Падсанкцыйныя аўто і грузавікі ўсё адно трапляюць у Беларусь і Расію, але ёсць нятанны нюанс
Хутка месяц, як Літва практычна перастала выпускаць у Беларусь падсанкцыйныя ў Расіі аўтамабілі. Легальна экспартаваць раскошнае аўто амаль немагчыма, але гэта не азначае, што людзі з вялікімі грашыма застануцца без прэміяльных машын.
02.07.2024 / 08:40
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Запрацавалі новыя схемы?
Як паведамляюць літоўскія СМІ, у час двухдзённых праверак на пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю былі зафіксаваныя сістэматычныя парушэнні, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі ЕС супраць Расіі і Беларусі.
Гаворка ідзе пра грузавікі і люксавыя аўто, якія ў абыход санкцый трапляюць з Еўропы ў Расію.
Схема працуе даволі проста. Грузавы аўтамабіль нібыта выконвае міжнародную перавозку, але ў краіну рэгістрацыі больш не вяртаецца, а застаецца на тэрыторыі ЕАЭС, дзе верагодней за ўсё размытніваецца і ставіцца на ўлік.
Такім жа чынам з Еўропы трапляюць і люксавыя аўто, вывезці якія легальна пасля 23 сакавіка 2024 года стала складаней, а з 4 чэрвеня амаль немагчыма.
Аўтамабілі, даражэйшыя за 50 тысяч еўра і з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра, увозяць у Беларусь фізічныя асобы, якія пакідаюць аўтамабіль у нас і вяртаюцца ў Еўропу ўжо без яго.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: тэлеграм-канал t.me/belgranica
Такім чынам падсанкцыйны аўтамабіль без дадатковых перашкод трапляе ў Беларусь, а далей, калі трэба, у Расію. Шэраму экспарцёру застаецца толькі з часам вярнуць на радзіму дакументы і нумары, каб зняць такі аўтамабіль з уліку ў краіне рэгістрацыі, калі гэтага патрабуе закон.
Наколькі гэта папулярная схема?
Такая схема наўрад ці будзе карыстацца вялікай папулярнасцю ў перагоншчыкаў. Бо вывезены такім чынам аўтамабіль абыходзіцца даражэй, паколькі немагчыма вярнуць ПДВ, які ў краінах ЕС складае каля 20% (19% у Германіі, 21% у Літве, 23% у Польшчы).
Рэч у тым, што калі перагоншчык купляе свежае аўто ў ЕС для экспарту за межы Еўрасаюза, ён або адразу аплачвае аўтамабіль па цане «нета», або купляе па «брута» і ўжо пасля пацвярджэння вывазу за межы Еўрасаюза вяртае суму, роўную стаўцы ПДВ.
Прыклад, як адрозніваюцца цэны на BMW X5 з улікам ПДВ. Фота: скрыншот з сайта mobile.de
Дзялкам давядзецца забыць на ПДВ
Але такая схема з вяртаннем ПДВ або куплі па цане «нета» працуе толькі ў тым выпадку, калі ўсё адбываецца па законе.
На такі аўтамабіль спачатку афармляюць экспартную дэкларацыю на мытні ўнутры краіны, а пасля на мяжы пры выездзе з ЕС. Паколькі афіцыйна экспартаваць такія аўто фактычна немагчыма, то пра легальныя схемы і вяртанне ПДВ даводзіцца забыць.
Тым не менш, пры вялікім жаданні любы падсанкцыйны аўтамабіль усё адно можа патрапіць да канчатковага пакупніка. Адзінае, што па больш высокай цане.
І калі для канчатковага пакупніка такога аўто асноўная праблема — больш высокі кошт, прадавец можа атрымаць велізарныя праблемы.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Шалёныя штрафы за абыход санкцый
Так, напрыклад, у пачатку года ў латвійскіх СМІ ўжо з'яўлялася інфармацыя пра тое, як бізнэс-лэдзі з Рыгі прыцягнулі да адказнасці за продаж расіяніну Bently коштам 112 552 еўра.
Па фактуры пакупніком шыкоўнага аўто нібыта з'яўляўся грамадзянін Кыргызстана, а фактычным пакупніком быў грамадзянін Расіі, які пасля вывазу з ЕС зарэгістраваў аўто ў Расіі на сябе.
У выніку рыжскі гарадскі суд наклаў штраф у памеры 62 000 еўра на прадпрымальніцу і яшчэ 111 600 еўра на фірму.
Таксама нядаўна паведамлялася пра вобшукі ў нямецкіх аўтадылераў, якіх падазраюць у продажы аўтамабіляў у Расію ў абыход санкцый на мільёны еўра.
«Падчас ператрусаў следчыя наведалі больш за сем офісаў і прыватных уладанняў. Пракуратура падазрае, што ўсяго было здзейснена 190 незаконных экспартных паставак. Аўтамабілі пастаўляліся ў Казахстан, Кыргызстан, Турцыю і Беларусь, адкуль іх перапраўлялі ў Расію ў абыход санкцый. Падчас ператрусаў у аўтадылераў следчыя выявілі доказы такіх паставак», — гаварылася ў СМІ.
Чаму беларускія ўлады асцерагаюцца закрыцця мяжы з Польшчай?