Усяго патроху11

Краіна «акуна мататы» і творчых людзей. Як беларускі айцішнік працаваў у Танзаніі

Нядаўна айцішнік Сяргей Гаваруноў расказваў пра свой досвед жыцця і працы ў Папуа — Новай Гвінеі. А пасля вяртання адтуль яму прапанавалі папрацаваць у іншай экзатычнай лакацыі — афрыканскай Танзаніі. І пра яе ён таксама расказаў выданню Devby.io.

На пляжы ў Дар

Спёка, яркія нацыянальныя ўборы і расслабленасць

Калі я толькі прыехаў у Дар-эс-Салам (самы вялікі горад Танзаніі), мне падалося, што я зноў у Папуа — Новай Гвінеі. Такая ж спякота, левабаковы рух.

Але пры гэтым на вуліцах больш людзей. Яны не грэбуюць працай: цягаюць какосы, робяць каву, кудысьці спяшаюцца. Там не чакаюць пры дарозе, пакуль белыя разаб'юцца на машынах, як у Папуа.

Перад пераездам я дапытваў працадаўцу пра Танзанію. Удакладняў бытавыя моманты, узровень крыміналу, лад жыцця людзей, забавы. І прыйшоў да прыемнай высновы, што там людзі жывуць інакш, чым у Папуа — Новай Гвінеі.

У Папуа жавалі папулярны бетэль (псіхаактыўны арэх), з-за гэтага людзі знаходзіліся ў іншым тонусе. У Танзаніі, здавалася, усе былі «чыстыя».

Калі ў Папуа — Новай Гвінеі мясцовае насельніцтва мае адметны пах, то ў Танзаніі людзі вельмі прыемна пахнуць, выкарыстоўваюць шмат парфумы. Жанчыны ходзяць у нацыянальных сукенках яркіх колераў, усе вельмі чыстыя. Офісныя работнікі ў касцюмах, нягледзячы на спякоту.

У Танзаніі людзі вельмі талерантныя, цярплівыя, спакойныя, неагрэсіўныя. Іх лозунг — «акуна матата», то-бок «няма праблем». Гэта пачуццё з часам усялілася і ў мяне, прыйшло іншае разуменне часу.

Вуліцы з тысячамі правадоў

Творчыя мясцовыя

У Танзаніі вельмі шмат матацыклаў Boda boda, трохколавыя транспартныя сродкі Tuk Tuk, працуе Bolt, ездзяць з тэлефонамі, у шлёпанцах і без шлема на матацыклах, але пасажыру шлем ветліва прапануюць. Быццам наогул не думаюць, што з імі можа нешта здарыцца (і, спадзяюся, не здарыцца).

На дарогах рух вельмі інтуітыўны і зразумелы, саступаюць дарогу, не сігналяць, мала агрэсіі, у той жа час ездзяць дынамічна і весела.

Але было набытае пачуцце недаверу да мясцовых: першы раз, калі я пайшоў на мясцовы пляж адзін. Было вельмі нязвыкла, бо я быў адзіны белы. Па звычцы паклаў руку ў шопер (раптам у мяне нешта там ёсць). Але ўсё абышлося, многім было цікава сфоткацца, ніхто і не спрабаваў дакучаць. Было адчуванне дома.

Найлепшая кавярня ў Занзібары

Многія танзанійцы — кантэнт-крыэйтары. Спяваюць, класна танцуюць, запісваюць ролікі ў TikTok і YouTube. Пацешна, што ў многіх падпісчыкаў пад 3-5 тысяч.

У чаканні парома

Праца: 6-дзённы працоўны тыдзень і добра арганізаваныя працэсы

Кампанія займалася тым жа, што і ў Папуа — Новай Гвінеі, — укараненнем GPS-маніторынгу.

У Папуа было шмат спантаннасці і хаосу, а ў Танзаніі ўсё наадварот. Шмат бюракратычных момантаў, іерархія, прапісаныя абавязкі, унутраныя follow-up'ы. Выкарыстоўваліся найлепшыя практыкі IT-кампаній, працавалі з тыкетамі і CRM-сістэмай.

У нашай кампаніі быў замежны інвестар. Я працаваў у аддзеле online experience, пасада «IoT Consultant» — адказваў за ўзаемасувязь з кліентамі, наладамі прадукту і паляпшэнне сэрвісу.

Працаваў з офіса, што было нязвыкла. Але нават лепш — шмат меў зносін з мясцовымі людзьмі. Наогул, у кампаніі была выдатная камунікацыя. Вайб не расслабляў, а мясцовая кава «кіфару» танізавала.

«Калі кліча прырода», набліжаюся да прайду. Mikumi National Park

80% нашых кліентаў — лагістыка (праз Танзанію адбываецца транзіт нафты), турыстычныя кампаніі (сафары-туры і туры на Кіліманджара), трохі машын у арэнду для экспатаў, а таксама пасажырскага транспарту.

Дарэчы, у Танзаніі працуюць па 6 дзён на тыдзень, працуюць у суботу да абеду. Я спачатку спрабаваў дамовіцца не працаваць у такім графіку, але ў выніку пагадзіўся.

