Грамадства88

«Даляры з Ціханоўскай». Гісторыя настаўніка, які ставіць на вушы беларускія і расійскія школы

Калі Уладзіслаў Бохан загадаў былым калегам-настаўнікам зладзіць фэйкавую дыялогавую пляцоўку, ён нават не чакаў, якога феерычнага эфекту даб'ецца. З таго часу ўсё больш школ трапляецца на вуду яго абсурдных заданняў. «Наша Ніва» з'ездзіла да акцыяніста. Выгадаваны Серабранкай, цяпер ён воляю лёсу бацька-адзіночка, які выхоўвае дваіх малых дзяцей у эміграцыі.

Уладзіслаў Бохан. Фота: «Наша Ніва»

«Мы беглі па дварах ад сілавікоў, і мясцовая гапата была ўражаная іх паводзінамі»

Уладзіславу Бохану 30 гадоў. Усё жыццё да эміграцыі ён жыў у Серабранцы — адным з самых актыўных у 2020-м раёнаў Мінска.

Уладзіслаў расказвае, што Серабранка была спачатку вядомая гопнікамі, а потым яшчэ і футбольнымі хуліганамі. Але ў 2020-м уразіла мастака актыўнасцю мясцовых жыхароў, і ён мае тлумачэнне, чаму так сталася:

«Там удалося зарганізавацца. 9 жніўня я змог сабраць чатырох чалавек, а на іншым участку сабралася чалавек 50—100, мы далучыліся да іх і пайшлі праспектам, паступова нас рабілася болей. У выніку разышліся, але дамовіліся, што заўтра сустракаемся.

Наступнага дня людзі сталі выходзіць, гуртаваліся каля дома па адрасе Ракасоўскага, 80. Мы рушылі ў цэнтр, але нашу калону разбілі каля Усходняга аўтавакзала. Мы разбегліся, але потым сабраліся і вырашылі, што застанёмся ў Серабранцы, каб адцягваць на сябе ўвагу ад людзей у цэнтры горада».

11 жніўня 2020-га Серабранка стала адным з самых пратэсна актыўных раёнаў горада. Падключыўся мясцовы каларыт. Уладзіслаў згадвае: «Неяк мы беглі па дварах ад сілавікоў, і мясцовая гапата была ўражаная іх паводзінамі. Яна таксама выйшла на вуліцу, таму супраціў там адбыўся моцны». 

Бохан скончыў гістфак БДУ, спецыялізацыя — турызм і культурная спадчына. А потым трапіў у армію. Расказвае, што доўга змагаўся з ваенкаматам, таму прызвалі яго толькі ў 24 гады.

Уладзіслаў служыў у Барысаве, займаўся тэхнічным забеспячэннем. З іх, рэзервістаў, рыхтавалі камандзіраў аддзялення, і праз тры з лішнім месяцы ён выйшаў адтуль малодшым сяржантам. Расказвае, што назіраць за іерархічнай армейскай сістэмай было цікава: армія — зрэз беларускага грамадства ў асобным памяшканні. 

Гэты досвед часткова дапамагае Бохану разумець сілавікоў: «Прыкладна ўсведамляю, што гэта за людзі і чаму няма сэнсу спадзявацца, што беларускае войска некалі падтрымае народ. Калі мы глянем на вышэйшы афіцэрскі склад, то там мноства расіян.

У нас былі заняткі па ідэалогіі беларускай дзяржавы, і іх праводзіў рускі: ён служыў тут у Савецкай арміі і застаўся ў Беларусі, калі Савецкі Саюз разваліўся, атрымаў беларускае грамадзянства і выкладае ідэалогію. Гэта быў цікавы мікс з ідэй ліцвінізму, трыадзінага славянства і гісторый накшталт тых, што паказваюць па «Рен ТВ».

Размаўляў у арміі з некаторымі прапаршчыкамі. Казалі: чаму б не застацца ў арміі пасля тэрміновай службы? Рабіць нічога не трэба, ільготы ёсць, заробак для таго ж Барысава нядрэнны. Вось іх матывацыя, чалавек з такімі інтарэсамі не пойдзе ні за якую ідэю».

Яшчэ адзін армейскі ўспамін — гутарка са старшым лейтэнантам, у якога мастак спытаў: што, калі з расійскага боку будзе ваенная пагроза. Той адказаў: «А што нам ваяваць? Мы проста паднімем рукі».

