Хрэнін: Сёння мы дзейнічаем на апярэджанне, павялічваючы гатоўнасць да ўжывання так званай зброі адплаты

Узброеныя Сілы Беларусьі прымаюць удзел у другім этапе вучэнняў з нестратэгічнымі ядзернымі сіламі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Міністр абароны Віктар Хрэнін выступіў з чарговаю ваяўнічаю заяваю з гэтай нагоды. 

10.06.2024 / 12:55

Міністр абароны Віктар Хрэнін. Фота: Мінабароны

Паводле Хрэніна, «кіраўніцтва заходніх краін вядзе бескампрамісную агрэсіўную палітыку ў галіне вайсковай дзейнасці», што «ўзмацняе градус напружанасці ў рэгіёне».

«Пасля няўдалых спробаў уцягнуць нас у эпідэмію каляровых рэвалюцый, задушыць эканамічнымі санкцыямі, некаторыя асабліва гарачыя галовы на Захадзе выношваюць планы прымянення ваеннай сілы супраць нашай дзяржавы», — заявіў Хрэнін.

Паводле міністра абароны, «прадстаўнікі некаторых краін робяць заявы аб дазволе нанясення удараў іх зброяй, якая перададзена Украіне па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі», а кіраўнік МЗС Літвы «фактычна заклікаў да нанясення ўдараў па ваенных аб'ектах Расійскай Федэрацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны». 

«Мы адсочваем і аналізуем усе гэтыя агрэсіўныя выпады, паслядоўна ўмацоўваем свой абарончы патэнцыял. І наш удзел у другім этапе вучэння Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі па ўжыванні нестратэгічнай ядзернай зброі таму пацверджанне», — заявіў Хрэнін.

Паводле яго слоў, Беларусь гатовая ўжыць тактычную ядзерную зброю.

«Сёння мы дзейнічаем на апярэджанне, планава павялічваючы гатоўнасць да ўжывання так званай зброі адплаты. Як ніколі раней, мы поўныя рашучасці да рэагавання на любыя пагрозы, якія ствараюцца як для нашай краіны, так і Саюзнай дзяржавы», — сказаў ён.

Да гэтага ён дадаў, што Беларусь — мірная дзяржава, якая нікому не пагражае. 

Забойства жаўнера Польшча не выбачыць. Лукашэнка правакуе сур'ёзны канфлікт

Яшчэ адна спроба запалохаць Захад. Навошта Пуцін прыязджаў у Мінск

«Адстаўка Гулевіча адбылася пасля вяртання Лукашэнкі з Масквы, а прызначэнне Муравейкі — у дзень візіту Пуціна ў Мінск» — iSANS

Nashaniva.com