Колькі хлеба і малака можна было купіць на мільён у 2014 годзе і колькі цяпер — на той дэнамінаваны мільён

Колькі прадуктаў першай неабходнасці можна было набыць 10 гадоў таму на мільён недэнамінаваных рублёў і колькі тых жа тавараў змесціцца ў 100 рублёў цяпер, падлічыла BAR24.

04.07.2024 / 14:48

 

Фота: BAR24

Восем гадоў таму, у выніку дэнамінацыі 1 ліпеня 2016 года ў Беларусі, мільён беларускіх рублёў ператварыўся ў сотню. Да цэн без лішніх нулёў беларусы з часам прывыклі. Але тое, як змянілася пакупніцкая здольнасць беларускіх грошай за гэты час, мала хто падлічваў. 

BAR24 знайшоў чэкі з баранавіцкіх крам за ліпень 2014 года. І вырашыў падлічыць, колькі хлеба і малака можна было набыць тады на 1 мільён рублёў. 

Такім чынам, у ліпені 2014 года палова баранавіцкага хлеба ў баранавіцкіх жа крамах каштавала 7400 рублёў. А літр малака мясцовай вытворчасці тлустасцю 3,2% прадавалі за 7450 рублёў. 

Атрымліваецца, што на 1 мільён 10 гадоў таму можна было набыць 135 паловак чорнага хлеба. Або 134 літры малака. 

У ліпені 2024 года падобны хлеб баранавіцкай вытворчасці прадаюць за 1 рубель 44 капейкі. А малако ў Баранавічах і ўвогуле больш не вырабляюць. Але пакет малака таго ж абʼёму і той жа тлустасці ад іншага вытворцы каштуе 2 рублі 4 капейкі. 

На 100 рублёў сёння можна набыць 69 палавінак хлеба. Або 49 літраў малака. 

Выходзіць, што праз 10 гадоў на 100 рублёў у Беларусі можна купіць удвая менш хлеба і амаль утрая менш малака, чым калісьці на мільён.

Беларусь адрэагуе на новыя санкцыі ЕС пастрожваннем правіл імпарту заходніх тавараў

ЕС пашырыў на Беларусь санкцыі, уведзеныя супраць Расіі

Чаму беларускія ўлады асцерагаюцца закрыцця мяжы з Польшчай?

Nashaniva.com