Навука і тэхналогіі33

Як зарэгістраваць ананімныя акаўнты ў Telegram, сацсетках і іншых месенджарах — падрабязны гайд

У гэтым артыкуле мы патлумачым, як знайсці або стварыць эмэйлы і тэлефоны для стварэння бяспечных акаўнтаў.

Для рэгістрацыі ананімных акаўнтаў вам патрабуецца e-mail і нумары, якія аніякім чынам не будуць звязаныя ані з якім з вашых рэальных акаўнтаў і сацсеткамі, а назва e-mail не будзе нагадваць аніякую з вашых старых юзернеймаў ці мянушак. Таксама ўсе аперацыі лепш праводзіць з уключаным VPN (тут мы збіралі спіс давераных і бясплатных) або праз TOR

Стварэнне ананімнага e-mail

Для стварэння ананімнага e-mail вам трэба абраць сэрвіс, які будзе вам пасаваць і, вельмі пажадана, уключыць VPN. Самых вядомых сярод бяспечных два: proton.me (у звязцы з ім ідзе Proton VPN і бяспечнае воблака Proton Drive) і tutanota.com.

Апошні для пацверджання патрабуе толькі вашай згоды на тое, што вы не будзеце ствараць на ім дублікаты вашых акаўнтаў і выкарыстоўваць яго для бізнэсу — аніякага пацверджання не патрабуецца. Proton патрабуе пацверджання згодна з унутранымі наладамі ўбудаванай антыспам-сістэмы, то-бок, можа не запатрабаваць нічога, а можа — пацверджанне з дапамогай іншай электроннай пошты, смс ці нават ахвяравання на сэрвіс.

Можна стварыць і ананімны акаўнт у Google, калі карыстацца тымі ж правіламі (замежны нумар, незвязанае з рэальным чалавекам імя і г.д, моцны пароль і двухфактарка), і не звязваць новы акаўнт з ужо існуючымі.

Атрыманне нумароў для рэгістрацыі акаўнтаў

Для рэгістрацыі ананімных акаўнтаў часта патрабуюцца нумары. Падыдуць замежныя ці віртуальныя. Самае актуальнае пытанне — якім менавіта чынам іх набываць і як захоўваць акаўнты ў гэтых сэрвісах у бяспецы. Мы разгледзелі розныя варыянты — ад самых простых да самых складаных і бяспечных.

Замежны нумар

Вы можаце папрасіць любога вашага знаёмага набыць вам сімку ў іншай краіне ці зрабіць гэта самастойна падчас вандроўкі. Не пасуе варыянт Расіі, а таксама краінаў з высокім узроўнем карупцыі, бо там такія нумары часта «ўцякаюць» з офісаў аператараў.

Сім-карту можна або без праблем набыць, або атрымаць у офісе кампаніі.

Калі гэта еўрапейская краіна ці, да прыкладу, Грузія, то там часта патрабуецца пашпарт для рэгістрацыі сім-карты, але наўрад ці яны стануць выдаваць даныя людзей беларускім спецслужбам. Прасцей за ўсё з бліжэйшых да Беларусі краінаў гэта робіцца ў Літве — для рэгістрацыі сім-карты там не патрабуецца аніякіх дакументаў і яны прадаюцца на кожным кроку.

Калі ваш нумар рэгіструе знаёмы і вы давяраеце яму не на 100%, то не варта казаць яму назву або імя вашага новага акаўнта ў сацыяльных сетках ці тэлеграме. Калі вы набываеце сім-карту ўласнаручна, то лепш не везці яе ў Беларусь. Пакіньце яе вашым сябрам ці выкіньце — калі вы паклалі грошы на яе баланс, то нейкі час нумар будзе за вамі і гэты тэрмін ва ўсіх аператараў акрэслены.

