Праверкі тэлефонаў, «дзіравыя» санкцыі, багатыя мінчукі і адчувальнасць да камунізму. Што здзівіла палякаў у Беларусі

Ужо два гады ў Беларусі дзейнічае бязвізавы рэжым для грамадзян Польшчы. Паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, за гэты час краіну наведала больш за 88 тыс. палякаў, з іх толькі сёлета — больш за 24 тыс. Журналіст выдання Most пагаварыў з палякамі, якія нядаўна ўпершыню ў жыцці пабывалі ў Беларусі, пра тое, чым іх здзівіла суседняя краіна. Імёны суразмоўцаў змененыя ў мэтах бяспекі.

10.07.2024 / 23:31

Мяжа: праверка тэлефонаў, пытанні пра танк-помнік і паездкі ва Украіну

Гжэгаж ездзіў у Мінск па працоўных пытаннях. Каб трапіць у Беларусь, яму давялося прастаяць на памежным пераходзе 9,5 гадзіны. Паляк кажа, што яму яшчэ пашанцавала: у некаторых гэты працэс займае больш за 20 гадзін.

Мужчына ўпэўнены, што памежнікі — і беларускія, і польскія — спецыяльна зацягваюць працэдуры, каб адбіць у людзей ахвоту перасякаць мяжу.

«Я яшчэ памятаю, як выглядала перасячэнне мяжы Польшчы да 1989 года. І дакладна гэтак жа цяпер выглядае перасячэнне беларускай мяжы з усімі краінамі ЕС», — сцвярджае Гжэгаж.

Ён упэўнены, што супрацоўнікі спецыяльна зацягваюць працэдуры, праводзяць іх павольна і скрупулёзна, а нярэдка машыны проста стаяць гадзінамі перад шлагбаўмам пасля ўсіх праверак.

Акрамя таго, беларускія памежнікі ладзяць праверкі тэлефонаў. Гжэгаж іх пазбег і на ўездзе, і на выездзе. Але ўсіх ягоных калегаў, якія ехалі ў іншым аўтамабілі, папрасілі паказаць галерэю смартфона. Асабліва моцна вайскоўцаў зацікавіла фатаграфія з танкам-помнікам.

Міхал наведаў Беларусь як турыст. Ён прастаяў на мяжы каля васьмі гадзін і пацвярджае словы земляка: у яго праверылі не толькі галерэю тэлефона, але і кантакты, а акрамя таго, правялі гутарку. Прычынай такой увагі сталі пяць украінскіх штампаў у пашпарце, пастаўленыя пасля пачатку вайны.

«Размова доўжылася хвілін з дзесяць, — расказвае паляк. — Пыталіся, куды еду, навошта, ці служыў у войску. Цікавіліся рознымі асабістымі справамі, такімі як праца і гэтак далей, ну і тым, што рабіў ва Украіне. Супрацоўнікі размаўлялі спакойным нязмушаным тонам. Размаўлялі па-польску, так што ўсё было зразумела».

Дадому абодва мужчыны вярталіся праз трэція краіны. Гжэгаж паехаў праз Латвію і прастаяў на памежным пераходзе пяць гадзін, а Міхал — праз Літву, дзе праходжанне мяжы заняло ўсяго гадзіну. Калі ехаць у Польшчу наўпрост, на мяжы можна затрымацца на 30-40 гадзін.

Мінск: таннае паліва, «дзіравыя» санкцыі і шмат багатых людзей

Ні Гжэгаж, ні Міхал раней не наведвалі Беларусь. Першы мужчына толькі ў дзяцінстве, яшчэ ў часы СССР, быў у нашай краіне праездам.

Абодва кажуць, што сённяшні Мінск іх уразіў. Яны апісваюць паркі, сучасныя будынкі, разнастайнасць аўтамабіляў, на якіх ездзяць мясцовыя жыхары, таннае паліва і поўныя паліцы ў крамах. Мужчыны згаджаюцца, што беларуская сталіца — гэта атмасфернае месца, «поўнае багатых людзей».

