Літоўскі вясковы падворак на мяжы з Беларуссю выглядае, як аўтасалон па продажы прэміяльных аўто ВІДЭА
Дзясяткі прэміяльных аўто, якія накіроўваліся ў Беларусь, захраслі ў Літве. Іх захоўваюць на падворках прыгранічных вёсак і на паркоўцы рынка «Гарунай» у Вільні.
26.06.2024 / 12:53
Аўто на падворку літоўскай вёскі каля мяжы з Беларуссю. Скрыншот відэа: rihor33 / Instagram. Калаж: «Наша Ніва»
Карыстальнік Instagram пад нікам rihor33 выклаў відэа, якое было адзнята ў прыгранічнай літоўскай вёсцы непадалёк ад пункта пропуску «Меднікі — Каменны Лог».
На відэа бачна, як падворак шчыльна застаўлены аўтамабілямі з транзітнымі нумарамі розных краін — у асноўным Германіі, Літвы і Латвіі.
«Від з літоўскай вёскі на мяжы з Беларуссю. Раней саджалі бульбу, а цяпер ставім тачкі на стаянку. Тут як у музеі. Тут, мне здаецца, прадаўцы BMW і Mercedes павінны прыязджаць на курсы павышэння кваліфікацыі. Яны такіх тачак самі не бачылі»,
— каментуе ўбачанае аўтар відэа.
Ролік з літоўскай вёскі набраў ужо больш за 255 тысяч праглядаў.
Аўто на падворку літоўскай вёскі каля мяжы з Беларуссю. Скрыншот відэа: rihor33 / Instagram
На падворку можна ўбачыць адразу некалькі спартыўных BMW і Mercedes. Купэ Porsche 911, як мінімум два кабрыялеты і даволі шмат уседарожнікаў BMW.
Апроч відэа з вёскі, мужчына выклаў у сваім акаўнце ролікі, якія хутчэй за ўсё былі запісаныя на паркоўцы вільнюскага рынку «Гарунай».
Паркоўка на тэрыторыі рынку таксама шчыльна застаўлена аўтамабілямі з транзітнымі нумарамі розных краін ЕС.
Там таксама можна ўбачыць вялікую колькасць уседарожнікаў BMW Х5 і Х7, Mercedes-Benz GLE, мінівэны V-classe. Хапае на паркоўцы свежых Volvo і Range Rover. Таксама на адным з відэа можна налічыць як мінімум чатыры Mercedes Gelentwagen, кошт якіх нашмат большы за 50 тысяч еўра.
Чаму машыны пакінулі ў Літве?
Выглядае, што калі не ўсе гэтыя аўто, то дакладна значная частка з іх — гэты тыя машыны, якія накіроўваліся ў Беларусь, але не змаглі трапіць туды праз уведзеныя Літвой з 4 чэрвеня дадатковыя патрабаванні.
Цяпер з Еўропы ў Беларусь прапускаюць толькі машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра і коштам да 50 тысяч еўра. Каб вывезці ў Беларусь падсанкцыйныя ў Расіі аўто, пакупніку неабходна паказаць дэкларацыю ад аўтавытворцы.
Гэта дакумент у вольнай форме ад вытворцы тавару (не афіцыйнага прадстаўніка), які вырабіў аўтамабіль, якім пацвярджаецца, што яму вядомы прадавец тавараў, вырабленых ім, і іх пакупнік у трэцяй краіне, і заключаная імі здзелка не выклікае ў яго сумненняў (што гэтая здзелка не парушае міжнародныя санкцыі).
Як паказвае практыка, выканаць гэтае патрабаванне наўрад ці магчыма.
Пішуць лісты аўтавытворцам і ў літоўскую мытню. Сотні беларусаў чакаюць падсанкцыйныя аўто з ЗША
Чаму беларускія ўлады асцерагаюцца закрыцця мяжы з Польшчай?
У Беларусі змянілі правілы ўвозу аўто з краін ЕАЭС. Некаторым пакупнікам давядзецца даплаціць не малыя грошы