БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Наталля Эйсмант сабралася пісаць кнігу: Мы павінны пакінуць праўду, бо нашы ворагі таксама напішуць

28.06.2024 / 11:26

Nashaniva.com

«Мы ж усе разумеем, наколькі гэта важна», — упэўненая прэс-сакратарка Лукашэнкі.

Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант спадзяецца і верыць, што калі-небудзь убачыць свет кніга або серыя кніг пад аўтарствам Аляксандра Лукашэнкі пра яго жыццё і прэзідэнцтва. Пра гэта яна заявіла ў перадачы «Скажынемаўчы» на «Беларусь 1».

«Я цяпер вельмі рызыкую, агучваючы гэтую рэч у публічнай прасторы. Але вельмі многія людзі да мяне звяртаюцца з пытаннем пра кнігу, якую напісаў бы Лукашэнка. Зразумела, што цяпер не да кніг, і зразумела, што цяпер мы нават не падступаемся да яго з гэтым пытаннем. Але мы ж усе разумеем, наколькі гэта важна. Гэта першы прэзідэнт нашай краіны.

І тое, што ведае ён, натуральна, не ведае ніхто. Я вельмі спадзяюся, вельмі ў гэта веру, што такая кніга або шэраг кніг калісьці ўбачаць святло. У патрэбны момант. Усё павінна адбывацца своечасова», — сказала прэс-сакратар.

Адказваючы на пытанне, ці не ўзнікне ў самой Наталлі Эйсмант жадання напісаць мемуары і раскрыць у іх тыя ці іншыя падрабязнасці, яна не выключыла, што такой кнізе быць.

«Я б не сказала «мемуары». Калі казаць пра кнігу, можа быць, смела дзесьці заяўлю: калі ўсё будзе нармальна, то кнізе быць. Дакладна не таму, што мне хочацца пайсці ў нейкае пісьменніцтва, гэта дакладна не. Але я выдатна разумею важнасць гэтага моманту.

Я выдатна разумею, што нашы ворагі раскажуць і напішуць, і пакінуць пасля сябе ўсю тую хлусню, якая і сёння на нас выліваецца. Мы павінны, абавязаныя гаварыць калісьці. Калі зможам гэта казаць, калі нам дазволяць пра гэта казаць, і момант наступіць. Мы абавязаныя пакінуць пасля сябе праўду, абавязаныя яе захаваць», — заявіла Наталля Эйсмант.

Чытайце таксама:

Эйсмант адрэагавала на публікацыі пра сваю маёмасць: Мы ў іх выйгралі б любы суд

Чаму Лукашэнка столькі гадоў трымае прэс-сакратаркай Наталлю Эйсмант?

Гарцуева: Я была сведкай на вяселлі Эйсмант. Цяпер не ведаю, ці змагу паглядзець ёй у вочы

Прапаганда спрабуе адмыць Наталлю Эйсмант: кажуць, што яе «Ролекс» каштуе $100

Прэс-сакратарка Лукашэнкі носіць гадзіннік за 20 тысяч еўра

Каментары да артыкула