Ва Уздзенскім раёне пачалася рэстаўрацыя ўнікальнага абʼекта — колішняга кальвінскага збору

У Кухцічах (цяпер пасёлак Первамайск Уздзенскага раёна) пачалі рэстаўраваць колішні кальвінскі збор, піша канал «Спадчына».

23.06.2024 / 15:19

У Кухцічах (цяпер пасёлак Первамайск Уздзенскага раёна) пачалі рэстаўраваць колішні кальвінскі збор/ Фота: spadczyna / Telegram

Збор пабудаваны ў 1560—1570-я гады па фундацыі тагачаснага ўладальніка маёнтка Мацея Кавячынскага, паплечніка Сымона Буднага. 

Храм невялікі, але адрозніваецца незвычайнай формай, калі кальвінскі збор у Смаргоні васьмігранны ў плане, то збор у Кухцічах ажно дванаццацігранны. 

У XVIII ст. храм быў рэканструяваны, як сцвярджаецца, архітэктарам Карлам Спампані і набыў барочныя і класіцыстычныя рысы. Гэтак была дабудавана алтарная частка, дзве вежкі абапал уваходнай часткі і званіца. Храм служыў пахавальняй для ўладальнікаў маёнтка. 

Пасля 1939 года на базе маёнтка зʼявіўся саўгас «Кухцічы», а збор стаў эксплуатавацца як гаспадарчая будова. 

У апошнія гады комплекс і храм, які сёння размешчаны на тэрыторыі Уздзенскага дзяржаўнага каледжа, стаялі закінутыя і іх беспаспяхова спрабавалі прадаць. 

Храм на аўкцыёне выкупіла Евангелічная царква, якая плануе зноў зрабіць яго дзейным.

Стала вядома, на якім этапе цяпер рэстаўрацыя палаца Горватаў у Нароўлі

Галацкую вежу адкрылі ў Стамбуле пасля рэстаўрацыі

Рэстаўратарскі цуд адбыўся ў Стоўбцах ФОТА

Nashaniva.com