«Мая рэакцыя на Мінск — гэта тыповая рэакцыя паляка, — смяецца Гжэгаж. — Таму што мы, калі ўяўляем Беларусь, думаем, што тут такая ж беднасць, як у нас была ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Але фактычна, прынамсі калі казаць пра сталіцу, гэтай беднасці тут няма».

Больш за ўсё паляка ўразіла колькасць гандлёвых цэнтраў, якія не саступаюць варшаўскім, у тым ліку і ў разнастайнасці тавараў сусветных вытворцаў. Гэта асабліва здзіўляе мужчыну, улічваючы, што на Беларусь накладзеныя санкцыі.

«Падобна, да Беларусі навіна, што яе накладзеныя санкцыі, яшчэ не дайшла, — жартуе ён. — Я з'яўляюся кліентам адной швейцарскай фірмы, якая робіць будаўнічы электраінструмент, — прыводзіць прыклад Гжэгаж. — І яе прадстаўнікі ў Польшчы былі ўпэўненыя, што іх няма ў Беларусі. А я знайшоў. Так што ў мяне склалася ўражанне, што альбо гэтыя санкцыі вельмі дзіравыя, альбо іх неяк абыходзяць».

Людзі: устойлівасць перад прапагандай і гатоўнасць дапамагаць

З беларусамі Гжэгаж у асноўным меў зносіны па пытаннях, звязаных з працай. Гутаркі не былі настолькі адкрытымі, каб яго суразмоўцы выказваліся пра сітуацыю ў краіне. Асноўных прапагандысцкіх тэзісаў — пра тое, што дэмакратычныя рэжымы Еўропы дрэнныя, або пра праблемы Польшчы — паляк ад беларусаў таксама не чуў.

«Мне не падалося, што прапаганда неяк уплывае на людзей. Я не буду сцвярджаць, што гэтага няма, але я з гэтым не сутыкаўся», — расказвае ён.

Гжэгаж звярнуў увагу на адкрытасць беларусаў і гатоўнасць дапамагаць. Яму запомнілася сітуацыя з пошукам жылля для калег. У гатэлі, куды яны першапачаткова засяліліся, не было кухні, дзе можна самастойна гатаваць.

«Я размаўляў пра гэта з дзяўчынай на рэцэпцыі, і яна была настолькі зацікаўленая мне дапамагчы, што прысвяціла гэтай праблеме гадзіны з дзве свайго часу і знайшла для мяне мноства варыянтаў. Яна дапамагла мне проста так, не чакаючы ніякай узнагароды за гэта. Гэта было вельмі прыемна», — расказвае паляк.

Мужчына не можа ўспомніць негатыўных момантаў, звязаных з беларусамі, і не стамляецца хваліць іх спагадлівасць: «адным словам, браты-беларусы».

Міліцыя: спалоханы патрульны і ветлівы даішнік

Дапамогу Гжэгаж атрымаў нават ад беларускай міліцыі. Паляк не мог знайсці хостэл і падышоў да патрульных каля аднаго з пасольстваў. Ён успамінае, што міліцыянер быў трохі напалоханы.

«Мабыць, міліцыя ў Беларусі не прывыкла, каб грамадзяне падыходзілі нешта спытаць. Хутчэй яны самі падыходзяць да грамадзян і пытаюцца. Я не кажу, што так і ёсць, але такое ў мяне склалася ўражанне», — дзеліцца Гжэгаж.

Другі кантакт з міліцыяй адбыўся, калі мужчына ехаў на сваім аўтамабілі па адной з цэнтральных вуліц горада. Ён адзначае, што за ўвесь час не бачыў у Менску ніводнай іншай машыны на польскіх нумарах. Напэўна, гэтым яго аўто і прыцягнула ўвагу — яго спынілі для праверкі дакументаў.

