Мілінкевіч назваў тры задачы Масквы на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі

«Яны будуць за нас змагацца не менш, чым за Украіну. Пакуль без крыві», — разважае Аляксандр Мілінкевіч.

09.07.2024 / 09:00

«Масква нам ніколі не будзе партнёрам», — перакананы Аляксандр Мілінкевіч. Фота: Contributor Getty Images

У новым выпуску ТОКу былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч адзначыў, што Масква на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі заўсёды ставіла тры задачы.

Першая — гэта пасварыць апазіцыю. Другая — пасварыць Беларусь з Захадам. Калі ў Беларусі арыштоўваюць і збіваюць людзей, Захад вымушаны ўводзіць санкцыі. Так Еўропа аддаляе ад сябе і прыбліжае да Масквы, кажа Мілінкевіч.

Трэцяя задача — напалохаць Лукашэнку так, каб ён хутчэй бег да Масквы.

Мілінкевіч заўважае:

«Памылка нашай дэмакратыі ў тым, што гаварыць пра ўплывы Масквы, што яна мае свае сцэнары, што пэўных людзей выкарыстоўвае, гэта не камільфо. «Так не трэба, непрыгожа, непрыстойна». І гэта шкодзіць нашым поспехам».

Палітык адзначае важнасць разумення ў грамадстве таго, што Масква пастаянна працуе і хоча захаваць Беларусь у зоне свайго абсалютнага ўплыву.

«Пуцін сказаў, што не толькі ўкраінцаў няма як нацыі, але і беларусаў няма. Мы ўвесь час павінны сабе казаць — нас як беларусаў не лічаць за людзей. Мы толькі рускімі можам быць з імі разам. (…) Мы павінны гэтую пагрозу адчуваць. Мы мусім пра яе гаварыць, разумець і нейтралізаваць. Калі не нейтралізуем, то мы прайграем», — адзначыў Мілінкевіч.

Масква нам ніколі не будзе партнёрам, упэўнены ён.

«Мы павінны разумець, асабліва цяпер, што пытанне, што рабіць з Масквой, — экзістэнцыйнае. Пра тое, быць ці не быць Беларусі. З Масквой Беларусі не будзе. Мы можам быць нейкай губерняй у Расійскай імперыі без усякай беларускасці і гісторыі», — папярэджвае палітык.

«Мы мусім не ўдзельнічаць у небеларускіх сцэнарах. (…) Мы на мяжы цывілізацыі, і цяпер ідзе змаганне цывілізацыйнае. Імперыі — Кітайская, Расійская, Іран — могуць моцна папсаваць лёсы краін Еўропы. А наш асабліва. Украіну яны маральна прайгралі. Яны гэта разумеюць. Украінцаў можна забіць, але нельга пакарыць. Украінцы ўсё роўна будуць супраціўляцца.

А ў выпадку беларусаў ім здаецца, што гэта лёгка зрабіць. І ўзнагародай іх імперскай палітыкі — далучэнне (не абавязкова адміністрацыйнае, гэта можа быць узмацненне ідэй «рускага свету»). І яны будуць за нас змагацца не менш, чым за Украіну. Пакуль без крыві. Мы мусім гэта разумець», — адзначыў Мілінкевіч.

Глядзіце цалкам:

Мілінкевіч назваў тых, хто хоча адсунуць Ціханоўскую

Мілінкевіч пра атручанне ў студыі БТ: Не сумняюся, што Домашу далі які-небудзь «Навічок»

Мілінкевіч пра свае дыялогі з Макеем: Ён адназначна быў за незалежнасць і беларускасць

Nashaniva.com