Многія еўрапейскія ультраправыя ўжо далёка не ультра. А стаўкі Расіі зноў не спрацавалі. Што яшчэ паказалі выбары ў Еўрапарламент
Расійскія і беларускія дзяржаўныя СМІ прадказальна шумяць пра поспех ультраправых на выбарах у Еўрапарламент. Між тым, партыя Віктара Орбана паказала найгоршы вынік за 20 гадоў. А ў многіх іншых краінах ультраправыя даўно не ультра, а па ўкраінскім (а значыць, і беларускім) пытаннях многія з іх яшчэ тыя ястрабы, піша Мікола Бугай.
10.06.2024 / 18:29
Марын Лё Пэн і Жардан Бардэла. Фота: AP Photo/Lewis Joly
Мелоні ў Італіі набрала 29% і перасягнула свой вынік на парламенцкіх выбарах (было 26%), але «браты-італьянцы» ва ўладзе паводзяць сябе адказна і падтрымліваюць Украіну не менш за іншых саюзнікаў па ЕС. Каго на выбарах у Італіі пракацілі, дык гэта папуліста Матэа Сальвіні і ягоную «Лігу».
У Польшчы ўпэўнена перамаглі лібералы. «Грамадзянская платформа» набрала 38%, на сем адсоткаў больш, чым на нядаўніх парламенцкіх выбарах.
Літва прагаласавала за мэйнстрымавыя партыі, першае месца заняў Саюз Айчыны — хрысціянскія дэмакраты, першым нумарам якога, у сваю чаргу, ішоў былы прэм'ер Кубілюс, адзін з самых паслядоўных сяброў беларусаў у ЕС.
У Латвіі ўпэўнена перамаглі правацэнтрысты і латышскія нацыяналісты.
Нават у Славакіі «Прагрэсіўная Славаччына» на 3% абышла Smer Роберта Фіца.
А поспех Нацыянальнага аб'яднання ў Францыі стаў магчымы пасля таго, як Марын Лё Пэн рашуча павярнула гэтую партыю ў бок цэнтра. Настолькі рашуча, што нават адхрысцілася ад «Альтэрнатывы для Германіі» пасля заяў топ-кандыдата апошняй пра тое, што не ўсе толькі дрэнныя людзі былі ў SS (добрыя ж сябры ў ЕС у Пуціна і Лукашэнкі).
Яшчэ цікавая тэндэнцыя. Тады як ультраправыя атрымалі больш галасоў, ультралевыя страцілі падтрымку. І гэта важна, таму што Масква рабіла стаўку на адначасовае і раўнасільнае ўмацаванне і ультраправых, і ультралевых, каб потым гэтае радыкальнае супрацьстаянне крайнасцяў ўзарвала еўрапейскія грамадствы знутры. Між тым, пакуль частка пратэставых галасоў проста перацякла ад вельмі левых да вельмі правых папулістаў. А ў Францыі галасы ад крайне левай «Няскоранай Францыі» адышлі да блоку на чале з левацэнтрысцкімі сацыялістамі.
Так што Еўропа застаецца Еўропай.
А на фота ўнізе — 43-гадовы Петэр Мадзяр, які наступае на капыты галоўнаму траянскаму каню Крамля ў ЕС — Віктару Орбану. Мадзяр стварыў новую партыю і рэзка вырваўся ў лідары апазіцыі, з далёка не ліберальнай, але зразумелай і блізкай выбаршчыкам платформай.
Петэр Мадзяр на мітынгу ў Будапешце. 26 сакавіка 2024 года. Фота: AP Photo/Denes Erdos
На выбарах у Бельгіі партыя прэм'ера набрала мізэрныя 5,4%, а запрашэнні на выбары пагрызлі слімакі
Партыя Мары Лё Пэн разышлася з «Альтэрнатывай для Германіі»
Партыя Віктара Орбана на выбарах у Еўрапарламент паказала найгоршы вынік за 20 гадоў
Пра што думаў Макрон, абвяшчаючы датэрміновыя выбары