Польшча папярэдзіла, што разглядае магчымасць закрыць рэшту пераходаў на мяжы з Беларуссю. Афіцыйны Мінск адрэагаваў — з заяваў вынікае, што беларускія ўлады не зацікаўлены ў поўнай блакадзе мяжы. Вось чаму.
Ад прапановы адкрыць «Баброўнікі» да думак пра поўнае закрыццё мяжы адзін крок
За апошнія месяцы рыторыка польскага боку датычна мяжы з Беларуссю змянілася на 180 градусаў. Месяц таму польскі прэм'ер Дональд Туск заяўляў, што Польшча можа аднавіць працу памежнага пункта «Баброўнікі» («Бераставіца»).
«У найбліжэйшы час разгледзім магчымасць адкрыцця памежнага пераходу «Баброўнікі» для пасажырапатоку. Я цалкам падтрымліваю гэта!» — гаварыў Туск 25 мая.
Не прайшло і месяца, як 22 чэрвеня міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча разглядае магчымасць закрыць рэшту пераходаў на мяжы з Беларуссю.
На радыкальную змену пазіцыі відавочна паўплываў той факт, што праз некалькі дзён пасля прапановы аднавіць працу «Баброўнікаў» польскія памежнікі атрымалі траўмы, спрабуючы спыніць спробы групы мігрантаў прарвацца праз мяжу.
Адзін польскі салдат, паранены мігрантам на беларускай мяжы, пазней памёр.
Па словах міністра замежных спраў Польшчы, на заклік знайсці і выдаць забойцу памежніка Беларусь адказала абвінавачваннямі. Аднак пасля таго, як Польшча прыгразіла цалкам закрыць рух праз мяжу, рыторыка Мінска змянілася.
Чаму для ўладаў гэта балючае пытанне
Заява міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка сведчыць пра тое, што рэжым не хоча даводзіць сітуацыю да поўнага закрыцця мяжы.
«У гэтых умовах адзіны шлях дээскалацыі — гэта шлях да дыялогу. Калі Польшча да гэтага гатовая, хаця б па пытаннях прыгранічнага супрацоўніцтва, якое згорнута па ініцыятыве польскага боку і іншых еўрапейскіх партнёраў, то мы гатовыя гэтыя тэмы абмяркоўваць. Але, безумоўна, на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове», — казаў Алейнік.
Хоць не абышлося і без папрокаў у польскі бок.
З рэакцыі афіцыйнага Мінска можна зразумець, што для ўладаў пытанне закрыцця мяжы з Польшчай балючае.
Рэч у тым, што менавіта «Казловічы» з'яўляюцца асноўнымі варотамі для дастаўкі грузаў у абодва бакі.
Два літоўскія і адзін латвійскія пункты пропуску разам узятыя прапускаюць праз сабе нашмат менш грузавікоў, чым адзін польскі.
Так, напрыклад, па стане на 24 чэрвеня, праз «Казловічы» праехала 773 фуры ў адзін бок.
У той жа час праз «Беняконі» — 98, «Каменны Лог» — 49, «Грыгараўшчыну» — 63. Разам — 210 велікагрузаў. Гэта ў 3,7 раза менш, чым праз адзіны дзейны грузавы пункт пропуску на беларуска-польскай мяжы.
Таму, калі Польшча вырашыць яго закрыць, і без таго складаная сітуацыя з дастаўкай грузаў можа займець катастрафічныя маштабы.
У такім выпадку грузавікам давядзецца праводзіць у чэргах ужо не тыдні, а месяцы. Гэта, у сваю чаргу, моцна адаб'ецца на кошце дастаўкі, як гэта ўжо адбывалася пасля закрыцця іншых пунктаў пропуску.
Эканоміка патрабуе адкрытых межаў
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што поўнае закрыццё руху грузаў і пасажыраў праз беларуска-польскую мяжу будзе адчувальным для нашай эканомікі.
«Нягледзячы на тое, што Беларусь ужо страціла ранейшыя пазіцыі як транзітная краіна, грузы ідуць як з Еўропы, так і ў Еўропу. Магчымае закрыццё ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай адаб'ецца на аб'ёмах гандлю, паколькі на пакінутых пунктах пропуску будзе калапс», — лічыць эканаміст.
Таксама могуць пацярпець прадпрыемствы, якім неабходныя розныя кампаненты, сыравіна, абсталяванне, якія пастаўляюцца з Еўропы. Гэта можа прывесці не толькі да падаражэння канчатковага прадукту, але і да зніжэння яго якасці, а недзе, магчыма, і скарачэння вытворчасці.
«Праз адсутнасць фізічнай магчымасці прыняць і адправіць грузы прадпрыемствам, якія яшчэ працуюць з Еўропай, давядзецца пераарыентавацца на Расію і краіны Азіі», — адзначае эканаміст.
Таксама ад закрыцця межаў моцна пацерпіць транспартны сектар — як грузавы, так і пасажырскі. Аўтобусы і маршруткі ў Еўропу будуць вымушаныя скарачаць колькасць паездак.
Сітуацыя закране і так званы памежны бізнэс, які ў Брэсце ўсё яшчэ досыць актыўны.
Кітай супраць эскалацыі
Сярод іншага, трэба разумець, што поўнае закрыццё беларуска-польскай мяжы не адпавядае інтарэсам трэціх краін. У тым ліку такога буйнога гульца, як Кітай.
У МЗС Кітая адзначылі, што спадзяюцца на дээскалацыю канфлікту.
Анджэй Дуда на нядаўняй сустрэчы з Сі Цзіньпінам закрануў тэму крызісу на мяжы з Беларуссю.
«Кітай спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і будуць вырашаць праблему шляхам кансультацый, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці», — адзначылі ў кітайскім МЗС.
Падобныя сігналы даюць надзею, што беларускі бок будзе спрыяць таму, каб мігранцкі крызіс, арганізаваны рэжымам яшчэ ў 2021 годзе, пайшоў на спад.
Каментары