Расія вярбуе ў сваё войска маладых афрыканцаў — Bloomberg
Расійскія ўлады вярбуюць замежных студэнтаў, у тым ліку з краін Афрыкі, для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Гэта сцвярджаецца ў матэрыяле агенцтва Bloomberg са спасылкай на афіцыйных асоб еўрапейскіх краін, піша «Радыё Свабода».
09.06.2024 / 19:49
Прарасійская дэманстрацыя ў Буркіна-Фасо
Імёны сваіх крыніц выданне не называе. Па іх сцвярджэннях, расіянамі былі завербаваныя «тысячы» студэнтаў і мігрантаў з трэціх краін.
Як сцвярджаецца ў артыкуле, расійскія ўлады пагражаюць студэнтам непрацягваннем візаў, калі яны не пагодзяцца падпісаць кантракт з расійскім Мінабароны. Тое ж датычыць і афрыканцаў — уладальнікаў працоўных віз.
Як сцвярджаюць крыніцы выдання, у выніку маладым іншаземцам даводзіцца рабіць выбар паміж вымушаным ад'ездам з Расіі і фармальна добраахвотным уступленнем у войска. Некаторым, аднак, удаецца застацца ў Расті і не адпраўляцца ў войска, падкупіўшы чыноўнікаў, сцвярджаюць суразмоўцы Bloomberg.
Агенцтва спасылаецца на даныя ўкраінскай разведкі, паводле якіх Расія разгарнула таксама масіўную кампанію па наборы наймітаў за мяжой — не менш чым у 21 адной краіне, уключаючы некалькі краін Афрыкі. Вярбоўшчыкі нацэленыя на патэнцыйных мігрантаў і студэнтаў, якія раней шукалі працу ў Расіі.
Раней паведамлялася пра вярбоўку афрыканцаў, якія адбывалі пакаранне ў расійскіх калоніях, у ПВК «Вагнер». Bloomberg нагадвае таксама пра сотні грамадзян Непала, якія былі завербаваныя ў расійскае войска.
Украінскія суразмоўцы агенцтва пацвярджаюць, што сярод расійскіх вайскоўцаў, якія трапляюць у палон, усё часцей сустракаюцца афрыканцы і непальцы. Расійскія праваенныя тэлеграм-каналы таксама нярэдка публікуюць відэа з замежнікамі, якія ваююць у шэрагах расійскай арміі, з каментарамі пра тое, што жыхары многіх краін свету падтрымліваюць Расію ў вайне.
Спасылаючыся на кіраўніка Рассупрацоўніцтва Яўгена Прымакова, Bloomberg адзначае, што ў Расіі цяпер каля 35 тысяч студэнтаў з Афрыкі. Колькі з іх удалося завербаваць, не гаворыцца. Каментароў расійскіх афіцыйных асоб у артыкуле няма, у ім таксама не прыводзяцца прамыя сведчанні саміх завербаваных афрыканцаў.
Сяргей Лаўроў стаў кавалерам ордэна Жарабца
ПВК «Вагнер» вярбуе жыхароў Беларусі для адпраўкі ў Афрыку