Бізнэсмены з кола Віктара Лукашэнкі забралі да сябе асуджанага акадэміка Бялецкага
Знакаміты на ўвесь свет дзіцячы артапед, былы дырэктар РНПЦ траўматалогіі Аляксандр Бялецкі ў 2019 годзе быў асуджаны да 7,5 года калоніі па абвінавачанні ў карупцыі, а ў 2021-м памілаваны Лукашэнкам. Пасля чаго вёў прыём у звычайнай паліклініцы пры бальніцы Мінскага раёна за сціплыя ганары. Але нядаўна ягонае прозвішча з'явілася сярод дактароў клінікі «Мерсі», якой валодаюць людзі з атачэння Віктара Лукашэнкі.
20.06.2024 / 15:12
Аляксандр Бялецкі. Фота: Tut.by
На сайце «Мерсі» гаворыцца, што акадэміку, доктару навук і аўтару многіх тэхналогій хірургічнага лячэння артапедычных паталогій нарэшце далі паўнавартасна вярнуцца да таго, што ён умее лепш за ўсё — да хірургіі і эндапратэзавання.
У той жа клініцы працуе і сын акадэміка, Андрэй Бялецкі.
У клініцы «Мерсі» некалькі саўладальнікаў, некаторыя з іх раней працавалі ў структурах прыдворных «бізнэсменаў удачы» Аляксея Алексіна і Аляксандра Зайцава. А адна з саўладальніц, Людміла Няронская лятала на прайват-джэтах у кампаніі з Віктарам Лукашэнкам.
Аляксандр Бялецкі — знакаміты дзіцячы і падлеткавы хірург са спецыялізацыяй у траўматалогіі. Буйная фігура ў свеце медыцыны не толькі Беларусі, але і па сусветных мерках. У 2018 годзе Бялецкага, на той момант дырэктара РНПЦ траўматалогіі, арыштавалі ў рамках першай «справы артапедаў».
Доктар прызнаў атрыманне хабараў у 3 і 4 тысячы еўра. У 2021 годзе Лукашэнка яго памілаваў, але вярнуцца на вышыні ў дзяржаўнай сістэме аховы здароўя яму не далі, дазволіўшы працаваць толькі ў бараўлянскай паліклініцы.
Акадэмік Бялецкі, якога нядаўна вызвалілі, вярнуўся ў медыцыну. Вядзе прыём у звычайнай паліклініцы
На свабоду выйшлі два высокапастаўленыя медыкі. Яны былі асуджаныя за карупцыю
Суд вярнуў асуджанаму доктару Бялецкаму больш за $550 тысяч