Многіх беларускіх вайскоўцаў, лічыць Бохан, цікавяць высокія заробкі расійскіх вайскоўцаў, і за гэтыя заробкі яны здадуць краіну.

Мастак прызнаецца, што добрыя прагнозы наконт сітуацыі ў Беларусі скончыліся ў яго з пачаткам шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і пасля «рэферэндуму» па Канстытуцыі. Калі беларусам для вялікіх пратэстаў патрабаваўся трыгер, то чым гэта не ён? 

«Думаю, вайна скончыцца кансэнсусам, першымі ад яе стомяцца еўрапейцы і амерыканцы. Украіна не здолее за сябе пастаяць без знешняй падтрымкі, а Расія будзе зацікаўленая атрымаць хоць нейкія вынікі. Што да каліноўцаў, то гэта частка УСУ, хто іх пусціць у Беларусь? 

З краіны з’ехалі сотні тысяч беларусаў, і гэта збольшага людзі актыўныя. Беларускі парадак дня ў свеце амаль знік, уся ўвага на Украіне. Насельніцтва бяднее, і чым больш гэта будзе выражана, тым больш людзі будуць трымацца за апошняе», — разважае Уладзіслаў.

«Рады, што не трапіў за краты і ўвогуле застаўся жывы»

Бохан расказвае, што пачаў маляваць яшчэ ў дзяцінстве. Для яго гэта была спроба змяніць рэальнасць і даць рады несправядлівасці гэтага свету: «Калі мне было чатыры-пяць гадоў, мы ехалі з вёскі ў Мінск, і я пабачыў на шашы збітага сабаку. Для майго дзіцячага сэрца гэта было вельмі балюча. Пачаў маляваць гэтага сабаку так, быццам ён жывы і толькі паранены, быццам яго вылечылі». 

Потым хлопец пакінуў маляванне і вярнуўся да яго толькі ў 18, калі ў жыцці ўсё было няпроста. Гледзячы назад, радуецца, што перажыў той час:

«Мае сваякі былі людзьмі савецкай традыцыі: атрымаеш адукацыю, будзеш добра сябе паводзіць — усё ў цябе ў жыцці будзе. Мяне рыхтавалі да ўтапічнага, справядлівага грамадства, але я сутыкнуўся з тым, што насамрэч усё інакш, грамадства аказалася жорсткім і цынічным.

Дадалося тое, што бабуля, з якой мы жылі ў адной кватэры, цяжка памірала ад раку. А яшчэ мяне заўжды вучылі, што, як мне споўніцца 18, змагу рабіць што захачу, то-бок я выйшаў з-пад татальнага кантролю.

Усё гэта навалілася, і ў мяне знесла дах. Калі гляджу на гэта ў рэтраспектыве, рады, што не трапіў тады за краты і ўвогуле застаўся жывы.

Меў субкультурнае юнацтва з вулічным гвалтам і гэтак далей — панкі, хэды, футбольныя хуліганы, высвятленне адносінаў з гопнікамі, паміж правымі і левымі».

Яшчэ пазней, у студэнцкія часы, хлопец зноў прыйшоў да малявання, і гэтым разам ужо асэнсавана. Неяк ён рыхтаваўся да экзамену па гісторыі мастацтваў, вучыў карціны разам з мастакамі і кірункамі, у якіх яны былі створаныя. Звярнуў увагу на палатно «Рока з патэфонам» Рэната Гутуза і адчуў, што і сам так бачыць свет.

Рэната Гутуза. «Нядзеля калабрыйскага рабочага ў Рыме» («Рока з патэфонам»). Крыніца: flickr.com

Пасля сесіі, згадвае Уладзіслаў, ён знайшоў свае старыя фарбы і паспрабаваў маляваць — спадабалася. Потым далучыўся ў сацсетцы да пабліка «АХУХУ» — «Ассоциация худших художников». Гэтая групоўка аб’ядноўвае мастакоў постсавецкай прасторы, якія працуюць у першую чаргу ў сацыяльным і каляпалітычным напрамку. 

Восенню 2019 года яны арганізоўвалі ў Маскве выставу «Осень пахана», прысвечаную дню народзінаў Пуціна. Бохан адправіў заяўку, на выставу адабралі тры яго працы. Каб наведаць першую сваю выставу, ён паехаў у Маскву.