Мае прадаўцы садавіны

Мае суседзі зараблялі 30 даляраў на месяц на сям'ю

У Танзаніі я жыў больш «з людзьмі» — у звычайным доме, шмат мясцовых, блізка да офіса. Танзанійцы ўставалі а 5-6 раніцы і пачыналі гучна падмятаць падлогу ці гатаваць ежу.

Але потым я пасябраваў з мясцовымі. Слухаеш гукі, разумееш, што жыццё ідзе і хочацца ўлівацца з самай раніцы — гэтага цяпер не хапае.

Танзанійцы вельмі бедныя, мае суседзі зараблялі 30 баксаў на месяц на сям'ю! Я спачатку не верыў! Малолі рыс і прадавалі, вар'яцкая праца. Цягалі лодкі з рыбай і плацілі ім 50 цэнтаў за гадзіну.

На Занзібары (востраў у Індыйскім акіяне, належыць Танзаніі) крыху па-іншаму, чым на кантыненце. Людзі занятыя, развозяць прадукты і прадаюць іх. Развітая сельская гаспадарка, купляў пастаянна ананасы і бананы. Ніхто не аблічвае, не спрабуе абрабаваць. Шок.

Вельмі шмат дабрачыннасці, шмат валанцёраў і місіянераў (немцы, бельгійцы), туды прыязджаюць інтэрны па абмене лячыць у мясцовы шпіталь. Для іх гэта цікавы вопыт для працы ва ўмовах, дзе няма сучаснага абсталявання.

Дзяўчынка на вуліцах Upanga

Калі хочаш жыць, як у Еўропе — плаці

Наконт цэнаў — я для сябе зразумеў, што ўсюды для свайго месца цэны адэкватныя, канкурэнтныя. А параўноўваць цану бутэлькі вады ў супермаркеце і самалёце — не тое, чым бы я хацеў займацца ўсё жыццё.

Каля акіяна жыллё каштуе па-рознаму. За кватэру з трыма спальнямі можаш аддаць ад 800 да грошы-не-пытанне даляраў. Гэта будзе жыллё з генератарам — у горадзе перыядычна выключаецца электрычнасць.

Жыць як мясцовыя танней, але жыццё будзе дэбільнае трохі: горача, без электрычнасці і з дрэннай вадой. Напрыклад, у мяне не было пральнай машыны. Але была прачка, якая часам псавала рэчы.

Звычайна белыя жывуць у адным раёне — Масакі, і літаральна не выходзяць адтуль. Максімум ездзяць на Занзібар і ў сафары-туры. Адпачываюць у гатэлях, барах і клубах — Bar in Dar па чацвяргах папулярнае месца, уладальнік-італьянец спявае пад жывую музыку. Можна сустрэць розных людзей: ад падарожнікаў да ўладальнікаў бізнэсаў.

Слонікі ў натуральных умовах. Mikumi National Park

Замест пасляслоўя

Я з'ехаў з Танзаніі пасля трох месяцаў. Мне прапаноўвалі застацца на пару гадоў пасля заключэння кантракту і атрымання ДНЖ. Узважыўшы ўсё за і супраць, я прыйшоў да высновы, што жыццё там не супадае з маімі мэтамі на дадзеным этапе. Я таксама стаміўся ад культурнага пустэльніцтва.

Па-мойму, у экзатычных краінах не хапае высокакваліфікаваных спецыялістаў. Калі там працаваць, то шанец, што цябе заўважаць і дадуць больш адказную пазіцыю, вельмі высокі.

Пасля Танзаніі я стаў больш упэўненым у сабе. Усвядоміў каштоўнасць простых рэчаў, да якіх не ва ўсіх ёсць доступ. Стабільнасць і абароненасць або іх адсутнасць не палохаюць зусім. Няма страху змяніць працу, калі яна не прыносіць задавальнення.

Зразумеў, што не прападу, апынуўшыся ў незнаёмым месцы. Хоць плаваць у возеры Вікторыя з кракадзіламі было дзіўнай задумай.

Каментары1

  • ?
    22.08.2023
    "У Танзаніі людзі вельмі талерантныя, цярплівыя, спакойныя, неагрэсіўныя."
    ён пра альбіносаў Танзаніі знае?

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб20

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб

Усе навіны →
Усе навіны

Гардон заявіў, што гістарычная сустрэча Трампа і Пуціна па Украіне сарвалася30

Ці трэба мыць цытрусавыя? Адказ здзівіць8

Ціханоўская пачне сваю віншавальную прамову за 12 хвілін да Новага года32

За «экстрэмізм» судзяць героя публікацыі «СБ» тыднёвай даўніны1

Аб'явілі «экстрэмісцкім» сайт «Першы»4

Асірацелі міратворчыя сілы казацкай гвардыі Беларусі — памёр псеўдагенерал Сяргей Новікаў7

Памёр Якуб Лапатка4

У сталіцы Абхазіі паставілі елку з мандарынаў ФОТАФАКТ3

«Пакуль няма прычын». «Белавія» не будзе праводзіць экстранныя праверкі на фоне авіякатастрофы ў Паўднёвай Карэі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб20

У Беларусі, як і ў мінулым годзе, на пераднавагоднія хвіліны адключылі ютуб

Галоўнае
Усе навіны →