«Дазволілі пакінуць толькі адну цыгарэту». На латвійскай мяжы беларусаў прымушаюць выкідаць алкаголь, каструлі і не толькі
У прыгранічных чатах пішуць, што з 1 ліпеня змяніліся правілы ўвозу тавараў з Беларусі ў Латвію.
01.07.2024 / 14:31
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Пад забаронай — шмат тавараў
Па новых правілах, якія пачалі дзейнічаць з 1 ліпеня, забаронена правозіць з Беларусі касметыку, алкагольныя і тытунёвыя вырабы, тэкстыль, золата, алмазы і іншыя тавары.
Падарожнікі пішуць, што латвійская мытня прымушае выкідаць нават адкрыты пачак цыгарэт. Некаторыя карыстальнікі пішуць, што мытнікі дазваляюць пакінуць толькі адну цыгарэту.
«Нам сёння паведамілі, што згодна з новымі санкцыямі нельга правозіць касметыку, але пры гэтым ні ў каго, здаецца, не забіралі», — дзеліцца беларуска досведам праезду праз мяжу.
Што з таварамі з Duty Free?
Таксама кажуць пра поўную забарону на правоз алкаголю. У тым ліку не беларускай вытворчасці, які быў набыты ў Duty Free. Тое самае тычыцца і касметыкі.
Наколькі строга латвійская мытня ставіцца да выканання новых патрабаванняў, сказаць складана. Адныя пішуць, што агляд быў даволі павярхоўны і мытнікі не заўважылі некаторыя рэчы, якія, па іх словах, нельга ўвозіць. Іншыя наадварот кажуць, што працэс праверкі куды больш жорсткі, чым, напрыклад, пры перасячэнні мяжы з Літвой.
«Правяралі з сабакам. Дапытвалі па маршруце і ўсіх мытных фармальнасцях», — пішуць карыстальнікі.
Нажы і каструлі адабралі
Падарожніца, якая везла печыва, шакаладныя цукеркі, зефір, мёд, прыправы распавядае, што змагла без праблем правезці гэтыя прадукты, хоць латвійская мытня і праганяла сумкі і чамаданы праз сканер.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Але нельга больш правозіць цыгарэты, алкаголь. Спасылаюцца на нейкія санкцыі, якія набылі моц з 1 ліпеня. Па тых жа санкцыях, кажуць, нельга ўвозіць касметыку і наогул шматлікія беларускія тавары. Адбіралі вырабы з металу, нажы, каструлі, некаторыя вырабы з пластыку», — дзеліцца назіраннямі падарожніца.
Іншыя кажуць, што мытнікі паведамляюць пра забарону правозіць і харчовыя тавары.
Чаму так адбываецца?
Хутчэй за ўсё, мытня Латвіі спасылаецца на рэгламент савета ЕС 2024/1865 ад 29 чэрвеня 2024 года. Дакумент аб абмежавальных мерах у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза 30 чэрвеня.
Нагадаем, што менавіта Латвія яшчэ з лета 2022 года мела самыя строгія правілы ўвозу паліва, алкагольных і тытунёвых вырабаў з Беларусі. Без аплаты адпаведных падаткаў гэта можна ўвозіць з Беларусі і Расіі не часцей за адзін раз у 30 дзён.
Чаму беларускія ўлады асцерагаюцца закрыцця мяжы з Польшчай?