Польскія турысты на «машыне Фунціка» праехаліся па Беларусі і расхвалілі яе на ўсе лады. Што ім так спадабалася?
Рэтра-аўтамабіль «Mercer» прыехаў у Беларусь з Польшчы і адразу ж стаў героем сацсетак. Многія пачалі параўноўваць яго з аўтамабілем з мультфільма «Прыгоды парсючка Фунціка». Аказваецца, такая машына — адзіная ў сваім родзе. Яе 11 гадоў будаваў паляк Ежы Крыніцкі з Лодзі, натхніўшыся аўтапрамам 20-х гадоў XX стагоддзя. Разам з жонкай Даротай Юст-Крыніцкай ён вырашыў пакатацца па Беларусі. Пара заехала ў Ліду, дзе дала інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу, заўважыла Hrodna.Life.
04.07.2024 / 23:04
Скрыншот Hrodna.life з відэа Ліда ТБ
Што за «машына Фунціка»?
Ежы Крыніцкі сам пабудаваў сваю машыну ў рэтра-стылістыцы на шасі мікрааўтобуса Mercedes 207d 1981 года. Ён назваў яе Mercer і кажа, што яна — адзіная такая ва ўсім свеце. Мужчына збіраў аўтамабіль 11 гадоў і скончыў працу ўвосень 2023 года.
Скрыншоты Hrodna.life з відэа Ліда ТБ
У машыне ўсталяваны дызельны рухавік на 2,5 л. Дадаткова ёсць бензінавы генератар: з яго дапамогай на стаянцы можна пагрэцца, прыгатаваць каву, зарадзіць ноўтбук ці нешта яшчэ. Ёсць кандыцыянер, халадзільнік і невялікая ракавіна. Бак месціць крыху больш за 60 літраў, з’ядае машына 11 літраў на 100 км.
Скрыншот Hrodna.life з відэа Ліда ТБ
«Дарогі тут добрыя, прыемна ехаць. А такая машына патрабуе добрых дарог, — расказала Дарота Юст-Крыніцкая пра свае ўражанні ад Беларусі. — Усюды ў вас чыста, прыгожа».
Пара падчас свайго падарожжа наведала Кобрын, Пінск, Баранавічы, Мінск, Навагрудак, Мір і Ліду.
«Нам падабаецца Беларусь, у вас тут спакойна. Можа, Мінск крыху шумны, але ў цэлым нам вельмі падабаецца атмасфера. Маеце цудоўную зеляніну, дагледжаную. Людзі вельмі мілыя, сімпатычныя», — працягвае жанчына.
Пара таксама расказала, чым Беларусь, паводле іх назіранняў, адрозніваецца ад Польшчы.
«У нас крамы ў нядзелю не працуюць. Тут можна зайсці ўсюды. Яшчэ ў Беларусі ёсць крамы, якія працуюць дапазна. У вас адкрытыя банкі ў суботу. У нас не. А сярод тыдня толькі да 12», — адзначыла Дарота.
У Польшчы з 2018 года большасць крам зачыненыя па нядзелях і ў дзяржаўныя выходныя. Ёсць усяго некалькі так званых «гандлёвых нядзель» у годзе, калі крамы адчыненыя.
«Вы вельмі прыязныя і адкрытыя. У нас мала такіх сустрэч, як у вас. Нашыя людзі замкнёныя ў сабе і ў дамах. Не маем зносін паміж сабой, як вы тут. Відаць, што маеце агульныя тэмы, святы. У нас ужо менш», — кажа Дарота пра свае ўражанні ад зносін з беларусамі.
Суддзя-перабежчык Шміт так нахвальваў Лукашэнку, што начыста забыўся пра храналогію падзей
Заткне за пояс Качанаву — як польскі перабежчык Шміт хваліць Лукашэнку