«Калі мы падыходзілі да галерэі, аказалася, што дзверы ў яе заварылі. Там былі супрацоўнікі ФСБ, паліцыянты — цікава! На наступны дзень усе незалежныя медыя гудзелі пра гэтую выставу. Гэта была імпрэза для сваіх, але сілавікі зрабілі яе знакамітай.

Я тады падумаў, што нешта ў мастацтве ёсць, нейкая сіла, якая пужае дзяржаву. Вырашыў, што мастацтва для мяне будзе нечым большым, чым хобі. Так і сталася», — распавядае Уладзіслаў.

«Настаўнікі самі вінаватыя, што яны такія, заўжды ёсць выбар»

Яшчэ з юнацтва мастак зацікавіўся анархізмам. «Мы з сябрамі былі субкультуршчыкамі, і неяк мяне пабілі банхэды. Маці пачала абурацца, маўляў, раней было іначай, і я пачаў вывучаць, як жылі ў Савецкім Саюзе. Потым зацікавіўся сацыялістычнымі ідэямі і прыйшоў да анархізму. Для мяне анархізм — гэта пра асабістую волю і адказнасць, ідэі роўнасці і роўных магчымасцей», — кажа Уладзіслаў.

Са студэнцкіх часоў і да эміграцыі Бохан працаваў настаўнікам у адной і той жа мінскай школе. Называе гэта прыемным успамінам: беларусу падабалася працаваць з людзьмі, паказваць некаторым вучням, на якіх іншыя настаўнікі паставілі крыж, што яны могуць чагосьці дамагчыся. Згадвае, што вучні яму давяралі больш, чым іншым настаўнікам, нават тыя, у каго ён не выкладаў, расказвалі яму сакрэты.

Са школы мастак вынес шмат назіранняў, якія натхнілі на палотны і акцыі з настаўнікамі, а таксама патрэбныя для акцый камунікацыйныя навыкі. Калег ён запомніў як шрубак сістэмы, гатовых цярпець усё:

«Мне здаецца, тут ёсць класавы складнік. Настаўнікі — гэта ў асноўным жанчыны, часцей за ўсё ў разводзе, з невысокім заробкам. Яны разумеюць, што калі вылецяць з працы, то не змогуць уладкавацца ў іншую школу, у адукацыі ўсё ўзаемазвязана. Фінансавай падушкі ў іх няма, таму даводзіцца цярпець. 

Вывучыў гэтую сістэму і разумею, што такія людзі будуць хапацца за апошняе, што ў іх ёсць, бо не бачаць сябе ў іншай сістэме. Іх так выхавалі. Адміністрацыя там заўжды паўтарае фразы накшталт «сістэма любіць цішыню», «ваша справа — не думаць, а выконваць». Калі гэта паўтараецца дзесяць, сто, тысячу разоў, яно пачынае ўплываць на людзей».

Хаця дзеці і вучацца ў гэтай сістэме, яны не паддаюцца індактрынацыі, кажа Уладзіслаў. Ён расказвае, як сустракаў на пратэстах школьнікаў, і пасля гэтага з ім у школе віталіся нават тыя старшакласнікі, у якіх ён нічога не выкладаў. Адчувалася, кажа Бохан, што яны ўспрымалі яго як аўтарытэта.

Акцыі з настаўнікамі — спачатку беларускімі, а потым расійскімі — якраз і праславілі мастака. На яго загад яны ладзілі хросныя хады, акцыі ў падтрымку неіснуючага Героя Расіі, дыялогавую пляцоўку — і, відаць, гэта яшчэ не канец. На думку беларуса, іх паслухмянасць яго загадам паказвае, наколькі сістэма апрацавала людзей і пабудавала з іх мурашнік. Але гэта і паказчык таго, наколькі сістэма крохкая, упэўнены былы настаўнік.

Сістэма забівае сама сябе, кажа Уладзіслаў, і за гэтым вельмі цікава назіраць. Неяк ён правёў акцыі ў Хойніках і Ушачах, і прапагандысты пачалі пісаць пра яго пасты: маўляў, задумайцеся, хто вам што дасылае! Мастак дзівіцца: яны просяць задумацца людзей, якіх самі прывучалі, што думаць не трэба, гэта за вас зробіць нехта іншы. 

