Беларуска падарожнічае па самых бедных краінах Афрыкі і расказвае — як гэта, калі цябе пастаянна разводзяць на грошы

Як выглядае самы стромны афрыканскі хостэл, што стала з палацам растафарыянскага бога і а якой канчаецца каменданцкая гадзіна — пра ўсё гэта яна распавядае па-беларуску ў сваім блогу.

14.07.2024 / 08:00

Таццяна ў афрыканскай вёсачцы. Кадр з роліка

Таццяна жыве ў Бельгіі і вядзе тыкток-канал «Першы вандраўнічы», у якім на беларускай мове расказвае пра свае экзатычныя падарожжы па Афрыцы. Беларуска наведала ўжо 64 краіны свету, але яе відэаблогу яшчэ ўсяго паўгода, таму ў яго трапілі толькі апошнія вандроўкі па Сьера-Леонэ, Ліберыі, Кот-д’Івуары і Эрытрэі.

Усе гэтыя краіны Чорнай Афрыкі належаць да ліку самых непаспяховых і, адпаведна, вельмі небяспечных. Большасць з іх перажылі ў сваёй нядаўняй гісторыі грамадзянскую вайну, ад наступстваў якой не могуць адысці дагэтуль.

Таццяна расказвае ў канале, што падарожнічае са сваім мужам Крысам. У канцы мінулага года яны разам выправіліся ў Заходнюю Афрыку. Першай краінай стала Сьера-Леонэ, для наведвання якой давялося атрымаць у Бруселі візу за 100 еўра.

@1_vandraunichy Другая частка паромных прыгод. Мала прыляцець у Фрытаўн, да яго трэба яшчэ дабрацца! #sierraleonetiktok #sierraleone #африка #афрыка #путешествия #путешествияафрика #ціктокпабеларуску #беларускіцікток #тіктокукраїна #тіктокбеларусь #фритаун #freetown ♬ оригинальный звук - Першы вандраўнічы

Калі вы прыляціце ўначы, як і блогерка, то давядзецца сутыкнуцца з мясцовай рэчаіснасцю — каменданцкай гадзінай да 6-й раніцы — спадчынай неспакойнага мінулага.

Акрамя таго, міжнародны аэрапорт знаходзіцца па іншы бок заліва ад Фрытаўна, трапіць у сталіцу можна толькі на пароме, якога трэба чакаць яшчэ некалькі гадзін.

Заходняя Афрыка багатая на райскую прыроду і ландшафты з вадаспадамі і горамі. Прыкладам, адна з галоўных разынак Фрытаўна — пляж River No 2, дзе здымалі рэкламу знакамітых батончыкаў Bounty.

Праўда, за прыгожыя прыродныя краявіды часам даводзіцца прыплаціць мясцовым. Белых турыстаў ад самага пачатку тут спрабуюць развесці на грошы: заламаць цану за праезд на тук-туку ў 7 разоў большую ці навязаць абсалютна непатрэбныя паслугі.

У Афрыцы еўрапейцы адразу становяцца багацеямі — за 50 еўра ў абменніку беларусцы выдалі цэлы стос мясцовых купюр.

@1_vandraunichy Ну вось мы і даехалі з Сьера-Леоне да Ліберыі. І нават крыху пакрымінальнічалі ;) #вандроўкі #путешествия #африка #беларусь #беларускіцікток #ціктокпабеларуску #афрыка #автостоп #граница #либерия #сьерралеоне @Першы вандраўнічы ♬ TikTok All-Star (V2) - Official Sound Studio

Перасоўваецца беларуска па Афрыцы звычайна аўтаспынам, у тым ліку ўнутры грузавікоў, бо з грамадскім транспартам тут не вельмі.

Мясцовы транспарт працуе па запоўненасці, не па раскладзе, а таму можа спазняцца на некалькі гадзін. Паўсюль — ці гэта паром, ці аўтобус — выступаюць хрысціянскія і мусульманскія прапаведнікі.

Прыватныя кіроўцы доўга сварацца, высвятляючы, каму дастануцца валютныя пасажыры. Дарогі грунтавыя нават на мясцовых «аўтабанах», у машыну на заднія месцы набіваецца не менш за 4 пасажыры.

У падарожжах абавязковым пунктам ідуць запаведнікі, мясцовыя музеі з незвычайным каларытам культавых убораў, масак і іншых дзівосаў, рынкі, мясцовыя забягалаўкі.

