Вядомы блогер расказаў, як за паўгода займеў зайздросныя кубікі на прэсе. Фоты «да» і «пасля» ўражваюць

Вядучы ютуб-канала «ЧестнОК» Яраслаў Пісарэнка падзяліўся ў інстаграме фітнэс-поспехамі — за 5 месяцаў ён скінуў 11 кг і займеў зайздросную мускулатуру. Для «Нашай Нівы» хлопец раскрыў сакрэты перамен.

22.06.2024 / 10:04

Фота: pisarenko_jr / Instagram

Яраслаў кажа, што мінулай восенню зразумеў: ягоны лад жыцця далёкі ад здаровага. Складаны псіхалагічны стан — Яраслаў называе гэта крызісам беларуса ў эміграцыі — не спрыяў таму, каб знаходзіць сілы на спорт і адносна здаровае харчаванне. Хлопец прызнаецца, што пачаў «забіваць» на сябе:

«Часта сустракаўся з сябрамі. Там было шмат піва, да піва дадаваліся закускі, таксама не надта здаровыя. Не меў сістэмы ў харчаванні, мог паснедаць толькі кавай — карацей, абы-што.

Мог ударыцца ў працу, толькі каб нечым заняць галаву. Прапускаў спартовыя актыўнасці. Клічуць мяне ў баскет пагуляць ці нешта яшчэ, а я такі — блін, нешта няма настрою, і сядзеў дома».

Бліжэй да снежня Яраслаў зразумеў, што далей так нельга. Ён напісаў у інстаграме аб'яву, што шукае фітнэс-трэнера, і пасля вывучэння варыянтаў вырашыў працаваць з трэнерам Ягорам Емельянавым.

Пачалі з таго, што трэнер склаў для падапечнага план заняткаў у мацоўні — калі туды хадзіць і якія рабіць практыкаванні. Часам Яраслаў здымаў трэніроўкі на відэа і дасылаў Емельянаву, а той выпраўляў памылкі. 

Харчаванне таксама давялося змяняць. Хлопец стаў скідаць трэнеру фоты свайго рацыёну:

«Праз тыдзень-два я зразумеў, што так харчавацца нельга, гэта вельмі шкодна для здароўя. Пачаў паступова ўводзіць добрыя звычкі.

Стаў прачынацца на гадзінку раней, каб быў час выпіць шклянку вады і трохі прайсціся па горадзе. Пасля гэтага раблю сабе сняданак, і не з печыва і кавы, а больш здаровы. Так фарміруецца графік: маўляў, вось у мяне сняданак, потым я абедаю, а потым у мяне мусіць быць пэўная вячэра.

Паступова з'явілася сістэма. Спачатку яна была больш гнуткая, да прыкладу, мог сабе дазволіць трохі піўка. Але апошнія месяц-паўтара вырашыў пабыць толькі на правільным харчаванні, адмовіцца ад алкаголю і тусовак. Зразумеў, як можа працаваць мой арганізм, калі яму не перашкаджаць».

Фінальны вынік хлопца — мінус 11 кг за 5 месяцаў з новым ладам жыцця. І гэта не ўсё: з'явілася шмат энергіі, атрымліваецца хутчэй выконваць працоўныя задачы і пераходзіць да адпачынку. Свае поспехі беларус зафіксаваў у пасце ў інстаграме, дзе размясціў і фота ў новай форме — тое, як на фота адрэагавалі, ён жартаўліва называе «аб'ектывізацыяй» і кажа, што «ўсе былі трохі ў шоку».

Тройчы на тыдзень хлопец мае сілавую трэніроўку, раз на тыдзень займаецца кардыё, таксама часта гуляе ў сквош, можа знайсці час на веласіпед ці на хадзьбу. Але такі расклад, кажа Яраслаў, не мусіць пужаць — усе гэтыя актыўнасці пакрысе ўваходзяць у графік і робяцца яго фонавай часткай.

Яраслаў тлумачыць: каб завесці добрыя звычкі, як у яго прыкладзе, не трэба ні вялікіх грошай, ні шмат часу, клопат пра сябе можна закласці ў любы графік.

«Для мяне гэта стала медытацыяй. Цягам працоўнага дня шмат чаго здараецца, але я ведаю, што ўвечары дакладна буду трэніравацца ў зале, буду слухаць музло і застануся з сабой сам-насам. Раней сябе трохі падштурхоўваў, каб ісці трэніравацца, а цяпер я гэтага чакаю.

Гэтыя змены адбіліся і на працы, і ў іншых сферах жыцця, бо з'явілася шмат энергіі. Так што калі хочаш нешта рабіць, проста трэба гэта зрабіць. Тым больш што насамрэч гэта не так складана, як можа падавацца».

Спыталі ў зорак беларускага ютуба, навошта ім вусы

«Мішлен прыходзіць, калі яго не чакаеш». Беларускі шэф-кухар атрымаў міжнароднае прызнанне

Просты сняданак з новым акцэнтам: тварог з запечанымі клубніцамі

Вера Белацаркоўская