Зяленскі патлумачыў, чаму Орбан не можа быць мірным пасярэднікам

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не лічыць, што Венгрыя можа адыграць пасярэдніцкую ролю ва ўрэгуляванні канфлікту з Расіяй. На думку ўкраінскага прэзідэнта, Пуцін паважае толькі тых, хто мацнейшы за яго, а значыць пасярэднікам можа выступіць абмежаваная колькасць буйных гульцоў. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.

08.07.2024 / 16:49

Уладзімір Зяленскі (справа) падчас сустрэчы з Віктарам Орбанам у Кіеве 2 ліпеня. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

«Што тычыцца прэм'ер-міністра Орбана. Ён быў у Кіеве, пасля гэтага паляцеў у Маскву. Я не ведаў, што ён ляціць у Маскву. Гэта яго незалежны выбар.

Што тычыцца таго, ці можа ён быць пасярэднікам… Няма пасярэдніцтва паміж Расіяй і Украінай. Можа пасярэднікам быць толькі сур'ёзны моцны саюзнік. Увесь свет можа прымусіць Расію спыніць гэтую вайну. Гэта не пра пасярэдніцтва. Гэта пра магчымасці.

Альбо ў цябе павінна быць эканоміка, якая ўплывае на Расію, ці Расія і Пуцін залежаць ад гэтага, альбо ў цябе вельмі магутная армія, якую баіцца Пуцін, якая мацнейшая за расійскую. Ці шмат такіх краін у свеце? Я думаю, што Злучаныя Штаты Амерыкі — такая краіна, я думаю, Кітай — такая краіна, я думаю, Еўрасаюз — не адна краіна ў ЕС, не — а ўвесь Еўрасаюз.

Гэта сапраўды можа быць такая пасрэдніцкая місія, таму мы прапанавалі магчымасці, як ціснуць на Расею і як спыніць Пуціна, а для гэтага трэба аб'яднаць усе сілы.

Ён не паважае тых, хто слабы. І нават калі ён сустракаецца з той ці іншай краінай, гэта не значыць, што ён хоча скончыць вайну. Ён хоча прадэманстраваць нейкія крокі, але за гэтай дэманстрацыяй у яго заўсёды ідзе крывавая дэманстрацыя, якую ён прадэманстраваў сёння раніцай ва Украіне», — сказаў Зяленскі.

У сваю чаргу Дональд Туск заявіў, што палітыкі могуць гаварыць, што працуюць дзеля міру, але насамрэч выступаюць за капітуляцыю.

«Гісторыя памятае палітыкаў, якія гаварылі сабе і іншым, што працавалі на справядлівы мір, а насамрэч працавалі на капітуляцыю. Гэтыя палітыкі запісаныя на ганебных старонках гісторыі», — дадаў Туск.

Ён назваў справядлівым мірам для Украіны сяброўства ў Еўрасаюзе і НАТА. Польскі прэм'ер-міністр запэўніў, што Польшча падчас свайго старшынства прыкладзе намаганні, каб Украіна дамаглася менавіта такога міру, а не таемна абгаворанага ў Крамлі.

Раней прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пасля пераходу з 1 ліпеня старшынства ў Еўрарадзе да яго краіны выправіўся ў працяглае турнэ. Спачатку ён наведаў Кіеў, потым Маскву, затым Баку, сёння правёў перамовы ў Пекіне з Сі Цзіньпінам, а заўтра мае намер прыбыць у Вашынгтон для ўдзелу ў саміце НАТА.

Такім чынам, венгерскі прэм'ер за дзесяць дзён фактычна здзейсніць кругасветнае падарожжа.

Орбан: Сітуацыя відавочная — Пуцін і Расія ўварваліся ва Украіну. Але Расію немагчыма перамагчы

Орбан паведаміў, што з Пекіна накіроўваецца ў Вашынгтон

Орбан прыляцеў у Пекін і сустрэўся з Сі Цзіньпінам

«Тэлефоны праслухоўваюцца сур'ёзнымі хлопцамі». Орбан рыхтаваўся да сустрэчы з Пуціным таемна — як шпіён

Прэм'ер Славакіі пахваліў Орбана за візіт у Кіеў і Маскву

Зяленскі патлумачыў, чаму не пагадзіўся на прапанову Орбана аб спыненні агню

Nashaniva.com