Прарасійскі рэгіён Афрыкі, дзе забілі вагнераўцаў, аб'яднаўся ў канфедэрацыю. Дзеля чаго?

Кіраўнікі хунтаў Малі, Нігера і Буркіна-Фасо афіцыйна аб'ядналіся ў «Канфедэрацыю дзяржаў Сахеля», чаму актыўна садзейнічаў Крэмль рукамі наймітаў-вагнераўцаў. Што гэта азначае для свету, прычым тут Беларусь і ці паглыне новая канфедэрацыя ўсіх сваіх суседзяў?

29.07.2024 / 19:12

Лідары афрыканскіх прарасійскіх хунтаў (злева направа): Асімі Гойта (Малі), Амарам Чыяні (Нігер) і Ібрагім Траарэ (Буркіна-Фасо). За іх плячыма знаходзіцца новая «Канфедэрацыя дзяржаў Сахеля» (пазначаная чырвоным) і памерлы кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын. Фоты: Міхаіл Святлоў / Getty Images, vecteezy, твітар-акаўнт кіраўніка хунты Буркіна-Фасо Ібрагіма Траарэ. Калаж: «Наша Ніва»

6 ліпеня тры заходнеафрыканскія краіны (Малі, Нігер і Буркіна-Фасо) падпісалі хартыю аб стварэнні канфедэрацыі пад афіцыйнай назвай «Альянс дзяржаў Сахеля (AES)», ці проста «канфедэрацыя Сахеля». Пра гэта заявіў у X (Твітары) кіраўнік хунты Буркіна-Фасо Ібрагім Траарэ. 

Сахель (што азначае на арабскай мове «мяжа» альбо «ўзбярэжжа») — афрыканскі рэгіён, які знаходзіцца на поўдзень ад пустыні Сахары і прасціраецца ад Атлантычнага акіяна да Чырвонага мора. 

У межах гэтай лініі жыве каля 100 мільёнаў чалавек і размяшчаецца велізарная колькасць мінеральных рэсурсаў, асабліва рэдказямельных металаў, такіх як уран, літый і іншыя.

Афрыканскі рэгіён Сахель. Фота: Wikimedia Commons

Ва ўсіх трох краінах з каланіяльных часоў дамінавала Францыя, якая мела цесныя фінансавыя, палітычныя і вайсковыя сувязі з мясцовымі элітамі, а таксама актыўна змагалася з тэрарыстычнымі і экстрэмісцкімі рухамі. 

Аднак сітуацыя змянілася, бо, пачынаючы з 2020 года, у Сахелі распачалася хваля вайсковых пераваротаў, большасць з якіх прывяла да ўлады хунты, якія моцна сімпатызуюць Крэмлю. Малі, Нігер і Буркіна-Фасо пачалі выганяць са сваёй тэрыторыі вайсковыя кантынгенты краін Захаду, запрашаючы замест іх наймітаў ПВК «Вагнер».

Галоўнымі фактарамі поспеху пераваротаў у Сахелі сталі некампетэнтнасць мясцовых уладаў у барацьбе з тэрарызмам і сепаратызмам, а таксама крыўды мясцовага насельніцтва на Захад (асабліва на Францыю) за каланіяльнае мінулае, на чым умела згуляла Расія, выстаўляючы сябе ў вачах афрыканцаў «змагаром супраць заходняга імперыялізму».

Як адзначала яшчэ ў красавіку мінулага года выданне The Washington Post, прыводзячы матэрыялы з аднаго са злітых сакрэтных дакументаў ЗША, усе гэтыя перавароты або іх спробы, а таксама ўвогуле ўся дзейнасць ПВК «Вагнер» у Паўночнай Афрыцы ставіла перад сабой мэту стварыць прарасійскую канфедэрацыю афрыканскіх дзяржаў на ўсёй лініі Сахеля ад Атлантычнага акіяну да Чырвонага мора, дзякуючы якой Крэмль атрымаў бы непасрэдны доступ да ўсіх рэдкіх рэсурсаў, якія там знаходзяцца, і адпаведна мог бы дыктаваць усяму свету ўмовы.

Як паказаў час, разведка ЗША ў сваіх ацэнках мела рацыю.

