Пранкер Бохан правёў новы розыгрыш, які беларускія настаўнікі дастойна вытрымалі. У адрозненне ад расійскіх

Вядомы пранкер, былы настаўнік гісторыі Уладзь Бохан, які ўжо некалькі гадоў займаецца тым, што на жывых прыкладах дэманструе, што ў беларускіх і расійскіх школах як іх кіраўніцтва, так і простыя педагогі гатовыя выканаць любы, нават самы абсурдны загад зверху, правёў новы эксперымент. І гэтым разам ягоныя вынікі больш натхняльныя, чым заўсёды. 

17.06.2024 / 23:13

Гэтым разам Бохан стварыў такую легенду: у рэгіёне ствараецца фактычна лагер для перавыхавання патэнцыйных «экстрэмістаў», і цяпер трэба вывучыць патэнцыйную колькасць дзяцей, дастойных змяшчэння туды. Прыкідваючыся, як заўсёды, прадстаўніком вышэйшага начальства, ён запатрабаваў у кіраўніцтва школ падаць адпаведную інфармацыю з асабістымі звесткамі нелаяльных вучняў і іх бацькоў.

Адпаведныя запыты былі разасланыя як у беларускія, так і расійскія школы. І адказы на іх таксама былі, але не тыя, на якія разлічваў пранкер. Замест спісаў з прозвішчамі вучняў на электронную скрыню сталі прыходзіць адпіскі, што ва ўстановах няма патэнцыйных «экстрэмістаў».

«Прычым аналагічная сітуацыя была як у РБ, так і ў РФ, толькі нашы, у адрозненне ад расійскіх калегаў яшчэ замарочыліся і аформілі гэта як дакумент, другія ж проста адказвалі паведамленнем на пошту», — канстатуе Бохан.

Што стала прычынай такога выніку, задаў ён пасля таго пытанне? Уключыўся маральны складнік, ці тут больш працуе бюракратычная боязь за тое, што за наяўнасць у школе патэнцыйных «экстрэмістаў» могуць быць праблемы і ў яе адміністрацыі, якая гэта дапусціла? 

Таму ў паўторных лістах пранкер удакладніў крытэрыі патэнцыйнай небяспечнасці вучняў: нізкая паспяховасць, дрэнная дысцыпліну, захапленне сацыяльнымі сеткамі і не падтрымкай дзейнай улады (для Беларусі) і т. зв. «СВА» (для Расіі).

Аднак з беларускімі школамі не спрацавала і гэта: яны ўсё адно прыслалі адпіскі. А вось у Расіі новы падыход часткова спрацаваў: ліцэй з падмаскоўнага Краснагорска назваў аднаго патэнцыйнага «экстрэміста», а гімназія з Камсамольска-на-Амуры прыслала цэлы спіс.

«Дзеля аб'ектыўнасці варта дадаць, што тых, хто падаў адпіскі, было больш, чым тых, хто «здаў». Абсалютная гэта велічыня, ці гэта дынаміка, думаць вам», — завяршыў сваё апісанне новага эксперыменту Уладзь Бохан.

«Даляры з Ціханоўскай». Гісторыя настаўніка, які ставіць на вушы беларускія і расійскія школы

У Расіі вядомы беларускі пранкер запатрабаваў правесці хросны ход з іконамі Бандэры

«Выбар ужо зроблены». Пранкер Бохан правёў новую акцыю

«Дзень апрычніка». Пранкер Уладзіслаў Бохан зноў правёў акцыю сярод педагогаў, гэтым разам на акупаваных тэрыторыях Украіны

Беларускі мастак з уласнай ініцыятывы зрабіў сябе Героем Расіі. І прымусіў правесці акцыі ўшанавання ў расійскіх школах

Беларус даслаў у расійскія школы загад правесці малебен. Яго правялі, але давялося сурова нагадваць

Nashaniva.com