Лейбарысты ўпэўнена перамагаюць на выбарах у Брытаніі
Прэм'ерам стане 61-гадовы Кір Стармер.
05.07.2024 / 07:14
Кір Стармер і яго жонка Вікторыя Александэр. Фота: Kin Cheung / AP
Апазіцыйная Лейбарысцкая партыя перамагае на выбарах у Палату грамадаў Вялікабрытаніі. Такія звесткі экзітполу, апублікаванага Бі-бі-сі пасля закрыцця ўчасткаў увечары ў чацвер, паведамляе Расійская служба Радыё Свабода.
Паводле даных апытання на выхадзе з участкаў, праведзенага кампаніяй Ipsos, лейбарысты могуць атрымаць 410 месцаў у Палаце грамадаў з 650, то-бок абсалютную большасць. Чакаецца, што іх лідар Кір Стармер сфармуе ўрад.
Кансерватары пасля 14 гадоў ва ўладзе адправяцца ў апазіцыю. Іх вынік згодна з экзітполам — 131 месца, што некалькі больш, чым прадказвалі перадвыбарныя апытанні. На трэцім месцы ліберал-дэмакраты, яны могуць разлічваць на 61 мандат.
У парламент праходзяць і прыхільнікі Найджэла Фараджа з правапапулісцкай Партыі рэформаў (13 мандатаў). Значна паменшыцца прадстаўніцтва шатландскіх нацыяналістаў — толькі 10 месцаў. 4 месцы атрымаюць валійскія нацыяналісты, на два можа прэтэндаваць партыя Зялёных.
Паколькі выбары праводзяцца па мажарытарнай сістэме, і ў акругах адрывы паміж кандыдатамі могуць быць вельмі невялікімі, канчатковыя вынікі могуць адрознівацца ад даных экзітполу, аднак перамога лейбарыстаў выглядае прадвызначанай.
Вынікі падліку галасоў стануць вядомыя да раніцы. Верагодна, ужо 5 ліпеня прэм'ер-міністр Рышы Сунак, які стаў прэм'ерам у кастрычніку 2022 года, афіцыйна падасць у адстаўку.
Лейбарысты праводзілі кампанію пад левацэнтрысцкімі, адносна памяркоўнымі лозунгамі (сам Стармер прадстаўляе цэнтрысцкае крыло).
Яны заяўляюць, што палітыка Лондана ў дачыненні да Украіны не зменіцца — Брытанія працягне падтрымліваць гэтую краіну ў супрацьстаянні з Расіяй.
Лейбарысцкая (Рабочая) партыя была створана ў 1900 годзе, упершыню прыйшла да ўлады роўна сто гадоў таму, у 1924 годзе (урад Рамсэя Макдональда) і з таго часу стала галоўнай апазіцыйнай партыяй Кансерватыўнай партыі. Былі ўрады Клемента Этлі, Гаральда Вільсана, Джэймса Калагана, Тоні Блэра, апошні лейбарысцкі ўрад быў Гордана Брауна (2007—2010).
У Брытаніі мяняецца ўлада ўпершыню за 14 гадоў. Чым абярнуцца выбары для Украіны і Еўропы?
Марын Лё Пэн назвала правакацыяй пост МЗС Расіі з яе фотаздымкам і паабяцала падтрымку Украіне
Трамп рыхтуецца да суперніцтва з Камалай Харыс за пасаду прэзідэнта ЗША