Прэзідэнт Польшчы згадаў Беларусь сярод неабходных краін у зоне бяспекі Ініцыятывы трох мораў

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда хоча бачыць Беларусь, Украіну, Малдову, Грузію і краіны Заходніх Балкан у зоне бяспекі Ініцыятывы трох мораў. Пра гэта ён заявіў падчас кангрэса Ініцыятывы Трымор'я ў Любліне.

14.06.2024 / 16:19

Дуда падчас свайго выступлення заявіў, што ў «эпоху адраджэння расійскага імперыялізму» нельга дазволіць Расіі перамагчы ва Украіне.

«Калі мы дазволім ім перамагчы ва Украіне, яны захочуць пайсці далей», — адзначыў польскі прэзідэнт.

«Уключэнне Украіны, Беларусі, Малдовы, Грузіі і краін Заходніх Балкан у нашу зону бяспекі, свабоды і росквіту павінна быць галоўнай мэтай польскай замежнай палітыкі, а таксама палітыкі трох мораў і еўрапейскай палітыкі», — падкрэсліў Анджэй Дуда. 

«Ініцыятыва трох мораў» (ІТМ), таксама вядомая як «Балта-Адрыята-Чарнаморская ініцыятыва» ці «Трымор'е» — аб'яднанне трынаццаці дзяржаў Еўрапейскага саюза (Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія, Эстонія), і дзвюх краін-партнёраў: Украіны (з 2022) і Малдовы (з 2023), размешчаных у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Упершыню сустрэча прадстаўнікоў гэтых дзяржаў на найвышэйшым узроўні адбылася ў 2016 годзе.

Тэрыторыя краін-удзельніц мае выхад да Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў, адгэтуль і яе назва. Мэтай арганізацыі заяўлена наладжванне рэгіянальнага дыялогу па розных пытаннях, якія закранаюць дзяржавы-сяброўкі.

Дуда заявіў пра гатоўнасць Польшчы размясціць у сябе ядзерную зброю

Наўседа ў Сувалкскім калідоры прапанаваў Дудзе сумесныя закупкі HIMARS

Дуда пажадаў Зяленскаму прыехаць на наступны саміт Трымор'я ў касцюме

Nashaniva.com