Курсанту МУС пагражае да 25 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве» і «падрыхтоўку да ўдзелу ў вайне»

Магчыма, 21-гадовы Ілля Нарышкін хацеў далучыцца да беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне.

10.07.2024 / 12:00

Ілля Нарышкін. Фота: «Беларусь-2»

Іллі Нарышкіну 21 год. Родам ён са Слоніма, але частку дзяцінства правёў у Гродне.

Бацька Іллі — украінец, нарадзіўся ў Крывым Розе. Ён яшчэ ў савецкі час скончыў авіяцыйную вучэльню, але працаваў інжынерам-механікам у розных краінах. З маці хлопца яны вельмі даўно не жывуць разам.

Па вышэйшую адукацыю Ілля пайшоў у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. Зараз ён меў бы скончыць трэці курс крымінальна-выканаўчага факультэта.

Вядома, што ў час вучобы ён жыў актыўным жыццём — выступаў у розных конкурсах і нават удзельнічаў у інтэлектуальнай гульні ад тэлеканала «Беларусь-2», якая называецца «Вежа». Апошнія публічныя звесткі пра яго датуюцца сакавіком 2023-га.

Звесткі Іллі Нарышкіна з'явіліся ў раскладзе судоў. А высветліць яго асобу атрымалася дзякуючы Digital intelligence team і базам «Кіберпартызанаў».

Суд над хлопцам пачынаецца 22 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «здрада дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус вайскоўца» (ч. 2 арт. 365 КК) і «ўдзел у вайне на тэрыторыі іншай дзяржавы, вярбоўка або падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу» (ч. 1 арт. 361-3 КК).

Па апошнім часцей за ўсё судзілі людзей, якія выказвалі намер паехаць ваяваць на баку Украіны, выказвалі анлайн або афлайн. Некаторыя з гэтых людзей перапісваліся з фэйкавымі ботамі Палка Каліноўскага, створанымі лукашэнкаўскімі спецслужбамі.

@nashanivanews Маладому курсанту пагражае да 25 гадоў турмы #беларусь #войско #рб #лукашенко #солдат #курсант ♬ Stargazing (Slowed + Reverb) - Marcelo De Carvalho

Судзіць Нарышкіна будзе Юрый Казакевіч — суддзя, які больш за дзесяць гадоў выносіць палітычныя прысуды. Праўда, да 2020-га гэта былі адміністрацыйныя справы.

Берасцейцу Яўгену пагражае да пяці гадоў турмы за «ўдзел у вайне»

Тры простыя парады, каб не натрапіць на фэйкавыя ініцыятывы ў Telegram

У інтэрнэце зніадкуль з'явілася «Брыгада Касцюшкі». Асцярожна, гэта можа быць правакацыя

Nashaniva.com