«Яны папрасілі ў мяне тэхпашпарт, страхоўку, пасведчанне кіроўцы. Праверылі, ці не быў я сфатаграфаваны фотарадарам. І ўсё — з усмешкай пажадалі добрага дня», — успамінае мужчына.

Сімптомы аўтарытарызму: размах Палаца Незалежнасці, рэгістрацыя іншаземцаў і адчувальнасць да камунізму

Палякі кажуць, што на вуліцах Мінска даволі шмат міліцыі, і гэта «не схіляе да адчування свабоды». Гжэгаж адзначае і іншыя «сімптомы» аўтарытарнай дзяржавы: абавязковую рэгістрацыю для іншаземцаў, якія жывуць па адным адрасе больш за 10 дзён, аднолькавыя цэны нумароў у розных гатэлях, адныя і тыя ж курсы валют у розных абменных пунктах.

«Вельмі прыкметна, хто кіруе ў Беларусі, — працягвае паляк. — Я быў уражаны размахам Палаца Незалежнасці, напрыклад. А яшчэ я бачыў картэж Пуціна і шчыра прызнаюся, што Джо Байдэн — гэта бядняк у параўнанні з Пуціным, калі казаць пра размах, даўжыню і раскошу картэжу».

Гжэгаж быў у Мінску ў канцы мая — тады ў горадзе яшчэ заставаліся святочныя канструкцыі, плакаты і мазаікі, прысвечаныя Дню Перамогі. Гэта таксама здзівіла паляка, аднак ён кажа, што такую «ўсюдыісную адчувальнасць да перамогі над фашызмам» ён ужо бачыў у сябе на радзіме ў 1980-х.

«Браты-расіяне навязалі ўсе гэтыя наратывы і нам, і вам, і ўкраінцам, і ўсім, каму змаглі… У Беларусі, прынамсі ў Менску, мы маем справу з адчувальнасцю да камунізму, з усімі гэтымі глупствамі [у выкарыстанні тэмы] Вялікай Айчыннай вайны, — разважае ён. —

Напрыклад, калі едзеш па кальцавой, то бачыш білборды з фотаздымкамі і кароткімі біяграфіямі герояў Вялікай Айчыннай вайны. Але, з іншага боку, усё гэта суседнічае з сучасным салонам BMW, які адкрыты нават у нядзелю, або са штаб-кватэрай якой-небудзь заходняй фірмы».

Турыстычны патэнцыял: зачараванне Дзвіной, некранутая прырода і часы, «калі будзе кіраваць нехта нармальны»

Гжэгаж кажа, што з задавальненнем прыедзе ў Беларусь яшчэ раз як турыст — з дзецьмі, сям'ёй. Але толькі калі мяжа стане больш адкрытай. Ён упэўнены, што за ягоным прыкладам пойдуць і іншыя палякі.

«Турыстычны патэнцыял у Беларусі гіганцкі, — тлумачыць ён. — Страшна крыўдна, што вы яго не выкарыстоўваеце. Я быў вельмі зачараваны Дзвіной, якую бачыў, калі ехаў да латвійскай мяжы, а таксама некранутай прыродай на поўначы Беларусі. Калі гэтай краінай будзе кіраваць хтосьці нармальны, на маю думку, яна раскрые свой патэнцыял і яе будуць наведваць людзі з усяго свету».

Беларуская чыгунка дала парадаксальны адказ, чаму англійская мова знікла з галоўнага вакзала краіны

Як выглядае эканамічнае супрацоўніцтва Польшчы з Беларуссю напярэдадні магчымага закрыцця межаў. Здаецца, Польшчы ёсць што губляць

«Пыталіся, як я стаўлюся да Лукашэнкі». Літовец хацеў трапіць у Беларусь, але яго не пусцілі

Лукашэнкаўскі «бязвіз» узяў чарговую вышыню — больш за паўмільёна чалавек. Але гэта не ўнікальныя наведвальнікі

«Каля 450 тысяч замежнікаў наведала Беларусь па бязвізе». Праўда? Выглядае, што ў разы менш

Nashaniva.com