@1_vandraunichy Паядзім рыбкі?:) #sierraleonetiktok #тіктокбеларусь #беларускіцікток #ціктокпабеларуску #sierraleone #путешествия #вандроўкі #афрыка #кухня #африканскаякухня #рыба #ресторан #рэстаран ♬ Cooking Time - TonsTone

Беларуска не баіцца каштаваць любыя афрыканскія стравы, нават калі на пах і смак яны не вельмі. Снедаць ідзе туды, куды ходзяць звычайныя жыхары, каб зразумець, як яны рэальна жывуць і пабачыць забаўныя бытавыя сцэнкі. Некаторыя з мясцовых рэстаранаў могуць быць нават «з прэтэнзіяй» — мець мыла ў туалеце. 

Жанчына прызнаецца ў блогу, што адна з прычын, чаму яна любіць Афрыку — неймаверна танная садавіна. Вялікую папаю можна набыць за 50 еўрацэнтаў, а какос за 30, тады як у Еўропе яны будуць каштаваць у дзясяткі разоў даражэй.

Таццяна ў сваіх роліках таксама дзеліцца мясцовымі афрыканскімі лайфхакамі, напрыклад, паказвае антыкамарынае дрэва, сок якога абараняе ад надакучлівых і небяспечных насякомых.

Блогерка паказвае, як вырошчваюць дрэвы какавы, як робяць муку з карэнняў мясцовай маніёкі. Звыклыя для беларусаў хатнія расліны кшталту дыфенбахіі, таўсцянкі Таццяна знаходзіць проста на вуліцах ці ў лесе.

@1_vandraunichy Як мы ночым?:) #тіктокбеларусь #беларускіцікток #афрыка #африка #вандроўкі #путешествия #палатка #намёт #сьерралеоне #беларусь #минск #беларусыпутешествуют #беларусыпольши ♬ Countryside - Andrew Joy

Падарожнічаюць па невялікіх вёсках, дзе белыя прышэльцы адразу становяцца ўпадабаным атракцыёнам для мясцовых дзяцей. Каб спыніцца тут з намётамі, трэба атрымаць дазвол старэйшыны — як і ўсё ў Афрыцы для турыстаў, такія пытанні вырашаюцца за грошы.

Але гэта нашмат танней, чым зняць гатэльчык на востраве ў нацыянальным парку. Такая начоўка можа каштаваць 50 еўра, праўда, за такую еўрапейскую цану выгоды ў нумары будуць мясцовыя — кранік з вядром.

У большасці такіх маляўнічых мясцін беларуска з мужам Крысам былі адзінымі турыстамі.

Наступным пунктам была Манровія, сталіца суседняй Ліберыі. Нават трымаць тэлефон у руцэ там небяспечна, таму ён прывязаны да рукі. У некалі адной з найбольш багатых краін у Афрыцы на працягу 20 гадоў ішла грамадзянская вайна, якая давяла яе да галечы і разрухі.

Але, адказваючы на пытанні пра бяспеку, Таццяна смяецца, што аднойчы ёй давялося ўцякаць ад статка буйвалаў.

А вось да небяспекі мясцовых хвароб яна ставіцца больш сур'ёзна — прышчэпленая ад гепатытаў, жоўтай ліхаманкі, поліяміеліту і чагосьці яшчэ, пра што не памятае. 

@1_vandraunichy Паход на гару Німба, прыгожыя краявіды і шмат карабкання :) #ліберыя #вандраўніца #афрыка #беларускіцікток #ціктокпабеларуску #африка #путешествия #мінск #беларусь #мова @Першы вандраўнічы ♬ Countryside - Andrew Joy

У Ліберыі іх сустрэлі закінутыя выпрацоўкі і заводы. Нават найвышэйшы пункт рэгіёна, гара Німба, якая служыць стыкам межаў Ліберыі, Гвінеі і Кот-д’Івуара, аказаўся ледзь не скапаны, калі тут здабывалі руду. Ад былой раскошы засталіся толькі закінутыя руіны лакшэры-гатэляў.

Толькі на мяжы з Кот-д'Івуарам вандроўнікі нарэшце сустрэлі прыстойную кавярню. «Нарэшце французскі добры ўплыў!»

Другое падарожжа Таццяна і Крыс зладзілі на іншы канец кантынента — на Афрыканскі Рог. Першай і пакуль адзінай наведанай тут краінай стала Эрытрэя.