«Памятаю настаўніцу з маёй школы, якая не хацела быць у камісіі, але яе нібыта прымусілі. Пачалася рэвалюцыя і гвалт на вуліцах, яна з’ехала ў вёску, сядзела ў дэпрэсіі і плакала. Вось яна паплакала і зноў пайшла на працу, а Тарайкоўскага і іншых ужо няма. Хтосьці страціў жыццё за гэтых людзей, якія падпісвалі выбарчыя пратаколы, а яны паплакалі — і жыццё працягваецца далей.

Цяпер настаўнік — гэта праваднік ідэалогіі і культу страху, а ён не павінен такім быць. Вучні бачаць запужаных настаўнікаў і могуць ставіцца да іх з насмешкай, але такая мадэль паводзінаў усё роўна адкладаецца ў іх галаве. Жалю да іх няма. Настаўнікі самі вінаватыя, што яны такія, заўжды ёсць выбар», — мяркуе Бохан. 

«Надрукаваў чэшскія даляры з тварам Ціханоўскай і пайшоў раздаваць»

Некалькі гадоў таму беларус пачаў ладзіць мастацкія акцыі. Расказвае, што пачынаў з перформансаў — гэта нешта загадзя запланаванае, са сцэнаром: «Паказаў перформанс на выставе ў Магілёве, гэта была першая і адзіная выстава, якую я арганізаваў у Беларусі. Там я распяў на крыжы дзверы — яны сімвалізавалі тыя дзверы, што былі завараныя ў Маскве падчас выставы. Дзверы мусілі выкупіць грахі вольных мастакоў».

Потым у Бохана адбываліся спантанныя акцыі:

«Пасля смерці Рамана Бандарэнкі мяне зачапіла відэа, як сілавікі разбуралі мемарыял на «плошчы Перамен». Усё разумею, але навошта вы ваюеце з мёртвымі? Вырашыў, што трэба запаліць такую свечку, якую нагой не саб’еш. На скрыжаванні Малініна і Ракасоўскага накідаў шын і падпаліў, гэта была спантанная акцыя — «свечка памяці Бандарэнкі». 

А калі пачалі гаварыць пра лялькаводаў, знайшоў дзедаў чамадан, надрукаваў чэшскія даляры з тварам Ціханоўскай, апрануў паліто і скураныя пальчаткі і ўзяў дзіцячую рацыю. Хадзіў па вуліцы, раздаваў людзям пачкамі гэтыя «даляры» і «звязваўся» па рацыі з «кіраўніцтвам».

У Варшаве, дарэчы, хутка будзе выстава Бохана.

У ліпені 2021-га да мастака прыйшлі. Незадоўга да гэтага хлопец зламаў нагу і перасоўваўся на мыліцах, магчыма, таму яму і дазволілі да суда па адміністратыўцы быць на волі. За гэты час Бохан дабраўся да Украіны, а потым пераехаў у польскі Беласток.

Яго выратавала і тое, што да затрымання Уладзіслаў рыхтаваўся загадзя — разумеў, што такі дзень настане. Пра тое, што так можа здарыцца, пачаў думаць яшчэ 12 жніўня 2020 года, калі незразумелым для яго чынам людзі сталі схіляцца да мірнага пратэсту. Потым хлопец бачыў, як людзі марш за маршам ходзяць з кветкамі, і думаў, што нешта не так, і канец можа быць дрэнны:

«Ужо тады ведаў, што на мяне ёсць папка, бо яе бачыў адзін хлопец, якога затрымалі.

У лютым 2021-га мой таварыш напісаў мне, што яны пабачылі ў кагосьці з затрыманых анархістаў маё фота ў балаклаве і з анархісцкім сцягам, надта мной цікавіліся, але тады яшчэ не ведалі, хто я такі.

У маі затрымалі чалавека, на словах поўнага бравады, але калі дайшло да справы, хутчэй за ўсё, пачалося супрацоўніцтва, бо пайшоў цэлы ланцужок затрыманняў. Я спрабаваў арганізаваць людзей праз чаты, Серабранка, мусіць, апошні мінскі раён, які выходзіў на вуліцу. А потым я зразумеў, што людзі не хочуць варушыцца, ім бы ўсё адкласці да таго моманту, як прыйдзе нейкі дзядзя-трыгер — і ўсё будзе добра. Пачаў рабіць візу». 

Мастак тлумачыць: ён, як анархіст, не першы дзень у палітыцы, таму разумеў, супраць каго беларусы выйшлі ваяваць і чаму гэта можа скончыцца нядобра. А вось большасць беларусаў гэтага не ўсведамлялі. Уладзіслаў згадвае, як у 2021-м чуў ад людзей, што ім хочацца выйсці і пагуляць, як у жніўні.

