Марат Маркаў: ДзяржСМІ вызваліліся ад людзей з «ідэалагічнай разгубленасцю»

Будзе правільна, калі чалавек з меркаваннем, альтэрнатыўным дзяржаўнаму, не будзе «карміцца з дзяржаўнай кішэні», адзначыў кіраўнік Мінінфарма.

24.06.2024 / 08:35

Марат Маркаў. Фота: Белтэлерадыёкампанія

Рэдакцыі дзяржаўных СМІ ў асноўным пазбавіліся ад тых людзей, якія схільныя мяняць сваё меркаванне наконт праводзімай у Беларусі палітыкі і да прэзідэнцкіх выбараў 2025 года падыходзяць больш устойлівымі і прафесійнымі, пра гэта заявіў міністр інфармацыі краіны Марат Маркаў у інтэрв'ю тэлеканалу «Беларусь-1», піша «Спутнік».

Паводле яго слоў, школа, якую давялося прайсці падчас пратэстаў апазіцыі падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, і пасля гэтых падзей, шмат чаму навучыла.

«Людзі, у якіх было слізгуючае ідэалагічнае выхаванне, якія сёння кажуць адно, а заўтра могуць казаць абсалютна іншае, і гэта называецца «я стаў відушчым, я разабраўся»… ад такіх людзей у большасці вызваліліся», — сказаў Маркаў.

Міністр інфармацыі адзначыў, што прынамсі будзе сумленна, калі той, хто мае альтэрнатыўнае дзяржаўнаму меркаванне, не пойдзе «карміцца з дзяржаўнай кішэні» і стане зарабляць грошы сваім розумам і працай.

Маркаў паведаміў, што дзяржава выдзяляе дастаткова сродкаў для развіцця інфармацыйнай сферы ў Беларусі. І ва ўмовах разгорнутай супраць краіны інфармацыйнай вайны не могуць сабе дазволіць «проста інфармаваць ці проста забаўляць».

«Нават у забаўляльны праект можна ўсунуць столькі правільных пасылаў і ідэалогіі, што ён будзе фармаваць светапогляд так, як трэба для таго, каб краіна квітнела і развівалася. І наадварот — закласці столькі мін пры жаданні, якія будуць спрыяць таму, каб асновы грамадзянскай супольнасці і дзяржавы пахіснуць», — падкрэсліў міністр інфармацыі.

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Марата Маркава міністрам інфармацыі 13 чэрвеня. Да гэтага Маркаў з 2017 года ўзначальваў тэлеканал АНТ, куды прыйшоў з «Белтэлерадыёкампаніі», дзе працаваў намеснікам старшыні.

Марата Маркава прызначылі міністрам інфармацыі

Маркаў: Рэвалюцыі ў Мінінфарме не будзе

Лукашэнка расказаў, што Маркава ўгаворвалі быць міністрам інфармацыі

«Занадта смелы, занадта дзёрзкі, выдатны стратэг». Прапагандысты пачалі аблізваць новага міністра інфармацыі

Лукашэнка расказаў, што пад выбары выдаткаваў на прапагандыстаў «немалыя грошы»

Nashaniva.com