Польшча будзе абмяркоўваць з Украінай магчымасць перахопу расійскіх ракет, накіраваных у яе бок

Кіеў і Варшава дамовіліся абмеркаваць магчымасць перахопу ракет і дронаў, запушчаных у напрамку Польшчы, у паветранай прасторы Украіны. Адпаведны пункт ёсць у пагадненні аб бяспецы, якое сёння, 8 ліпеня, падпісалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

08.07.2024 / 21:50

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск пасля падпісання пагаднення. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе на сайце прэзідэнта Украіны, такі пункт у пагадненні аб бяспецы прадугледжаны ўпершыню, нягледзячы на тое, што падобныя дакументы Украіна падпісала ўжо з 21 краінай.

«Удзельнікі згодныя з неабходнасцю працягу двухбаковага дыялогу і дыялогаў з іншымі партнёрамі, накіраваных на вывучэнне мэтазгоднасці магчымага перахопу ў паветранай прасторы Украіны ракет і дронаў, выпушчаных у кірунку тэрыторыі Польшчы, выконваючы неабходныя працэдуры, узгодненыя дзяржавамі і датычнымі арганізацыямі», — гаворыцца ў дакуменце.

Кіеў і Варшава таксама дамовіліся стварыць на тэрыторыі Польшчы «Украінскі легіён» для падрыхтоўкі асабовага складу Узброеных сіл Украіны. Далучыцца да гэтага легіёну змогуць грамадзяне Украіны, якія знаходзяцца ў Польшчы і іншых краінах.

Іншыя блокі пагаднення тычацца эканамічнага абнаўлення і аднаўлення Украіны, памежнай інфраструктуры, развіцця транзітнага патэнцыялу, а таксама розных аспектаў палітычнага супрацоўніцтва. Бакі таксама дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў абароннай прамысловасці.

Украіна і Польшча падпісалі пагадненне аб бяспецы

Зяленскі патлумачыў, чаму Орбан не можа быць мірным пасярэднікам

Туск: Прыцягненне ў Польшчу беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць «замежную агентуру»

Nashaniva.com