Кіраўнік Цэнтра выдачы асабістых дакументаў Літвы адхілены ад пасады пасля расследавання БРЦ

Нерыюс Рудайціс, які ўзначальваў цэнтр выдачы асабістых дакументаў Літвы (ADIC), быў адхілены з пасады пасля расследавання БРЦ пра сувязь з рэжымам Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе БРЦ са спасылкаю на 15min.lt — суаўтараў расследавання. Менавіта гэта фірма стала партнёрам вырабу «пашпарта Новай Беларусі».

10.07.2024 / 11:22

 Раней расследавальнікі высветлілі, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала бланкі дакументаў для грамадзян Літвы і абраная для друку пашпартоў «Новай Беларусі», звязаная з фірмай GP Holographics і беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі. 

Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кыргызстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Зараз праверку ў дачыненні да яе вядуць адначасова Служба па расследаванні фінансавых злачынстваў і Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы, піша БРЦ. 

Вынікі праверак могуць прывесці да анулявання кантракту Garsų pasaulis з літоўскім МУС. З 2014 года кампанія garsas pasaulis выйграла ўсе тры тэндары на выраб бланкаў пашпартоў у Літве, апошні з якіх быў у 2022 годзе на суму больш за 30 млн еўра. 

Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Літвы Агнеты Ладэк, у выпадку скасавання кантракту з Garsų pasaulis, МУС разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты друку дакументаў і ўлічыць вопыт Польшчы і Германіі, дзе пашпарты вырабляюць дзяржаўныя кампаніі.

Літоўская дзяржбяспека расследуе пытанне магчымай сувязі кампаніі, звязанай з вырабам пашпартоў Новай Беларусі, з рэжымам Лукашэнкі

«Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі». Герой расследавання пра пашпарт Новай Беларусі расказвае сваю версію падзей

Кампанія, якая прапаноўвала свае паслугі друку «пашпарта Новай Беларусі», звязаная з бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі

Nashaniva.com