Вайсковыя перавароты ці іх спробы ў Афрыцы з 2020 года. Фота: Bloomberg.org

Ідэальны шторм і роля Беларусі

Паводле заяў кіраўнікоў хунтаў трох краін, новая канфедэрацыя Сахеля павінна стаць «паўнавартасным эканамічным, палітычным і вайсковым аб'яднаннем, заснаваным на салідарнасці, узаемапавазе суверэнітэтаў і рэгіянальным інтэграцыйным супрацоўніцтве». 

У якасці прыярытэтаў канфедэрацыя таксама ставіць бяспеку, стабільнасць і барацьбу з беднасцю. 

Уваходжанне ў канфедэрацыю новых членаў з ліку суседніх краін у дакументах непасрэдна не агаворваецца, але і не адмаўляецца.

Усё гэта робіць непазбежным суперніцтва і нават канфлікты з ECOWAS — моцным рэгіянальным блокам з уласным мытным і валютным саюзам, агульным рынкам і органамі ўлады, калектыўнымі ўзброенымі сіламі і гэтак далей, які існуе ўжо амаль 50 гадоў і ў склад якога ўваходзяць большасць краін Заходняй Афрыкі.

Пашпарт з эмблемай ECOWAS — Эканамічнай супольнасці заходнеафрыканскіх дзяржаў, якая цесна звязаная з ЗША, Брытаніяй і Францыяй. Фота: Ecowas.int

ECOWAS мае вельмі цесныя сувязі з Захадам і негатыўна ставіцца да прарасійскіх вайсковых пераваротаў у рэгіёне, бо яны адбываюцца непасрэдна на тэрыторыі яго краін-членаў, што шкодзіць бяспецы і стабільнасці блока. 

Малі, Нігер і Буркіна-Фасо на працягу многіх гадоў самі ўваходзілі ў склад ECOWAS і карысталіся яго інтэграцыйнымі выгодамі (асабліва лагістычнай гандлёвай інфраструктурай), але пад уплывам Расіі выйшлі з аб'яднання, каб ствараць канфедэрацыю Сахеля — па сутнасці крамлёўскую копію ECOWAS.

Сумная іронія — у тым, што яшчэ ўчора тры афрыканскія краіны жылі ў адладжанай дзесяцігодзямі сістэме ўзаемаінтэграцыі, а цяпер будуць вымушаныя будаваць тое ж самае з нуля, падаючы гэта ў якасці дасягнення. Гэта гіганцкі крок назад.

Дадатковай катастрофай з'яўляецца і тое, што сяброўства ў ECOWAS давала Малі, Нігеру і Буркіна-Фасо свабодны выхад да акіяна і марскога гандлю, а цяпер тры краіны фактычна ізаляваныя ў пустэльні, а адносіны з ECOWAS пагоршаныя. 

Існаванне Малі, Нігера і Буркіна-Фасо крытычна залежыць ад марскога гандлю. Іх эканоміка і лагістычная інфраструктура амаль цалкам арыентаваныя на экспарт прыродных рэсурсаў па рачных шляхах у краіны ECOWAS, а адтуль морам на сусветны рынак. Чыгуначныя і авіяцыйныя зносіны ў гэтых краінах развітыя дрэнна.

Цяперашнія суадносіны сіл у Заходняй Афрыцы: чырвоным колерам пазначаны прарасійскія Малі, Нігер і Буркіна-Фасо (усе яны раней былі чальцамі ECOWAS, пакуль у іх не адбыліся вайсковыя перавароты), а шэрым — усе астатнія 12 краін ECOWAS, якія выступаюць супраць прарасійскіх хунтаў у рэгіёне. Фота: Pavan Kulkarni / Peoples Dispatch

Акрамя таго, у навастворанай канфедэрацыі Сахеля застаецца яшчэ шмат істотных праблем, сукупнасць якіх можна назваць ідэальным штормам.

Малі, Нігер і Буркіна-Фасо не кантралююць свае тэрыторыі цалкам, бо разрознена змагаюцца супраць туарэгаў і іншых нацыяльных сепаратысцкіх груповак, а таксама церпяць напады з боку тэрарыстаў «Аль-Каіды» і ІДІЛ, якія трывала заселі ў рэгіёне.

У мінулым гэтай праблемай вайсковым шляхам займаліся Францыя, ECOWAS і міратворчы кантынгент ААН, а цяпер займаецца расійскі ПВК «Вагнер», які адпраўляе сваіх наймітаў у Сахель з Беларусі (а таксама непасрэдна вярбуе беларусаў для адпраўкі ў Афрыку, сярод якіх ужо ёсць адна ахвяра).

Зрэшты, вагнераўцы, хоць і маючы баявы досвед ва Украіне, не здольныя дапамагаць прарасійскім хунтам эфектыўна, бо недаацэньваюць мясцовых супернікаў. Лепшай ілюстрацыяй гэтага стаў татальны разгром калоны вагнераўцаў у Малі, які на днях ажыццявілі туарэгі. Колькасць забітых наймітаў можа складаць больш за 80 чалавек.

Вагнераўцы ў Беларусі. Фота: Мінабароны Беларусі

Паўстанцы-туарэгі пасля перамогі над вялікім атрадам вагнераўцаў і салдатаў прарасійскай хунты Малі. Фота: рэсурсы туарэгаў

Што будзе далей?

Улічваючы ўсё вышэйсказанае, асабліва ўсе праблемы Малі, Нігера і Буркіна-Фасо, новай канфедэрацыі Сахеля будзе амаль немагчыма дасягнуць сваіх мэтаў па росквіце, стабільнасці і бяспецы, калі яна альбо не пойдзе на саступкі Захаду і ECOWAS, альбо не пашырыцца тэрытарыяльна за кошт сваіх суседзяў.

Першы варыянт малаверагодны, бо супярэчыць інтарэсам Крамля па свабодным доступе да ўсіх рэсурсаў рэгіёна, якія маюць прыярытэтнае значэнне для сусветнай атамнай і цяжкай прамысловасці, асабліва для вытворчасці электронікі.

Перамовы канфедэрацыі Сахеля аб пацяпленні адносін з Захадам і ECOWAS не толькі пазбавяць Маскву магчымасці атрымаць манаполію на мясцовыя рэсурсы, але і ствараюць рызыку выходу Малі, Нігера і Буркіна-Фасо з арбіты расійскага ўплыву.

Таму больш верагодны другі варыянт, дзе канфедэрацыя Сахеля паспрабуе паглынуць іншыя краіны ECOWAS, бо ўсе яны маюць жыццёва важны для прарасійскіх хунтаў выхад да мора, а таксама ўрадлівыя землі, багатыя эканамічныя актывы і адладжаную экспартную інфраструктуру на сусветны рынак.

Іншае пытанне, якім чынам Малі, Нігер і Буркіна-Фасо змогуць паглынуць сваіх суседзяў, бо іх рэгулярныя арміі і па колькасці, і па якасці (агулам 32 тысячы салдат пераважна са старым савецкім узбраеннем) нашмат саступаюць узброеным сілам краін ECOWAS (246 тысяч вайскоўцаў з доступам да заходняй зброі).

Калектыўныя ўзброеныя сілы ECOWAS уваходзяць у Гамбію, каб адхіліць ад улады дыктатара, які не жадаў сыходзіць пасля пройгрышу на выбарах, 2017 год. Фота: Andrew Renneisen / Stringer / Getty Images

У любым з вайсковых сцэнароў расклад не на карысць канфедэрацыі Сахеля. Але да непасрэднага сутыкнення з ECOWAS можа і не дайсці, бо Крэмль можа паспрабаваць здзейсніць у краінах блока вайсковыя перавароты, каб тыя самі потым «захацелі» ўвайсці ў канфедэрацыю. 

Адзін з такіх пераваротаў ужо паспяхова адбыўся ў Гвінеі, якая з'яўляецца суседам прарасійскай Малі і мае выхад да мора. Пры гэтым Гвінея, нягледзячы не выказаную падтрымку крамлёўскім хунтам, пакуль што застаецца членам ECOWAS.

Яшчэ патэнцыйнымі цэлямі для прарасійскіх пераваротаў могуць стаць усходнія ад канфедэрацыі Сахеля краіны, такія як Чад і Судан, якія таксама пакутуюць ад грамадзянскіх войнаў, нестабільнасці і нападаў тэрарыстаў. Пераход гэтых краін на расійскі бок дасць канфедэрацыі Сахеля выхад да Чырвонага мора.

ГУР Украіны прызнала дачыненне да ліквідацыі калоны вагнераўцаў у Малі

Скрыня Пандоры. Як Тайвань можа зладзіць апакаліпсіс у Кітаі?

«Возера НАТА». Як Захад перамог Расію ў Балтыйскім моры без адзінага стрэлу

Марк Рыхтэр