Мінскі завод вінаў адказаў Расіі на «шмурдзяк» — пастаўкі віна ў РФ спыняюцца
Мінскі завод вінаградных він заявіў аб намеры спыніць пастаўкі віна ў Расію і пракаментаваў заяву прадстаўнікоў расійскага вінаробнага рынку адносна якасці сваёй прадукцыі, піша РБК.
11.07.2024 / 15:16
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
«Асноўны абʼём вінаробнай прадукцыі рэалізуецца на ўнутраным рынку Рэспублікі Беларусь. Пастаўка вінаў у адрас расійскіх дыстрыбутараў ажыццяўляецца ў тэставым рэжыме і ў малаважных абʼёмах, бо вытворчыя магутнасці прадпрыемства абмежаваныя. Акрамя таго, улічваючы мытныя пошліны пры ўвозе еўрапейскіх вінаматэрыялаў у Рэспубліку Беларусь і рост коштаў на іх, МЗВВ плануе спыніць вытворчасць вінаў на экспарт у Расійскую Федэрацыю», — заявілі ў МЗВВ.
Таксама ў кампаніі пракаментавалі заявы прадстаўнікоў расійскай вінаробнай галіны аб тым, што прадукцыя МЗВВ не мае права называцца віном.
У кампаніі адзначылі, што закуп вінаградных вінаматэрыялаў, балкавага віна з вінаробных рэгіёнаў і краін, а таксама іх транспарціроўка і разліў віна зʼяўляюцца звычайнай сусветнай практыкай вытворчасці вінаградных він. Аналагічную практыку з такой сыравіны ўжываюць на МЗВВ.
«МЗВВ строга выконвае патрабаванні заканадаўства аб інтэлектуальнай уласнасці ў тых выпадках, калі для маркіроўкі пастаўленай прадукцыі выкарыстоўваюцца зарэгістраваныя таварныя знакі. Права на іх выкарыстанне, знешні выгляд і органалептычныя характарыстыкі ўзгадняюцца з праваўладальнікамі. Уся прадукцыя МЗВВ вырабляецца згодна з дзеючым нарматыўным актам і адпавядае тэхнічным рэгламентам», — падкрэсліваецца ў паведамленні.
Як паведамляў «Коммерсант», расійскія алкагольныя дыстрыбутары атрымалі права ўвозіць у краіну віна ад МЗВВ. Пры гэтым назвы прадукцыі, якая завозіцца ў Расію, падобныя да найменняў вінаў, якія вырабляюцца на Захадзе.
Эксперты выказалі здагадку, што Мінскі завод можа выступаць лагістычным плячом паміж еўрапейскімі вытворцамі і расійскімі спажыўцамі він. Гэта звязана з тым, што завод, размешчаны ў Беларусі, «ніколі не славіўся» сваёй прадукцыяй.
Раней кіраўнік Асацыяцыі вінаградараў і вінаробаў Расіі Аляксей Плотнікаў заклікаў адзначаць віно, імпартаванае праз Беларусь, знакам «не зʼяўляецца віном». Паводле слоў Плотнікава, калі на МЗВВ разліваюць віно, якое імпартуецца з краін, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, то такія пастаўкі падрываюць дзяржаўную палітыку Расіі ў галіне вінаградарства і вінаробства.
Кіраўнік віннага дома «Абрау-Дзюрса» Барыс Цітоў заяўляў, што пастаўкі ў Расію прадукцыі МЗВВ — гэта аднаўленне канала збыту на айчынным рынку прадукцыі з імпартнага балка. «Таго самага вінаматэрыялу, які ва ўжытку атрымаў мянушку «шмурдзяк», — сказаў Цітоў.
Ці праўда, што віно беларускага разліву — шмурдзяк? «Ды што вы!» — кажа энолаг
Беларускія віны ў Расіі хочуць маркіраваць налепкамі «гэта не віно»
Спецпрадстаўнік Пуціна назваў беларускае віно шмурдзяком і абурыўся яго пастаўкамі ў Расію