Але калі сім-карту проста выкінуць, то ёсць рызыка таго, што нехта праз нейкі час выкупіць той жа нумар. У бот ініцыятывы CyberBeaver ужо звярталіся людзі, якія траплялі ў такую сітуацыю, кажуць прадстаўнікі інцыятывы:

«Чалавек, які набыў выкінуты нумар, будзе мець доступ да акаўнтаў чалавека, які выкінуў сімку. І пасля прадказаць дзеянні немагчыма.

Адзін чалавек можа проста набыць іншую сімку і забіць, але ёсць людзі, якія просяць грошы і пагражаюць злівам даных, да якіх яны атрымалі доступ. Таму мы не раім бяздумна выкідаць сімку. Ці калі выкідаць, то трымаць у галаве пагрозы (можна таксама пераносіць вашы акаўнты з нумара на нумар. — НН).

Дарэчы, Google у гэтым сэнсе мае карысны функцыянал. Можна зарэгістраваць ананімны акаўнт з дапамогай нумара, а пасля адвязаць акаўнт ад яго. Тады варыянт «выкінуць сімку» можа спрацаваць больш бяспечна».

Доўгатэрміновая арэнда віртуальнага нумара

Гэта выпадак, калі ў вас дастаткова грошаў і рэсурсаў, каб купіць і аплочваць пастаянны віртуальны нумар у замежным сэрвісе. Для гэтага вам патрэбная картка, вельмі пажадана — замежная (іначай у гэтым няма сэнсу), і надзейны сэрвіс.

Да прыкладу, такую паслугу прапануе сэрвіс Numero eSIM, але праз інтэрнэт-пошук можна знайсці іх вельмі шмат. Сярод плюсоў — ён даволі танны (нумар там каштуе 25 даляраў за год) і замежны. Праграма для доступу да сэрвісу даступная для Android і iOS. Такія опцыі ёсць і ў сэрвісах для арэнды нумароў для актывацый (апісаныя ніжэй). Плаціць можна толькі карткай, таму лепш карыстацца такой паслугай, толькі калі вы маеце замежную картку ці жывеце за мяжой.

Мінус пастаяннай арэнды віртуальнага нумара — гэта тое, што вы мусіце плаціць за яго пастаянна, не можаце вельмі часта мяняць акаўнты, бо яны прывязаныя на гэты нумар, а некаторыя сэрвісы не дазваляюць паўторна рэгістраваць іх. Плюс — гэта тое, што нумар застаецца за вамі і яго ніхто не «перахопіць», прынамсі, пакуль вы плаціце.

Іншыя рэкамендаваныя сэрвісы для доўгатэрміновай арэнды нумароў, якія прымаюць смс для актывацыі і за якія можна плаціць у крыптавалюце, — Crypton (onion-версія для браўзера TOR), MoneroSMS і Silent.

Аднаразовы віртуальны нумар для прыёму SMS

Такія нумары набываюцца ў адмысловых сэрвісах актывацый. Таксама пажадана не карыстацца расійскімі сэрвісамі і не набываць нумары з беларускай карткі (хоць такія варыянты мы таксама разгледзім).

Калі вы ствараеце акаўнт на аднаразовы нумар, то можаце назаўжды згубіць над ім кантроль у выпадку, калі выйдзеце з акаўнта з усіх прыладаў або нумар перапрададуць. Каб зберагчы акаўнты, варта заўсёды адразу пасля рэгістрацыі ставіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю — нават калі нумар перапрададуць, то вы проста згубіце акаўнт, але вашы даныя застануцца ў бяспецы. Таксама важна адвязваць нумар ад акаўнта, калі гэта дазваляе функцыянал.

Сярод рэкамендаваных сэрвісаў — ProovlJuicySMS і VirtualSIM. Тут можна плаціць або непадсанкцыйнай (лепш — замежнай) карткай, або крыптавалютамі. Нумар там набываецца пад аднаразовую актывацыю канкрэтнага сэрвісу.

