Прапагандыст Ігар Тур па-свойму патлумачыў, чаму Лукашэнка рэпрэсуе нязгодных

Аўтарытарны рэжым інакш не можа, даводзіць Тур.

20.06.2024 / 13:39

Скрын відэа АНТ

Прапагандыст АНТ Ігар Тур пераконвае, што прычына рэпрэсій у тым, што пратэстоўцы выйшлі на акцыі з патрабаваннямі да ўлады, а «моцная ўлада не можа дапускаць патрабаванняў да сябе».

«І ўжо тым больш — моцная ўлада ні ў якім разе не павінна выконваць якія-небудзь патрабаванні, нават самыя разумныя і правільныя»,

— піша Тур у сваім тэлеграм-канале. 

«Патрабаванні ў рацыянальна аўтарытарнай улады імгненна павінны выклікаць рэпрэсіі ў дачыненні да патрабавальнікаў. І сутнасць — не ў людзях і не ў канкрэтна іх патрабаваннях. А ў захаванні сістэмы, якая пастаянна функцыянуе ў стане эфектыўнага балансу і стабільнасці», — даводзіць прапагандыст.

«Упэўнены, што бывае і так: Лукашэнка хоча дапамагчы і збіраецца адмяніць нейкае рашэнне ўрада, але калі хтосьці пачынае гучна патрабаваць адмены — адмена адмяняецца. Вы проста гэтым «патрабую!» самі сябе пазбаўляеце магчымасці атрымаць тое, што цалкам правільна хочаце атрымаць — і забіраеце ў прэзідэнта інструменты дапамогі вам. 

Прасіць. Прапаноўваць. Ініцыяваць. Вас заўсёды пачуюць, вашу пазіцыю заўсёды данясуць — проста не заўсёды з ёй там згодныя», — дадае Тур. 

З ім пагаджаецца праўладны канал «Графач» і дадае, што такая ж логіка распаўсюджваецца на патрабаванні выпусціць палітвязняў. Маўляў, чым больш апазіцыя патрабуе вызваліць людзей з турмаў, там менш шанцаў на гэта.

«Гэта слёзы». Тур падлічыў, колькі дзяржава заробіць на канфіскацыі маёмасці беларусаў, якія з'ехалі з краіны

«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт

Лукашэнка расказаў, што пад выбары выдаткаваў на прапагандыстаў «немалыя грошы»

«Занадта смелы, занадта дзёрзкі, выдатны стратэг». Прапагандысты пачалі аблізваць новага міністра інфармацыі

Nashaniva.com