Расійскі ваенпрам сур'ёзна завінаваціўся Беларусі. Не дапамагаюць нават суды
Найбольшая сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў Беларусі лічыцца за прадпрыемствамі, падпарадкаванымі Міністэрству абароны. Камітэт дзяржаўнага кантролю ў заключэнні аб выкананні бюджэту за 2023 год назваў трох найбуйнейшых даўжнікоў. «Флагшток» дзякуючы Аб'яднанню былых сілавікоў Беларусі Belpol азнаёміўся з гэтым дакументам.
08.07.2024 / 19:13
Узоры вайсковай тэхнікі на выставе MILEX-2023 у Мінску. Фота: БелТА
Сума пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці ў арганізацыях Міністэрства абароны на 1 студзеня 2024 года склала 5 818 тысяч BYN (1,8 млн USD). Гэта 51,3% ад усёй пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці па сродках рэспубліканскага бюджэту.
Другое месца па суме пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці займаюць арганізацыі, падпарадкаваныя Гомельскаму аблвыканкаму (3 113,2 тыс. BYN, або 27,5%).
У заключэнні Камітэта дзяржкантролю прыводзіцца падрабязная характарыстыка ўтварэння пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці прадпрыемстваў Міністэрства абароны. Аказалася, што больш за 90% пратэрмінаванай запазычанасці складаюць неадпрацаваныя ў дамоўны тэрмін авансы, выплачаныя вытворцам з Расійскай Федэрацыі.
За Міністэрствам абароны з 2019 года лічыцца пратэрмінаваная запазычанасць у суме 751 тыс. BYN за аплачаныя, але не пастаўленыя
ПАТ «Тантал» (Расія) магнетронныя імпульсныя ўзмацняльнікі. Меры дасудовага і судовага характару па вяртанні бюджэтных сродкаў станоўчых вынікаў да гэтага часу не прынеслі. У 2021 годзе пасля задавальнення пазоўных патрабаванняў Міністэрства абароны ўключана ў рэестр крэдытораў.
Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць агульнай сумай 647,9 тыс. BYN налічваецца ў сувязі з невыкананнем у поўным аб'ёме АТ «Верталёты Расіі» дамоўных абавязацельстваў па рамонце асобных вузлоў тэхнікі.
Гэтая пратэрмінаваная запазычанасць упершыню з'явілася ў лістападзе 2020 года.
Найбуйнейшым па велічыні доўгу контрагентам з'яўляецца ПАТ «ГЗАС імя Папова» (Расійская Федэрацыя).
Гэта прадпрыемства расійскага ваенпраму лічыцца ў даўжніках з лістапада 2023 года ў сувязі з няпоўным выкананнем абавязацельстваў згодна з аплачаным 60-працэнтным авансам у памеры 3 342,4 тыс. BYN. Паводле дамоўленасці, расійскае прадпрыемства павінна было вырабіць і паставіць рухомы вузел сувязі.
Спецыялісты Камітэта дзяржкантролю звяртаюць увагу на той факт, што вынікам затрымкі выканання абавязацельстваў расійскім бокам з'яўляецца адцягненне бюджэтных сродкаў з фінансавага абароту, што прыводзіць да негатыўнага эканамічнага эфекту.
Як будзе выглядаць першы беларуска-расійскі самалёт
Як Лукашэнка зарабляе на вайне — расследаванне «Белпола»
Беларусь распрацоўвае лазерную зброю
Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем