У Гродне за каментары і ўдзел у пратэстах затрымалі праваслаўнага харыста Даніэля Кейта. Вось як яго адшукалі

Падобна, прычына зноў у тэлеграм-акаўнце.

20.06.2024 / 19:27

Даніэль-Ландсэй Кейта спявае ў праваслаўным хоры «Усіхсвяцкі», красавік 2024. Фота: ndsmi.by

Даніэлю-Ландсэю Кейта 24 гады, ён мінчук. У 2018-м скончыў Рэспубліканскі музычны каледж на дырыжора. Пасля паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па той жа спецыяльнасці. Быў лаўрэатам конкурсу маладых вакалістаў імя Шаляпіна. 

Вядома, што хлопец праваслаўны вернік. Да 2019-га спяваў у храме імя Аляксандра Неўскага ў Мінску, які знаходзіцца на вуліцы Казлова, пасля пачаў спяваць у хоры «Усіхсвяцкі», які базуецца ў Храме ўсіх святых на аднайменнай вуліцы ў Мінску.

Ягоны тэмбр — барытон.

Даніэль-Ландсэй Кейта. Фота з ягонай старонкі «Укантакце» (архіўная копія)

Цяпер хлопца затрымалі. Яго вінавацяць у каментарах, якія ён пакінуў у чатах. У асноўным ён спрабаваў спрачацца з прыхільнікамі Лукашэнкі ў розных «ябацькачатах», прычым рабіў гэта даволі прыстойна. Пакідаў ён і каментары ў падтрымку Украіны, на якія сілавікі звяртаюць асаблівую ўвагу, і каментары з асуджэннем гвалту сілавікоў.

Акаўнт Даніэля ў тэлеграме быў прывязаны да яго асабістага нумара, было ў ім і фота хлопца. А фота з пратэстаў, якія дэманструюць сілавікі, захоўвалася ў ягоным тэлефоне — найхутчэй іх адшукалі ўжо пасля затрымання.

Вядома, што яго затрымлівалі ў 2020-м па палітычным адміністрацыйным артыкуле, але за што, не паведамляецца.

Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Nashaniva.com