Расія з-за вайны ва Украіне зняла амаль усе войскі са сваёй самай працяглай мяжы з НАТА

Базы Узброеных сіл Расіі паблізу мяжы з Фінляндыяй значна апусцелі, нягледзячы на пагрозы Масквы пашырыць сваю вайсковую прысутнасць у гэтым рэгіёне праз уступленне краіны ў НАТА, піша фінскае выданне Yle са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка выведкі Фінляндыі, а таксама на спадарожнікавыя здымкі.

19.06.2024 / 18:34

Фота: AP Photo/Sergei Grits

Каля 80% тэхнікі і салдат з расійскіх базаў каля фінскай мяжы перакінулі на вайну ва Украіне, на аб'ектах засталіся толькі інструктары. Падобная сітуацыя цяпер назіраецца амаль ва ўсіх расійскіх рэгіёнах, акрамя Маскоўскай вобласці, адзначае выданне.

Падобныя звесткі прыводзіць і разведслужба Нарвегіі, паведамляе The Moscow Times. Паводле яе ацэнак, колькасць сухапутных войскаў Расіі на Кольскім паўвостраве за час вайны скарацілася на 80%. Таксама, паводле падлікаў нарвежскай разведкі, Расіі спатрэбіцца ад трох да пяці гадоў, каб аднавіць баяздольнасць сваіх узброеных сіл пасля заканчэння вайны ва Украіне.

Пры гэтым Уладзімір Пуцін, абвяшчаючы пра пачатак вайны з Украінай, казаў, што адной з мэтаў уварвання нібыта з'яўляецца супрацьдзеянне набліжэнню «вайсковай машыны НАТА» да межаў Расіі. Аднак расійская агрэсія, наадварот, вымусіла дзве краіны (Фінляндыю і Швецыю) далучыцца да вайсковага блоку, прытым адна з іх (Фінляндыя) непасрэдна мяжуе з Расіяй. У выніку гэтага працягласць мяжы НАТА з Расіяй вырасла ўдвая — на 1,3 тысячы км, а ўзброеныя сілы Альянсу папоўніла адна з самых баяздольных армій Еўропы. 

Свядомая правакацыя ці памылка чыноўнікаў? Што можа стаяць за намерамі Расіі ўдакладняць свае межы ў Балтыйскім моры

«Не даўжэй, чым неабходна». Фінляндыя так і не адкрыла мяжу з Расіяй

Фінляндыя пацярпіць першай — расійскі дыпламат прыгразіў НАТА

«Нагадвае крызіс з Беларуссю». Фінляндыя фіксуе рэзкі рост колькасці нелегальных мігрантаў з Блізкага Усходу на мяжы з Расіяй

Nashaniva.com