Пасля ўвядзення новых абмежаванняў велізарная чарга на мяжы з Польшчай рассмакталася за некалькі гадзін

На беларуска-польскай мяжы сёння можна было назіраць анамальную сітуацыю, калі чарга з амаль 200 машын рассмакталася за лічаныя гадзіны. Усяму віной — новыя абмежаванні ад польскага боку.

09.07.2024 / 16:03

Ілюстрацыйны здымак. Фота: t.me/terespol

Ужо другі раз цягам ліпеня на беларуска-польскай мяжы цалкам знікаюць чэргі з легкавікоў. Прычына абодвух разоў — новыя абмежаванні.

У ноч з 4 на 5 ліпеня чаргі не стала пасля навіны пра забарону на вываз у Беларусь шырокага спісу тавараў. 

Пазней калейка зноў пачала збірацца. У панядзелак на піку выезду з Беларусі чакалі больш за 220 машын. Але адноўленыя чэргі пратрымаліся нядоўга, бо Польшча перастала прапускаць беларускія аўтамабілі, калі ў салоне няма ўласніка. Таксама пад забарону на ўезд у Польшчу трапіў транспарт, які належыць юрыдычным асобам.

У ноч з 8 на 9 ліпеня чарга з ахвотных трапіць на аўтамабілі ў Польшчу зноў пачала імкліва скарачацца. Калі апоўначы выезду з Беларусі чакалі 175 легкавікоў, то ўжо бліжэй да 10 раніцы чарга цалкам знікла, што нетыпова для гэтага пераходу.

Тыдзень таму ў гэты ж час у чарзе стабільна стаяла больш за 200 аўто. Тое самае было і два тыдні таму. А вось тры тыдні таму, у аўторак 25 чэрвеня, выезду з Беларусі цягам дня чакалі 350-400 легкавікоў. Роўна месяц таму ў чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу цягам дня таксама стаялі каля 400 аўто.

Чэргі на выезд з Беларусі ў пункце пропуску «Варшаўскі мост». 9.06.2024/2.07.2024/9.07.2024. Фота: скрыншоты з сайта ДПК Беларусі

Нагадаем, што пасля прыняцця новых санкцый суседнія краіны ЕС паступова ўводзяць новыя абмежаванні ў дачыненні да беларусаў. Важная адметнасць новага пакета санкцый у тым, што яны закранаюць не толькі юрыдычных, але і фізічных асоб.

@nashaniva Увага! Польшча перастала пускаць фуры з Беларусі #дальнобойщики #дальнобой #белорусывпольше #беларусь #польша #нашаніва ♬ Suspense Thriller - Nitesail

Чаму Польшча забараніла вываз тавараў фізічным асобам і якія тавары цяпер нельга правезці?

Nashaniva.com