Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў лічыць, што актыўнасць у сацсетках сведчыць пра дэградацыю асобы

Нядаўна перапрызначаная ў Палату прадстаўнікоў дэпутатка Ірына Даўгала ў інтэрв'ю газеце «Звязда» абурылася тым, што «мы аддаём сваё жыццё не проста на публіку, але і на публічны кантроль», і ў той жа час «перасталі ствараць сямейныя фотаальбомы».

13.06.2024 / 20:08

Ірына Даўгала. Фота: БелТА

57-гадовая дэпутатка, у біяграфіі якой быў перыяд, калі яна была адказнай за ідэалогію ўсёй Гомельскай вобласці, абураецца:

«Чалавек сёння прачынаецца і перш за ўсё мацае каля падушкі смартфон, з якім некалькі гадзін таму засынаў. Дзякуючы сацыяльным сеткам пра кожнага з нас усё вядома: дзе гуляем, што ямо, з кім сустракаемся, што купляем, чым цікавімся…

Я наогул лічу, што, калі чалавек выкладае сваё асабістае жыццё, да дробязяў, на ўсеагульны агляд, гэта сведчыць аб пэўнай дэградацыі асобы».

Пры гэтай нагодзе Ірына Даўгала расказала гісторыю пра тое, як паспрачалася з маладой знаёмай наконт сацыяльных сетак, а дзяўчына адказала ёй, што мае права публікаваць на сваіх старонках што захоча.

«Пішыце, але калі ваша старонка даступная ўсім, то гэта ўжо публічнае выказванне. І ці варта выстаўляць на ўсеагульны агляд тое, што павінна заставацца ўнутры міжасобасных адносін, сям'і, дома? Усе свае перажыванні? Мы аддаём сваё жыццё не проста на публіку, але і на публічны кантроль, абмеркаванне і асуджэнне. У выніку ў нас для саміх сябе нічога не застаецца», — сцвярджае дэпутатка.

Акрамя таго, яна лічыць, што сучасныя тэхналогіі «вымываюць сямейныя каштоўнасці», і абвінаваціла Instagram у тым, што беларусы «перасталі ствараць сямейныя фотаальбомы».

Ураджэнка Крычава Ірына Даўгала зрабіла карʼеру ў Гомелі па камсамольскай лініі, затым працавала ў камісіях па справах непаўналетніх, а таксама кіраўніцай абласнога аддзела ідэалогіі. У 2019 годзе яе прызначылі ў Палату прадстаўнікоў, а ў 2024-м палічылі годнай перапрызначэння. Цяпер жанчына — намесніца старшыні пастаяннай камісіі ПП НС па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

Дачка Гайдукевіча расказала сваю версію «падпалу» дома дэпутата

Заткне за пояс Качанаву — як польскі перабежчык Шміт хваліць Лукашэнку

Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?

Nashaniva.com