Дзе пахаваныя Сымон і Алена, у гонар якіх названы Чырвоны касцёл

Сумны лёс — не толькі ў цяпер закрытага храма, але і ў кургана, дзе Эдвард Вайніловіч пахаваў сваіх дзяцей, піша katolik.life.

21.06.2024 / 09:37

Будаўніцтва касцёла спансаваў віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдвард Вайніловіч. У 12-гадовым узросце памёр ягоны сын Сымон. Хлопчыку рабілі аперацыю ў Варшаве, дзе ў той час бушавала скарлаціна, якой ён заразіўся.

А дачка Алена не дажыла да 19-годдзя. Дзяўчына памірала пакутліва, а бацькі не маглі нічога зрабіць — у лекараў не было нават дакладнага дыягназу. Найбольш верагодна, што гэта было запаленне лёгкіх.

Калі ў Вайніловіча памерлі дзеці і ён вырашыў пабудаваць храм у памяць пра іх, ён сам узяўся за гэтую справу. Да таго часу група вернікаў падала ў гарадскую думу новую заяву аб выдзяленні зямлі пад касцёл — за гэта сабралі 2 тысячы подпісаў. Праўда, грошай у ініцыятараў не было.

Затое іх гатовы быў ахвяраваць Вайніловіч. Ён асабіста паехаў у Санкт-Пецярбург, каб дамагчыся дазволу на будаўніцтва храма, і падаў пра гэта прашэнне міністру ўнутраных спраў. Той даў згоду, нягледзячы на супрацьдзеянне Мінскага праваслаўнага епіскапа.

Сымон і Алена пахаваныя ў Савічах Капыльскага раёна. На іх магілах нават амаль не захавалася помнікаў, а сам курган знаходзіцца ў полі — да яго няма дарогі. Чаму так адбылося?

Пасля рэвалюцыі бальшавікоў 1917 года мясцовыя сяляне, з якімі дваранін Вайніловіч вырас і правёў усё жыццё, разрабавалі сядзібу, спалілі бібліятэку, мала таго — разбілі надмагіллі на кургане, знеслі фігуру Панны Марыі, якая ўзвышалася над помнікамі.

Пліты расцягнулі па дварах, але фрагмент аднаго надмагілля — з месца пахавання Сымона — цудам збераглі і перанеслі пад Чырвоны касцёл, побач з перапахаванымі тут парэшткамі Эдварда Вайніловіча.

А курган у Савічах у 1990-х гадах акультурылі католікі, усталявалі тут крыж і памятныя знакі. Толькі ахоўнага статуса курган дагэтуль не мае.

Улады расказалі, чаму дагэтуль не пачалі рэканструкцыю Чырвонага касцёла

Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага

Папа Францішак надаў Уладзіславу Завальнюку тытул Капелана Яго Святасці

Nashaniva.com