Эрытрэя — гэта краіна, якая атрымала незалежнасць ад Эфіопіі ў выніку 30-гадовай вайны. З моманту здабыцця незалежнасці ў 1993 годзе ёй бяззменна кіруе прэзідэнт Ісаяс Афеворкі, лідар адзінай легальнай партыі ў краіне. Эрытрэя — тыповая таталітарная дыктатура, яе ўрад лічыцца адным з найгоршых у свеце. Большая частка краіны закрытая для наведвання, як у КНДР і Лівіі.

Каб трапіць у Эрытрэю, таксама трэба атрымаць візу, якая запаўняецца ад рукі — тэхналогію друку там яшчэ не асвоілі.

У адрозненне ад субэкватарыяльнай Заходняй Афрыкі, тут пануе засушлівы трапічны клімат з больш сціплай прыродай — за акном машыны толькі велізарныя кактусы ды вярблюды.

@1_vandraunichy Паказваю вуліцы сталіцы Эрытрэі - Асмары. Першы дзень у краіне :) #вандроўкі #путешествия #беларусь #беларускіцікток #африка #эритрея #вандраўніца #асмара #прыгоды #приключения #минск #брест ♬ African Music Instruments - Sound Therapy Revolution

А вось культурнай спадчыны ад амаль векавога валадарання Італіі засталося куды больш. Мадэрнісцкая забудова сталіцы Асмары ўнесеная ў Спіс спадчыны ЮНЕСКА. Выглядае сапраўды прыгожа, але вельмі занядбана. З нечаканых славутасцяў тут ёсць помнік Пушкіну — Эрытрэя разам з Эфіопіяй спаборнічаюць за права называцца радзімай продкаў рускага паэта.

У краіне няма інтэрнэту, так што ўсе свае тыктокі дзяўчына выкладала ўжо пасля вяртання дадому. Затое, калі вы хочаце паглядзець фільмы, у салоне вам за 1 еўра запампуюць на тэлефон адразу пяць стужак.

Чыгунка, якая намаляваная на эрытрэйскіх банкнотах, не дзейнічае, з грамадскага транспарту застаюцца толькі аўтобусы. 

Праўда, карыстацца грамадскім транспартам турыстам усё адно забаронена ўладамі Эрытрэі. Можна толькі арандаваць машыну адразу з кіроўцам.

На ўзбочынах уздоўж дарог са сталіцы застаюцца рэшкі падбітай вайсковай тэхнікі з часоў апошняга ўзброенага канфлікту. 

Яшчэ адзін прыгожы прыморскі горад Масаўа, былая сталіца італьянскай калоніі Эрытрэя, так і не ачуняў пасля вайны і сёння выглядае разбураным і практычна закінутым.

Тут можна пабачыць руіны палаца апошняга імператара Эфіопіі Хайле Селасіе, якога ў растафарыянстве лічаць адным з увасабленняў Бога на зямлі. Праўда, божы статус не збярог імператара ад рэвалюцыі і звяржэння.

@1_vandraunichy 2€ за ноч і вы будзеце слухаць вечарынку пад вашымі вокнамі да 5 ранку... #беларускіцікток #вандроўкі #путешествия #беларусь #вандраўніца #эритрея #хостел #африка #афрыка #красноеморе ♬ Прогулка - ДиДюЛя

У Эрытрэі Таццяна з мужам трапіла ў самы жудасны хостэл у сваім жыцці — у напаўразбураным будынку на адкрытай тэрасе, куды залятаюць галубы, а вечарынка пад вокнамі не сціхае да 5-й ранку. Затое ўсяго 2 еўра за ноч і з выглядам на Чырвонае мора.

І каву тут, па прызнанні самой дзяўчыны, робяць лепшую, чым у былой метраполіі, Італіі. Усё ж гэта яе радзіма. 

Таццяна тлумачыць сваім падпісчыкам, што мае мала практыкі ў беларускай мове, таму часцяком дапускае памылкі ў маўленні, але гэта не спыняе яе ў імкненні паказаць беларусам Афрыку па-беларуску.

Як спорт стаў магчымасцю атрымаць свабоду ў адной жорсткай дыктатуры з чыстымі вуліцамі

«Белага чалавека ўспрымаюць як мяшок з грашыма». Беларус едзе праз усю Афрыку на ровары і ўвесь час трапляе ў прыгоды

Краіна «акуна мататы» і творчых людзей. Як беларускі айцішнік працаваў у Танзаніі

Ф. Раўбіч