Літаратар і цырульнік Сяргей Календа расказаў, як штодня гаворыць з кліентамі па-беларуску
«Камунікаваць з кліентамі кожны дзень па-беларуску — гэта абсалютна натуральна, але пасля пераезду зрабілася яшчэ і адметным», — кажа Сяргей Календа.
07.07.2024 / 09:13
Сяргей Календа, архіўнае фота
У эўрапейскім беларускім выдавецтве «Гутэнбэрг» выйшла новая кніга прозы Сяргея Календы «Стрыжэ і піша». Яе аўтар — самы вядомы беларускі цырульнік сярод пісьменьнікаў і самы вядомы беларускі пісьменьнік сярод цырульнікаў. «Свабода» пагаварыла са спадаром Календам пра адметнасьці новай кнігі, вясёлыя гісторыі з цырульніцкай практыкі, мову ды забаўны дызайн, зроблены штучным інтэлектам.
«Хацелася напісаць кнігу простую, лёгкую»
— Анансуючы вашу кнігу «Стрыжэ і піша», выдавецтва назвала яе кнігай-мэмам. Ці згодныя вы як аўтар дзясятка кніг сур’ёзнай прозы з такім легкаважным азначэньнем новага выданьня? І ўвогуле, што такое кніга-мэм? Чым яна адрозьніваецца, скажам, ад раману, аповесьці, апавяданьня, эсэ?
— Так, я згодны, бо хацелася адысьці ад сур’ёзных рэчаў і напісаць кнігу простую, лёгкую, пра жыцьцё ў прафэсіі. Паказаць, што нават у звычайны працоўны дзень можна ўбачыць штосьці цікавае, незвычайнае. Тым болей цяпер, у сучасных рэаліях, вельмі хочацца паглыбіцца, хоць і часова, у іншы сусьвет, лёгкі.
Я лічу, што «мэм» не зусім карэктна адлюстроўвае зьмест кнігі, але перадае той фармат тэкстаў: коратка, сканцэнтравана на сюжэце альбо нейкай сытуацыі, запамінальна, часта несур’ёзна.
І, відавочна, такі фармат тэкстаў не дацягвае да апавяданьня, ня кажучы ўжо пра эсэ… Але гісторыя ёсьць, і яна мае сюжэт, і, адпаведна, становіцца складнікам кнігі.
«Пісьменьнік мусіць ведаць шмат, і пажадана, болей за ўсіх»
— У назьве вашай новай кнігі першым стаіць слова «стрыжэ». Ці азначае гэта, што вы самі сябе ўспрымаеце найперш як цырульніка, а потым ужо як літаратара? І, дарэчы, як вам удаецца сумяшчаць несумяшчальныя, здаецца, у прынцыпе заняткі?
— Я думаю, што назва склалася таксама без намёкаў наконт першаснай і другаснай справы ў маім жыцьці. Але ўсё-ткі найперш я зарабляю грошы ў цырульніцкім бізнэсе, а потым ужо літаратурай.
Абедзьве справы абсалютна сумяшчальныя! Калі я стрыгу і фарбую, я слухаю людзей, назапашваю гісторыі, пашыраю свой кругагляд. Асабліва люблю разумных, цікавых, начытаных кліентаў, зь імі ёсьць пра што пагутарыць. І паралельна мая літаратурная творчасьць пашыраецца ў сюжэтах, магчымасьцях, бо пісьменьнік мусіць ведаць шмат, і пажадана— болей за ўсіх.
«Гісторый з абразамі кліентаў у кнізе няма»
— На 136 старонках вашай цырульніцкай біяграфіі якіх толькі гісторый ня знойдзеш! Тут і агонь з фэну, і барыкады ад мафіёзнага бандыта-садыста, і стрыжка пад эратычныя стогны кліенткі — вясёлых старонак дастаткова на любы чытацкі густ. Але вы прызнаваліся, што шмат ад якіх гісторый давялося адмовіцца. Чаму? Ці вы баяліся сустрэцца зь непаразуменьнем ці нават гневам вашых кліентаў? І што такога не рызыкнулі паказаць на шырокую публіку?
— Так, сапраўды, каля 50 гісторый не ўвайшлі ў кнігу. Бо былі гісторыі занадта сумныя і асабістыя, і былі тэхнічна накіраваныя толькі для цырульнікаў. Я падумаў, што першыя ня варта ставіць, бо гэта ўжо і пад фармат 18+ не кладзецца, дый увогуле варта мастацтва аддзяляць ад жыцьця. Ну а другія гісторыі аказаліся даволі нецікавымі для шырокага кола чытачоў.