Гэта яго абурае:

«Людзі выходзілі пагуляць супраць дыктатара, які забіваў. Для мяне гэта паказчык, што стаўленне да пратэсту было несур’ёзнае. Для многіх гэта было гульнёй, для людзей сярэдняга ўзросту — спробай успомніць маладосць, атрымаць адрэналін. Яны выходзілі на эмоцыях і пачуццях, не асэнсоўвалі глыбока тое, што адбываецца ў краіне.

У Беларусі была спроба рэвалюцыі, але гэтае слова баяліся вымавіць, мабыць, да 2022 года. Мяне абвінавачвалі ў тым, што я істэрычка і хачу вывесці людзей пад аўтазакі, а я даказваў, што рэакцыя пайшла ў наступ і калі мы яе не спынім, нас усіх выштурхнуць з краіны. Так і адбылося».

Першыя месяцы ў Беластоку былі для беларуса няпростымі. Было складана і ў фінансавым плане: калі падаешся ў Польшчы на міжнародную ахову, не можаш працаваць, пакуль твой кейс разглядаюць. Даводзілася шукаць падпрацоўкі і жыць на фінансавую дапамогу ад польскай дзяржавы.

А яшчэ беларуса накрыла асэнсаванне таго, што яго эміграцыя можа зацягнуцца. Ратаваннем стаў акцыянізм. «Зрабіў вусеняў, падобных да персанажаў гульні Worms, прычапіў да іх бляшанкі і «лязгаў гусеніцамі» каля беларускага консульства ў Беластоку. Потым пайшлі іншыя акцыі — мне спадабалася. І гэта прыцягвала больш увагі, чым палотны, дапамагала больш эфектыўна данесці сваю думку», — дзеліцца Уладзіслаў.

Бохан працуе ў камунальнай сферы, косіць газоны, трохі зарабляе продажам сваіх палотнаў і на выставах. У яго двое дзяцей — 4-гадовая дачка і 9-гадовы сын. І так склалася, што ён бацька-адзіночка. Бацька-адзіночка ў эміграцыі — драматычны досвед?

Не для Уладзіслава. «Я ж не адзін, у мяне ёсць таварышы, гатовыя дапамагчы. Першы час здавалася, што свет разбураны, але цяпер адчуваю сябе вельмі добра. Чамусьці я цяпер больш шчаслівы, чым цягам апошніх гадоў. У побытавым плане складаней, чым было, бо я прывязаны да дзяцей, але душэўны мой стан спявае», — падсумоўвае ён.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Acab
    05.08.2023
    Супярэчлівае ўражаньне. Дадатныя моманты пераважаюць, але і ў польшчы займаецца наданьне прымусовай непатрэбнай паслугі – трава скубаньнем.
    Але ён зь ліку тых, зь кім ёсьць пра што паразмаўляць, не блазен кабінэтны. Адведаю, хіба, выставу, як атрымаецца ў польшчу прыехаць
  • Acab
    05.08.2023
    А, ну ўжо як адведаю, апошні дзень выставы сёеьня
  • Як заўсёды
    05.08.2023
    [Рэд. выдалена]

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне6

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Апублікаваныя дэкларацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Колькі ў Лукашэнкі, а колькі ў астатніх?24

Арыштавалі 58-гадовую гаспадыню аграсядзібы з Баранавічаў, якая была прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах — 202011

Данія ўзмацняе абарону Грэнландыі. Трамп нядаўна зноў загаварыў пра жаданне набыць яе6

Пашынян адмовіўся ад удзелу ў саміце СНД. Кажа, у яго кавід1

Навошта Пяткевіч вярнулі ў Адміністрацыю Лукашэнкі? Версія Халезіна10

«Я думаў, што рускія хутка перамогуць, але выйшла, як заўсёды». Споведзь ідэйнага расійскага шпіёна, які атрымаў ва Украіне пажыццёвае7

Студэнтаў, якія вяртаюцца на канікулы з-за мяжы, апытваюць на граніцы сілавікі4

Падборка калядных дэсертаў: цытрусы ў шакаладзе, «снежныя» капкейкі і мандарынавая пана-кота4

На свеце з'явілася яшчэ адна краіна доўгажыхароў. Што гэта за краіна?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне6

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →