Польшча апярэдзіла ЗША і Германію ў спісе найлепшых краін для эмігрантаў

Сеткавая платформа для экспатаў InterNations прадставіла свой традыцыйны рэйтынг найлепшых краін для пераезду, складзены на аснове апытання меркаванняў карыстальнікаў і бягучых тэндэнцый, піша Myfin.by.

08.07.2024 / 17:07

Цэнтр Варшавы

У рэйтынгу InterNations улічваліся вынікі падрабязнага апытання больш за 12,5 тыс. эмігрантаў з усяго свету. Пад увагу прымаўся ўзровень іх задаволенасці па пяці паказчыках: якасць жыцця, простасць уладкавання, праца за мяжой, асабістыя Фінансы і «асноўныя патрэбы экспатаў», такія як здольнасць знаходзіць жыллё, арыентавацца ў мясцовай мове і г. д.

На першым месцы рэйтынгу апынулася Панама. Экспаты хваляць даступнасць жылля ў краіне і лёгкасць, з якой яго можна знайсці. Акрамя таго, у эмігрантаў у Панаме мала праблем з мовай, амаль усе яны задаволеныя доступам да анлайн-сэрвісаў і простасцю атрымання візы.

Другое месца дасталася Мексіцы — галоўным чынам за лёгкасць уладкавання ў краіне, агульную прыязнасць мясцовага насельніцтва і магчымасці для пошуку сяброў, а таксама за адсутнасць праблем пры прызвычайванні да мясцовай культуры.

Замыкае тройку лідараў Інданезія, якая радуе экспатаў нізкімі цэнамі, прыязнымі людзьмі і лідзіруе па такім паказчыку, як баланс паміж працай і асабістым жыццём.

У топ-10 рэйтынгу таксама ўвайшлі Іспанія, Калумбія, Тайланд, Бразілія, В'етнам, Філіпіны і ААЭ.

З суседзяў Беларусі ў спіс трапіла толькі Польшча, размясціўшыся на 28-м месцы. Пры гэтым вынікі многіх краін, папулярных у мігрантаў, аказаліся горшымі: ЗША — 35-е месца, Францыя — 38—е, Вялікабрытанія — 44-е, Канада — 49-е, Германія — 50-е.

Самым вялікім «няўдачнікам» у рэйтынгу 2024 года стала Фінляндыя: яна апусцілася з 16-га месца на 51-е.

У той жа час Паўднёвая Карэя здолела дамагчыся самага значнага поспеху: за год краіна паднялася з 50-га на 23-е месца, шмат у чым дзякуючы росту задаволенасці экспатаў у сферы асабістых фінансаў.

«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт

Беларускім студэнтам у Польшчы не выплачваюць стыпендыю больш за паўгода. Што адбываецца?

У Варшаве адкрыўся той самы бар «Банки-бутылки». Што атрымалася?

Nashaniva.com