Такім чынам, у кнізе сканцэнтраваліся тэксты максымальна цікавыя, незвычайныя і дынамічныя.
Зь непаразуменьнем я не баюся сутыкнуцца, ніводнага імя і тым болей ніводнай гісторыі з абразамі кліентаў у кнізе няма.
«Адна мая кліентка сказала, што я зь ёю даўжэй, чым два былыя мужы»
— Мяркуючы па кнізе, якіх толькі перашкодаў не даводзіцца пераадольваць вашым кліентам, каб трапіць у рукі любімага майстра — да вас у Вільню, дзе вы цяпер жывяце і працуеце. А ці ведаюць яны, каму давяраюць свае галовы? Ці становяцца яны такімі ж фанатамі вашага літаратурнага таленту, як цырульніцкага? Раскажыце пра такіх вашых кліентаў.
— Кліенты, зь якімі я працую болей за 10-20 гадоў, ведаюць пра мяне шмат, як і я пра іх.
Калісьці адна мая кліентка сказала, што я зь ёю даўжэй, чым два былыя мужы.
І сапраўды, шмат хто з кліентаў — гэта ўжо сябры, сям’я.
Але ёсьць вялікая колькасьць новых кліентаў, якія пра мяне нічога ня ведаюць, і гэта добра, бо немагчыма гутарыць на адну і тую ж тэму. Хочацца быць для кагосьці майстрам, і ўсё. Тым болей я ж не расказваю кожнаму, каго стрыгу, сваю біяграфію.
«Шмат хто стрыгся зь пісьменьнікаў, але гэта было не на пастаянным абслугоўваньні, так, пару разоў»
— А хто са знакамітых беларускіх пісьменьнікаў стрыжэцца толькі ў вас? І кім ён успрымае вас? Тым, хто, як і ён, піша, ці тым, хто стрыжэ? Можаце пра нешта з такіх стасункаў расказаць?
— Ня ведаю, наколькі гэта было б карэктна расказваць пра іх пайменна. Магу сказаць, што шмат хто стрыгся зь пісьменьнікаў, але гэта было не на пастаянным абслугоўваньні, так, пару разоў. Бо ўсе пісьменьнікі вельмі мабільныя і пастаянна жывуць у новых месцах.
«Выкарыстаньне сваёй мовы — яшчэ і гонар, і адмежаваньне ад «расейскага сьвету»»
— Асобная тэма — мова вашай новай кнігі. Яна густа перасыпана прафэсійным слэнгам, вы нават слоўнічак невялікі прыводзіце. Гэта арыгінальныя слоўцы ці пераклады на беларускую? І як часта вам выпадае паслугоўвацца ў цырульніцтве беларускай мовай?
— Без прафэсійнага слэнгу нікуды не падзецца. І я часта яго выкарыстоўваю падчас працы.
І шмат камунікую па-беларуску кожны дзень з кліентамі, гэта абсалютна натуральна, але пасьля пераезду яшчэ аказалася і адметным.
Я цяпер працую ў кампаніі, дзе ёсьць паляк, украінка, я і літоўцы. Таму выкарыстаньне сваёй мовы — яшчэ і гонар, і адмежаваньне ад «расейскага сьвету».
— «Ілюстрацыі да кнігі створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту: яны абсурдныя, але ня болей абсурдныя, чым рэальнае жыцьцё, апісанае ў аповедах Сяргея Календы». Гэтак выдаўцы тлумачаць свой выбар паміж жывым мастаком і штучным для аздабленьня вашай кнігі. А як вы ўспрынялі падобны выбар? Вам не падалося, што мэханістычная правільнасьць малюнкаў не зусім, ці мо зусім не гарманічна глядзіцца побач зь цёплымі чалавечымі расповедамі ў кнізе?
— Мне гэтая ідэя, як і вынік, спадабаліся, у кнізе зьявіўся нейкі крыху псыхадэлічны візуальны фэшн. А без такога ў б’юці-індустрыі нікуды не падзецца!
Па-беларуску выйшла кніга пра грошы для дзяцей
Брытанцы не дазволілі выдаць «Гары Потэра» па-беларуску