Чытайце таксама: Як набываць крыптавалюты — падрабязны гайд

Калі вы ў сітуацыі, калі ў вас няма непадсанкцыйнай карткі і знайсці яе праблематычна, вы тэарэтычна можаце скарыстацца расійскімі сэрвісамі ці сэрвісамі з каранямі з Расіі, самыя папулярныя і танныя з якіх: Sms-Activate, SimSMS і OnlineSIM. Вы папаўняеце баланс, абіраеце патрэбны вам сэрвіс і — вуаля. Тут таксама паказаная цана адной смс для кожнага з сэрвісаў і нумара пэўнай краіны. Там жа можна набываць ужо гатовыя акаўнты ў розных сацсетках ці Telegram.

Гэта кампрамісныя і менш надзейныя варыянты. Імі актыўна карыстаюцца расійскія актывісты, але бяспека гэтых сэрвісаў пад вялікім пытаннем.

Рэгістравацца на расійскіх сэрвісах варта з аднаразовай пошты (да прыкладу, Guerilla Mail або EmailOnDeck) — тады нават у выпадку, калі ў сетку «выцячэ» база даных сэрвісу праз уразлівасць, вы не будзеце ў небяспецы, але звярніце ўвагу, што пасля выдалення емэйлаў вы ніколі не ўзновіце доступ да вашых акаўнтаў. Заходзіць на іх варта праз VPN або TOR, а плаціць дзеля вашай бяспекі варта крыптавалютамі. Для аплаты з карты наўпрост яны выкарыстоўваюць папулярныя плацежныя сістэмы і зразумець, куды менавіта пойдуць грошы, будзе няпроста — але праз параўнальна нізкую надзейнасць вы ніколі не ведаеце, ці ў бяспецы будуць вашы даныя пасля аплаты, бо на некаторых з іх ужо былі ўцечкі.

Адзін эксперт сказаў «Нашай Ніве», што акаўнт на віртуальны нумар, куплены хоць бы з беларускай карткі наўпрост — нашмат лепшы варыянт, чым проста стварэнне ці перастварэнне акаўнтаў на ўласныя нумары. Але, купляючы іх з уласнай беларускай карткі, вы ставіце сябе ў даволі небяспечнае становішча, таму лепш разабрацца з крыптавалютамі, а калі і купляць нумары беларускай карткай, то толькі ў замежных сэрвісах.

Таксама вы можаце папрасіць вашых сяброў ці знаёмых за мяжой папоўніць баланс якога-небудзь з гэтых сэрвісаў і купляць вам віртуальныя нумары, калі гэта спатрэбіцца.

Яшчэ важна ведаць, што вашы мінулыя сляды, якія вы пакінулі ў сетцы на прывязаным да вас акаўнце, не выдаляцца самі. Вы можаце выдаліць іх уручную па нашых гайдах, але калі вам пагражае палітычны пераслед і лукашэнкаўцы паспелі іх захаваць, то гэта мала дапаможа. Вось нашы гайды: для інстаграм, месенджараў, іншых сацсетак, лайкаў для сацсетак і вычышчэнні фота.

Бяспека саміх акаўнтаў і сэрвісаў, у якіх вы купляеце нумары

Не мае вялікага сэнсу купляць віртуальныя нумары ды «шыфравацца», калі вы не клапоціцеся пра бяспеку сэрвісаў, у якіх купляеце нумары. Лепш, каб вы ўвогуле не мелі прамога доступу да вашых крыптакашалькоў і сэрвісаў віртуальных смс — за вас гэта могуць рабіць сябры ці сваякі за мяжой.

У выпадку, калі лукашэнкаўцы атрымаюць доступ да вашага сэрвісу, то пабачаць усе вашы актывацыі і ўся схема бяспекі стане бессэнсоўнай. Добры варыянт — ствараць акаўнт у сэрвісе актывацыі на віртуальны нумар са складаным паролем, а пасля выдаляць пароль і выходзіць з акаўнту. Тады ані вы, ані хто іншы не атрымае да яго доступу.

