль нельга.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/stock/photo_-b7i5b.jpg.webp)
Але тут важна разумець, што менавіта аўто ва ўзросце да 5 гадоў увозілі часцей за ўсё, бо на такія машыны дзейнічалі самыя нізкія мытныя стаўкі.
Калі з моманту выпуску аўтамабіля прайшло больш за 5 гадоў, то прымяняецца павышаны каэфіцыент.
Мытная пошліна за аўтамабіль ва ўзросце ад 3 да 5 гадоў з 2-літровым рухавіком складае 5400 еўра без ільготы і 2700 еўра, калі размытняць аўто будзе льготнік.
А вось калі машыне ўжо больш за 5 гадоў, то размытніць такі аўтамабіль будзе каштаваць ужо 9600 еўра без ільготы або 4800 еўра па 140-м указе. Нават з улікам ільготнага афармлення розніца складае мінімум 2100 еўра.
У выпадку з трохлітровымі аўто розніца яшчэ большая. Пошліна на аўто ад 3 да 5 гадоў складзе 9000 еўра без ільготы і 4500 еўра з ільготай.
За больш узроставыя аўтамабілі давядзецца заплаціць 15 000 і 7500 еўра адпаведна. Пераплата нават па льготным тарыфе складае 3000 еўра.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/stock/photo_2024-06-04_15-10-43-ryzo0.jpg.webp)
Найменшая розніца атрымліваецца з машынамі з маторам 1,6 літра. Пошліна за 3-5-гадовы аўтамабіль па льгоце складае 2000 еўра, а за машыну, старэйшую за 5 гадоў — 2800 еўра.
Праз невялікую розніцу ў мыце машыны з 1,6 пад капотам, старэйшыя за 5 гадоў, даволі актыўна прыганялі і да з'яўлення новых абмежаванняў.
Для машын з маторам 1,5 розніца будзе большая, нягледзячы на меншы аб'ём. Так, льготная стаўка за аўто, маладзейшае за 5 гадоў, складае 1275 еўра, а калі машыне ўжо споўнілася 5 гадоў, то 2400 еўра. Пераплата — 1125 еўра.
З гэтага вынікае, што калі статус кво захаваецца, то найбольш вырастуць у цане машыны з рухавікамі аб'ёмам ад 1800 см³.
- Аўтамабілі з 3,0 вырастуць у цане на 3000 еўра.
- Аўтамабілі з 2,0 вырастуць у цане на 2100 еўра.
- Аўтамабілі з 1,6 — на 800 еўра.
- Аўтамабілі з 1,5 — на 1125 еўра.
- Аўтамабілі з 1,2 — на 900 еўра
- Аўтамабілі з 1,0 — на 750 еўра.
Некаторыя кампаніі, якія займаюцца пастаўкай аўто на замову, ужо пачалі прапаноўваць кліентам варыянты куплі аўто, з моманту выпуску якіх прайшло больш за 5 гадоў.
Фота: скрыншот з тэлеграм-канала WESTMOTORS
Калі цэны могуць пачаць расці?
Перагоншчыкі лічаць, што калі і далей будзе цалкам немагчыма ўвозіць аўтамабілі, маладзейшыя за пяць гадоў, то цэны пачнуць расці вельмі хутка.
Ужо цяпер прадаўцы свежых машын пачынаюць рэагаваць на новаўвядзенні і адмаўляюцца гандлявацца, хоць на рынку і назіраецца пэўны застой.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/stock/photo_2022-09-07_11-09-49-jscuo.jpg.webp)
Калі заходнія межы застануцца закрытымі для свежых машын, то адзіным шляхам для падсанкцыйных аўто застануцца альтэрнатыўныя маршруты праз Турцыю або Грузію. Але ў такім выпадку выдаткі на лагістыку будуць прыблізна на 5 тысяч еўра большымі, чым раней.
Натуральна, што праз Турцыю або Грузію будуць дастаўляць толькі вельмі дарагія аўто. Бо калі машына каштуе 100-200 тысяч еўра, то дадатковыя 5 тысяч і нават 10 тысяч не так ужо і шмат. Але калі машына каштуе 20-30 тысяч еўра, то яе дастаўка такім шляхам будзе немэтазгоднай.
Нехта губляе, а нехта знаходзіць
Ёсць гульцы аўтамабільнага бізнэсу, для якіх еўрапейскія забароны ў радасць.
Рост цэн на машыны з Еўропы і ЗША ў першую чаргу будзе спрыяць росту продажаў беларуска-кітайскіх Geely, расійскага АўтаВАЗа, а таксама тых кітайскіх брэндаў, якія наладзілі зборку машын на заводах у Расіі, што раней належалі сусветным аўтавытворцам.
Нагадаем, што па выніках красавіка афіцыйныя дылеры выйшлі на даваенны ўзровень продажаў новых аўто.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2024_06/screenshot2024-06-06125425-dlkcc.png.webp)
Яшчэ да нядаўніх змен прадстаўнікі Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі адзначылі, што перагледзяць прагнозы на 2024 год у бок павелічэння продажаў на фоне ўзніклых дадатковых перашкод на шляху аўто з Еўропы.
Дадатковыя абмежаванні па імпарце машын з ЕС з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра яны называлі істотным фактарам, які пазітыўна ўплывае на рынак дылерскіх продажаў. Патрабаванні, якія ўвялі з 4 чэрвеня, могуць стаць дадатковым і яшчэ больш істотным фактарам, які пазітыўна адаб'ецца на продажах афіцыйных дылераў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары