Дзікавіцкі адрэагаваў на абвінавачанні пракуратуры супраць былой кіраўніцы «Белсата»

Паводле звестак польскага радыё Zet, ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжыванні былой дырэктаркай «Белсата». Дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» пракаментаваў гэта.

09.07.2024 / 14:52

Аляксей Дзікавіцкі, выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата», адказвае на пытанні журналістаў падчас прэсавай канферэнцыі. Варшава, 20 сакавіка 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Як даведалася радыё Zet, заява ліквідатара TVP датычыць фінансавых парушэнняў, невыканання абавязкаў і злоўжывання паўнамоцтвамі.

Падазрэнні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, праз якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (на сёння гэта каля 1,78 млн долараў). Паводле аўдытараў, як перадае Zet, кіраўніцтва «Белсата замаўляла IT-паслугі без тэндару і аналізу рынку ў фірмаў, якія не мелі адпаведнага досведу і нібыта былі нават створаныя спецыяльна пад канкрэтную замову.

Акрамя таго, паводле аўдытараў у пераказе Zet, пэўныя паслугі дубляваліся.

«У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжыванні пры замове IT-паслугаў «Белсатам», — пракаментаваў гэта выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі. — Я ніколі не курыраваў тэхнічных пытанняў, але з рацыі пасадаў, якія займаў на тэлеканале, пра магчымыя парушэнні хутчэй ведаў бы, і, гэта відавочна, не было б на нешта падобнае маёй згоды. Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацвердзяць».

Таксама сітуацыю пракаментавала Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсата», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года.

Яна перадала медыям заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых, паходжання якой яна не можа зразумець. Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсата».

Яна заяўляе, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», а сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце каналу, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў.

Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсата» — сістэмы і сайты «Белсата» зламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсата» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.

Беларуская актрыса, якая сыграла палітзняволеную Кацярыну Андрэеву, адчыніла кнігарню ва Уроцлаве

«Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структуры TVP

«Мой каханы не чытае навіны, калі яны напісаныя па-беларуску». Дар'я Царык стала на абарону рускай мовы і прыпляла нават Пазняка

Nashaniva.com