Стварэнне акаўнтаў

Перад тым як ствараць акаўнт, варта падумаць, ад каго менавіта вы збіраецеся хавацца. Калі гэта вашы калегі і знаёмыя, то гэта адна справа, калі лукашысты — зусім іншая.

Чым больш небяспечны ваш вораг, тым больш захадаў бяспекі варта прыняць. Стварыць новы «чысты» акаўнт можна ў любой сацсетцы або месенджары. Адразу пасля стварэння варта выставіць максімальныя налады бяспекі, бо новы ўжо створаны акаўнт пачынае пакідаць сляды і даныя.

Пры стварэнні акаўнтаў кіруйцеся гэтымі правіламі і ведайце наступнае:

  • Ваш акаўнт мусіць мець назву, не звязаную з вамі аніякім чынам (імя, юзернэйм, нікнэйм, фота і іншае).
  • Акаўнт павінен мець максімальныя налады бяспекі і прыватнасці адразу пасля стварэння: моцны пароль (калі такая функцыя ёсць), двухфактарная аўтэнтыфікацыя, схаваны пошук па нумары, аўтавыдаленне ўразлівай інфармацыі (паведамленняў і кэшу), забарона званкоў для сацсетак і месенджараў, іншыя налады.
  • Клапаціцеся пра тое, каб кантактаваць з людзьмі бяспечна. Калі вы кантактуеце з людзьмі ў Беларусі, то выстаўце строгія налады аўтавыдалення паведамленняў, каб не падставіць сябе і іх.

Гэты артыкул нам дапамагалі рабіць прадстаўнікі ініцыятывы CyberBeaver, якая бясплатна кансультуе беларусаў па пытаннях лічбавай бяспекі, і некалькі беларускіх актывістаў. Мы шчыра дзякуем усім.

Мы забыліся пра нешта ці нечага не ўлічылі? Можаце палепшыць нашы парады? Калі ласка, пішыце нам: на e-mail ([email protected] ці [email protected]), у Telegram (кантактны акаўнт — nn_editor, пасля гісторыю чату можна выдаліць) або ў каментары пад гэтым артыкулам.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Расказваем, чаму ўласныя emoji ў тэлеграме трэба ствараць з асцярожнасцю

Як абараніць сябе і свой акаўнт у WhatsApp: пакрокавы гайд

Каментары3

  • ээ
    18.12.2022
    ваша ніва здзекуецца?)
  • Лаос
    18.12.2022
    НН, вы спазніліся на 2 з лішкам гады )))
  • Нонейм
    19.12.2022
    Нива, спасибо за публикацию. Хотелось бы еще услышать, как активировать телеграм-аккаут на виртуальный номер например с компа. С середины 21-го телеграм не дает возможность подтвердить номер через СМС без установки на мобильное устройство. Возможно, сейчас что-то изменилось, но полгода назад было так.

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь103

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на возеры перакулілася судна. Ахвяр можа быць сотні3

Ракетным ударам украінцы знішчылі каля Данецка шасцярых афіцэраў з КНДР — Kyiv Post3

У Мазыры палаў будынак былой павятовай бальніцы пачатку XX стагоддзя4

Лукашэнка просіць выратаваць яго ад Пуціна — меркаванне Чалага35

«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі2

У Іспаніі затрымалі беларуса, якога называюць адным з лідараў злачыннай міжнароднай хакерскай групоўкі

Telegram патлумачыў глабальны збой вайной на Блізкім Усходзе

Пскоўскі мастак захацеў паваяваць з бел-чырвона-белым сцягам, але нашкодзіў сабе самому8

ЕС падтрымаў значнае павышэнне пошлін на кітайскія электрамабілі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь103

Украінскі дэпутат на форуме «добрых рускіх»: Важна пераносіць вайну ў Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →