«Белавія» спрабавала закупіць новыя самалёты, але кітайскія дарагія, а расійскія непрыдатныя для далёкіх палётаў
Закупіць заходнія, нават патрыманыя, самалёты пакуль не атрымліваецца праз санкцыі. Пра гэта піша «Белпол» са спасылкай на афіцыйныя дакументы.
28.06.2024 / 16:43
Фота: belavia_official / Telegram
Днямі гендырэктар авіякампанія «Белавія» Ігар Чаргінец заявіў, што, нягледзячы на санкцыі, кампанія не мае праблем з запаснымі часткамі і гарантуе бяспеку палётаў.
Разам з тым, згодна з дакументамі, якія дастаў «Белпол», санкцыі значна ўскладнілі працу «Белавія».
Апошнія самалёты былі закуплены ў 2020 годзе ў лізінг. Цяпер запыты на закупку марак Boeing, Airbus і Embraer ці ігнаруюцца, ці за іх патрабуюць 100% перадаплату, што пагражае замарожваннем сродкаў. Як вынікае з дакументаў, у авіякампаніі такіх сродкаў няма.
«Белавія» накіравала звыш 70 запытаў лізінгавым кампаніям, але яны адмовіліся ад супрацоўніцтва. Былі звароты да ўладальнікаў патрыманых самалётаў у Таджыкістане, Кыргызстане, Кітаі, ААЭ, Турцыі, Сінгапуры, Узбекістане і Манголіі. Але і яны адмовіліся.
Адзінай краінай, якая прапанавала супрацоўніцтва, быў Кітай. Але ў гэтым выпадку сама «Белавія» адмовілася. Прычынай стаў высокі кошт і наяўнасць у самалётах заходніх камплектуючых, што стварыла б праблемы з тэхнічным абслугоўваннем.
Спробы набыць самалёты расійскай вытворчасці пакуль знаходзяцца на стадыі абмеркавання, бо самі авіялайнеры толькі плануюцца да серыйнай вытворчасці. У лепшым выпадку іх пастаўкі могуць адбыцца ў 2027 годзе. І гэта пры ўмове падпісання кантракту ўжо цяпер.
Беларускі бок не ідзе на падпісанне, бо лічыць цэны завышанымі. Калі б не санкцыі, то заходнія аналагі расійскіх МС-21-310 карпарацыі «Якаўлеў» ці Sukhoi Superjet 100 абышліся б больш чым у два разы танней.
Яшчэ адной перашкодай у набыцці з'яўляецца нежаданне расійскіх лізінгавых кампаній працаваць з «Белавія». Да гэтага трэба дадаць неадпаведнасць расійскіх самалётаў заяўленым лётна-тэхнічным характарыстыкам.
Замена імпартных рухавікоў расійскімі аналагамі зрабіла гэтыя машыны цяжэйшымі і адначасова знізіла фактычную дальнасць і вышыню палёту. Таму яны непрыгодныя для палётаў у Індыю, Кітай, ААЭ і Егіпет.
«Белавія» запусціла чарговы чартар у Егіпет, аднак гэтым разам на Міжземнае мора
У «танкалёта» Belavia трэснула шкло проста ў палёце
Самалёт «Белавія» прыбыў у Грузію са спазненнем з-за тэхнічных праблем
Суд ЕС адхіліў пазоў «Белавія» аб адмене санкцый