«Лукашэнка скардзіўся мне на Мядзведзева» — Латушка

З якой нагоды?

13.06.2024 / 14:26

Павел Латушка. Скрын відэа: radio-svaboda / YouTube

У праграме «Сведкі Лукашэнкі» на «Радыё Свабода» Павел Латушка расказаў, навошта Лукашэнку патрэбны быў такі беларускамоўны чыноўнік, як ён.

Па словах Латушкі, Лукашэнка ў асабістай з ім размове прызнаўся:

«Я вас падтрымліваю (ён усё ж такі казаў мне «вы») у тым, што вы размаўляеце на беларускай мове. Калі б я мог, я б таксама пачаў размаўляць на беларускай мове. Але якую цану мне прапануе за газ і нафту Мядзведзеў (які тады быў прэзідэнтам у Расіі. — НН)».

Палітык заўважае, што пад час гэтай размовы ў яго ўзнікла адчуванне: «Можна прадаць сваё, роднае, нацыянальнае за нафту і газ». Магчыма, працягвае Латушка, з пункту гледжання тактыкі, нехта палічыць такую пазіцыю правільнай — захаваць дзяржаўнасць. «Але з пункту гледжання стратэгіі гэта азначае ў перспектыве згубіць усё. Згубіць дзяржаву, калі ты не разумееш, што з'яўляецца падмуркам для кожнай дзяржавы. Гэта народ, які разумее, што такое нацыянальная культура, мова».

Латушка лічыць, што ў нейкім сэнсе Лукашэнку было выгадна мець беларускамоўнага міністра: «Я думаю, ён прадаваў гэты месэдж. «Глядзіце, у мяне ж малады міністр. Ён увогуле беларускі».

Акрамя гэтага, як згадвае Латушка, яго лічылі праеўрапейскім. «Памятаю Мясніковіч (прэм'ер-міністр Беларусі ў 2010-2014 гадах. — НН) на пасяджэнні ўраду кажа мне:

«Ну ў нас тут ёсць адзін праеўрапейскі міністр». Вось такую мянушку мне давалі — «праеўрапейскі». Быў я такім ці не, але гэта так спрабавалі прадаваць».

***

Павел Латушка — кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета. У мінулым прэс-сакратар МЗС (2000-2002), пасол Беларусі ў Польшчы (2002-2008) і Францыі (2012-2019), міністр культуры Беларусі (2009-2012).

«Старшыня КДБ казаў, што заходнія паслы ставяць на мяне як на будучага кіраўніка краіны» — Латушка пра час працы міністрам

Латушка пра групу беларускіх дыверсантаў, закінутых у Еўрасаюз: Мэтай можа быць ліквідацыя як мяне, так і Сахашчыка

Латушка расказаў, як забараняў рэперу Сярогу выступаць, калі быў міністрам культуры

Nashaniva.com