З адрэстаўраванага кінатэатра «Перамога» прыбралі Пагоню
Цяпер замест пано ў сталічным кінатэатры пустая сцяна.
06.07.2024 / 07:00
Замест вершнікаў, змаляваных з гістарычнага герба «Пагоня», цяпер пустая сцяна.
5 ліпеня ў Мінску быў адкрыты пасля працяглай рэканструкцыі кінатэатр «Перамога». Былі адрэстаўраваны фасады і інтэр'еры, адноўлены страчаныя элементы і вернута аўтэнтычная каларыстыка. Але не абышлося і без ідэалагічных страт.
Пано з ратушай і Пагонямі ў кінатэатры да рэканструкцыі. Фота: Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Беларусі
Першым сустракае новых наведвальнікаў фае. Тут, вышэй за карніз, паўкружжы сцен пад скляпеннямі ўпрыгожвае серыя жывапісных пано. Але кожны можа заўважыць, што аднаго з іх, у левым тарцы, не стае — замест яго пафарбаваная ў чырвоны сцяна.
Пано выкананы ў адным стылі на тэму старажытнай беларускай гісторыі. На пустым месцы да рэканструкцыі знаходзілася пано, на якім была намаляваная ратуша і чатыры вершнікі, дакладна такія, як на старажытных выявах герба «Пагоня», якія скачуць ад яе ў розныя бакі.
Фае кінатэатра без пано з Пагонямі. Фота: БелТА
Верагодна, гэтыя размалёўкі ў 1990-я гады выканалі тыя ж мастакі Андрэй Задорын, Вячаслаў Лемачка і Васіль Баранаў, якія зрабілі маштабны роспіс, выяўлены пры падрыхтоўцы да рэканструкцыі кінатэатра ў 2022 годзе. На жаль, пярэгарадку, на якой ён размяшчаўся, разабралі разам з роспісам. Ад яго былі захаваныя толькі некалькі фрагментаў.
Пано з царквой і вершнікамі, выкананымі ў манеры маскоўскага іканапісу, да рэканструкцыі. Фота: Анлайнер
Ідэалагічна бяспечных «маскоўскіх» вершнікаў вярнулі на ранейшае месца. Фота: Мінгарвыканкам
Знікненне толькі аднаго з пано інакш як тым, што выява не прайшла ідэалагічную праверку, немагчыма патлумачыць.
Напрыклад, аналагічнае пано на іншым канцы фае, на якім адлюстраваны храм і таксама чатыры вершнікі, але выкананыя ў манеры маскоўскага іканапісу — Святы Георгій перамагае змея, — засталося на сваім месцы.
Рэндар праекта рэканструкцыі. Пано ў фае з Пагонямі меркавалі захаваць. Фота: СБ Беларусь сегодня
Малаверагодна, што адно пано з серыі не паспелі за некалькі гадоў рэканструкцыі адрэстаўраваць. Захоўвалася яно і паводле праектных рашэнняў — прынамсі яго можна бачыць на рэндарах інтэр'ераў.
На час рэканструкцыі пано здымалі на рэстаўрацыю. Фота: СБ Беларусь сегодня
Пано ў фае, відаць, былі зроблены не на самой сцяне, а на здымных паверхнях, таму што на фотаздымках памяшкання ў час рэстаўрацыі бачна, што яны зняты з усіх бакоў. Гэта азначае, што пано з Пагонямі не замаляванае зверху, а проста не вернутае на сваё месца.
Францыска Скарыну на салігорскай школе замянілі на белы шклопакет ФОТА
На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага
Савецкі крындж ці культурная спадчына? Як выглядаюць мазаікі на аўтобусных прыпынках
У Наваполацку склалі першы каталог гарадскіх мазаік ФОТА