Вераніка Цапкала: Незалежныя СМІ могуць атрымаць штраф у 30 тысяч еўра за крытыку Ціханоўскай

У новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» Вераніка Цапкала выказала свой погляд на дэмакратычныя СМІ, якія, на яе думку, арганізоўваюць інфармацыйныя кампаніі супраць Вольгі Карач і Валерыя Цапкалы.

15.06.2024 / 13:27

Вераніка Цапкала. Скрын відэа: malina_by / YouTube

У размове Вераніка Цапкала заявіла:

«У нас няма незалежных СМІ. Цяпер усе СМІ фінансуюцца са згоды адной палітычнай групы. Для таго, каб вас прафінансавалі, выдзелілі грант, неабходна атрымаць падтрымку, згоду Офіса Ціханоўскай».

Цапкала пераконвае, што нейкія СМІ падпісваюць з Офісам нейкія пагадненні аб канфідэнцыйнасці, у рамках якіх забаронена крытыкаваць Святлану Ціханоўскую.

Тым, хто яе крытыкуе, як сцвярджае Вераніка Цапкала, пагражае «аграмадны штраф у памеры каля 30 тысяч еўра ці долараў».

Адзначым, што «Наша Ніва» не мае і ніколі не мела ніякіх пагадненняў з тымі ці іншымі палітычнымі сіламі.

На погляд Веранікі Цапкала, любы, хто калі-небудзь крытыкаваў Ціханоўскую, становіцца ворагам нумар адзін для «так званых незалежных СМІ».

«На вас накідваюцца журналісты, на вас навешваюць ярлыкі, называюць прарасійскімі, абражаюць, зневажаюць, баняць і гэтак далей».

У якасці прыкладу яна прывяла інфармацыйную кампанію супраць Вольгі Карач, якая «15 гадоў змагаецца за правы беларусаў», а таксама сябе і Валерыя Цапкалу.

«Ці за такія незалежныя СМІ мы змагаліся? Цяпер гэта не незалежныя СМІ. Гэта СМІ адной палітычнай партыі — Офіса Святланы Ціханоўскай», — сцвярджае Вераніка Цапкала.

Вераніка Цапкала паабяцала выселіць купцоў яе кватэры

Вераніка Цапкала кіруе арганізацыяй, якую заснаваў адэпт «рускага свету»

Пачынаецца завочны суд над Вольгай Карач, Веранікай Цапкала і яшчэ трыма дзеячамі. Вось што іх яднае

Nashaniva.com